Усе зоркi ў госцi

27.06.2007
"Звязда", 27 чэрвеня 2007 г.


Ала Пугачова на "Славянскi базар" не прыедзе, затое будзе Сафiя Ратару
Да адкрыцця ХVI Мiжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскi базар у Вiцебску" засталося крыху менш як два тыднi. Праца ў аргкамiтэце iдзе лiтаральна суткамi - старшыня дырэкцыi фэсту Радзiвон Бас з-за вялiкай занятасцi нават не змог прыехаць у Мiнск на прэс-канферэнцыю.
Як расказалi прадстаўнiкi Мiнiстэрства культуры Беларусi, пасля рэканструкцыi Вiцебскi амфiтэатр пераўтварыўся як вонкава, так i ў сэнсе тэхнiчнага абсталявання. Злева i справа ад сцэны замацаваны два святлодыёдныя экраны плошчай 20 квадратных метраў, а таксама новы гукавы пульт i акустычная сiстэма, якая дазваляе атрымлiваць больш якасны гук падчас канцэртаў.
Асобнае - пачэснае - месца ў аздабленнi аддадзена сiмвалу фестывалю, выяве валошкi. Наогул, практычна ўся сцэна будзе зiхацець i пералiвацца, так што тэлевiзiйная карцiнка павiнна атрымацца вельмi маляўнiчай. Дарэчы, Вiцебскi гарвыканкам i Белтэлерадыёкампанiя паклапацiлiся пра бяспеку гледачоў - усе шнуры i кабелi "схаваныя" ў спецыяльныя каналы, i нiхто за iх не зачэпiцца. 4 лiпеня галоўная фестывальная пляцоўка павiнна прайсцi канчатковую "прыёмку".
У канцэртнай зале Вiцебскай фiлармонii таксама важная навiна - тут набылi i ўсталявалi вялiзны арган, i зараз "гатовы праводзiць любыя канцэрты ў любых музычных стылях i жанрах".
У музея гiсторыi "Славянскага базару" - наваселле i падрыхтоўка новай экспазiцыi, якая, калi ўсё атрымаецца, адкрыецца якраз да 6 лiпеня.
"Фестываль паступова - i на гэты раз вельмi ўпэўнена - перарастае ў сусветны форум мастацтваў", - адзначыў першы намеснiк мiнiстра культуры Уладзiмiр Рылатка. Сапраўды, сёлета геаграфiя ўдзельнiкаў фестывалю зноў пашырылася - далёка за межы не толькi славянскiх, але i еўрапейскiх краiн. Напрыклад, сярод гасцей будуць калектывы з Аўстралii, Егiпта, Балiвii. Што да "зорных" iмёнаў, дакладна пацвердзiлi свой удзел Патрысiя Каас, Сафiя Ратару, Валерый Лявонцьеў, Ларыса Долiна, Барыс Маiсееў, Дана Iнтэрнэшнл, Верка Сярдзючка, Эдзiта П’еха i г. д. Вядуцца перамовы з Фiлiпам Кiркоравым. А вось Мiкалай Баскаў якраз у гэты час будзе заняты ў Iспанii, дзе ён запiсвае разам з Мантсерат Кабалье новы музычны матэрыял.
У конкурсе маладых выканаўцаў эстраднай песнi "Вiцебск-2007" выступяць 23 артысты з 20 краiн свету. "Журыць" канкурсантаў будуць суддзi з Балгарыi, Сербii, Лiтвы, Польшчы, Румынii, Украiны, Расii i Беларусi. Ад нашай краiны ў журы ўвойдзе заслужаны артыст Рэспублiкi Беларусь Аляксандр Цiхановiч, а старшынства аддадзена вядомаму расiйскаму кампазiтару Кiму Брэйтбургу. Дзiцячы музычны конкурс "Вiцебск-2007" крыху менш прадстаўнiчы - 22 чалавекi з 19 краiн свету, - але гэта не значыць, што беларусам Андрэю Кунцу i Крысцiне Святлiчнай давядзецца лягчэй, чым iх дарослым калегам Георгiю Калдуну i Ганне Благавай. Канкурэнцыя сёлета моцная, так што "дзiцячае" журы на чале з расiйскай спявачкай Анiтай Цой чакае складаная i адказная работа.
Адметнымi падзеямi "Славянскага базару ў Вiцебску", як заўжды, стануць Дзень Беларусi i Дзень Саюзнай дзяржавы. Наша краiна наладзiць мастацкую прэзентацыю 7 лiпеня. У гэты дзень адбудзецца гала-канцэрт майстроў мастацтваў Беларусi, названы па першаму радку са спектакля "Сымон-музыка" - "Ад роднае зямлi, ад гоману бароў...". Прысвечаны ён 125-годдзю класiкаў беларускай лiтаратуры Янкi Купалы i Якуба Коласа. Як расказаў журналiстам рэжысёр канцэрта Вячаслаў Панiн, тэматычна гала-канцэрт будзе падзелены на два блокi. Першы - музычна-тэатралiзаваная пастаноўка з удзелам артыстаў Купалаўскага тэатра, харэаграфiчнага ансамбля "Харошкi", ансамбля народнай музыкi "Бяседа", Беларускага дзяржаўнага ансамбля "Песняры", новастворанага ВIА "Верасы", дуэта "Аляксандра i Канстанцiн", гурта "Харлi". У другiм блоку будзе прадстаўлена "пакаленне NЕХT" - папулярныя маладзёжныя калектывы i выканаўцы, а таксама зусiм юныя артысты. Позна ноччу канцэрт працягне "блок Еўрабачання" - былыя, цяперашнiя i патэнцыяльныя ўдзельнiкi галоўнага еўрапейскага музычнага тэлеконкурсу збяруцца на адной сцэне.
З бюджэту Саюзнай дзяржавы сёлета, паводле слоў в.а. кiраўнiка прадстаўнiцтва Саюзнай дзяржавы ў Мiнску Анатоля Камiсарчука, фiнансуецца 9 розных беларуска-расiйскiх мерапрыемстваў, у тым лiку майстар-класы для таленавiтай моладзi, прэмiя ў галiне лiтаратуры i мастацтва, тэатральны тэлефестываль "Ажыўшая казка" i г.д. Але галоўнай падзеяй, безумоўна, застаецца "Славянскi базар у Вiцебску", на правядзенне якога, пачынаючы з 1998 года, было выдаткавана больш як 200 мiльёнаў расiйскiх рублёў. Сёлета гэтае фiнансаванне складае каля 25 мiльёнаў расiйскiх рублёў, а сама праграма Дня Саюзнай дзяржавы - 8 лiпеня - абяцае быць вельмi насычанай. Так, у гэты дзень прадстаўнiкi Пастаяннага камiтэта Саюзнай дзяржавы, дэпутаты Парламенцкага сходу Саюза Беларусi i Расii, ветэраны Вялiкай Айчыннай вайны разам ускладуць кветкi да Вечнага агню на плошчы Перамогi. Адбудзецца выстава дзiцячага малюнка "Разам весела крочыць", творчая сустрэча з саiскальнiкамi на прэмiю Саюзнай дзяржавы ў галiне лiтаратуры i мастацтва, а таксама святочная канцэртная праграма "Музыка для ўсiх", у якой задзейнiчаны лепшыя творчыя сiлы Беларусi i Расii.
Усяго ж у праграме "Славянскага базару ў Вiцебску" - больш за 100 тэатральных, кiнематаграфiчных, музычных, мастацкiх, выставачных i iншых мерапрыемстваў. Нават калi меркаваць толькi па сухiх лiчбах, маштаб форуму ўражвае: фестывальную сталiцу наведаюць сама меней 4000 чалавек з 32 краiн свету, а паколькi праграма яшчэ ўдакладняецца, то магчыма, што ў Беларусь прыбудуць прадстаўнiкi 40 краiн.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.