Усе адценні іміджа

22.03.2005
"Звязда", 22 сакавіка 2005 г.


Новага іміджа ад Анжэлікі Агурбаш, напэўна, чакалі менш за ўсе. А яна ўзяла ды прадэманстравала, што пойдзе на любыя змяненні, толькі б гэта дало свой плён у Кіеве на "Еўрабачанні". Яна гатова нават да таго, каб змяніць песню сусветнага ўзроўню, якой, на яе думку, з'яўляецца "Boys and Girls" на... песню яшчэ лепшую.
Забудзьцеся на тую, за якую вы галасавалі, і тым больш - калі не галасавалі: яна дакладна не паедзе ў Кіеў. Не павязе Анжэліка туды і чарговы хіт "Show me your love" ізраільскага аўгара Свіка Піка. Аднойчы яго песня перамагла, а аднойчы бадай што правалілася, якраз тады, калі ўпершыню на "Еўрабачанні" прадстаўляў Украіну Аляксандр Панамароў. Не, нам патрэбны стопрацэнтны вынік! У аўтараў, якія летась напісалі песню грэчаскаму спеваку Сакісу Рувасу, паказчык нашмат лепшы: тры разы іх песні нядрэнна праходзілі. На чацвёрты раз ім аказаны самы высокі гонар - удзельнічаць у "Еўрабачанні" разам з Беларуссю з песняй "Love me tonight". Гэта перакладаецца як "Кахай мяне ўначы".
Тэорыя і практыка ўдзелу ў гэтым конкурсе паказвае, што там не трэба сур'ёзных філасофскіх тэкстаў пра тое, што зямля круціцца, як летась спявалі прадстаўнікі Беларусі. Трэба быць прасцей. Беларускае журы пагадзілася з прапановай Анжэлікі змяніць песню. 3 трох прадастаўленых песень выбралі менавіта грэчаскую. Уявіце, шыкоўная беларуская прыгажуня праспявае на ўсю Еўропу "Кахай мяне...". Няўжо, вы думаеце, мала будзе тых, хто не захоча адрэагаваць на яе заклік?
Дзеля таго, каб жадаючых было як мага больш, Анжэліка Агурбаш змяніла імідж. Гэта здарылася падчас незабыўнага падарожжа ў Грэцыю, у рамках прома-тура, куды артыстка разам з мужам-прадзюсарам павезла яшчэ сваю ранейшую песню. Але грэчаскі прадзюсар падштурхнуў яе да думкі, што дзеля перамогі трэба шмат што мяняць у сабе. Напрыклад, колер валасоў. А то незразумела, як гэта спявачку са славянскай краіны будзе прадстаўляць брунетка. Да таго ж цёмныя валасы не так выйгрышна адцяняюць твар. Двойчы Анжэліку перафарбоўвалі, і нават без дазволу мужа. Ён перажыў, бо, стаўшы прадзюсарам жонкі, на сабе адчуў усе дзівацтвы шоу-бізнэсу.
Але ці тое яшчэ будзе? Наперадзе падбор касцюмаў. Тут таксама вырашылі падстрахавацца, замовіўшьг строі адразу тром дызайнерам - ізраільскаму, міланскаму і расійскаму. Касцюмы, натуральна, паводле самай апошняй моды "Еўрабачання", з сакрэтам, які таксама дазваляў бы стварыць шоу.
Што сабой будзе ўяўляць яе шоу, Анжэліка Агурбаш трымае ў сакрэце. "Гэта будзе непадобна ні на што і ні на каго!" - сцвярджае яна. Але сапраўды, трэба добра паламаць галаву, как прыдумаць што-небудзь арыгінальнае для самой артысткі і чатырох бэк-вакалістаў з адным танцорам, якіх яна плануе ўзяць на сцэну.
Але гэтым ёсць каму займацца. 3 падачы Філіпа Кіркорава з Анжэлікай цяпер супрацоўнічае грэчаскі прадзюсар Іліс Сакінакіс, які меў дачыненне да поспеху Сакіса Руваса. Цяпер гэты грэчаскі спявак накіраваўся ў Галівуд. А наша Анжэліка Агурбаш ні многа ні мала - на перамогу. Ды яна ўжо ў нечым перамагла. Хіба дрэнна займець тры песні на англійскай мове, запісаўшы іх у Лондане, у студыі "Abbey Road", дзе некалі пісаліся самі "Бітлы"? Жыць у той жа Вялікабрытаніі ў шыкоўных гатэлях, якія дазваляе сабе Мадонна, бо і нам жа трэба адпавядаць "зорнаму" ўзроўню. Праехаць з прома-акцыяй Украіну, Грэцыю, Польшчу, Ізраіль, каб паказаць сябе. Здымацца ў кліпах, фатаграфавацца, даваць інтэрв'ю. Траціць грошы, заробленыя ўсім прадпрыемствам мужа... I ўсё дзеля аднаго выступлення, паказанага на ўсю Еўропу? Наўрад ці дзеля аднаго...

Ларыса ЦІМОШЫК.