Урокі гісторыі для сусветнай супольнасці

23.10.2015
"Звязда"

Праект "Званы памяці" міжнароднага радыё "Беларусь", у якім распавядаецца аб трагедыі спаленых беларускіх вёсак, знайшоў шырокі водгук сярод замежнай аўдыторыі.

Водгукі ад слухачоў на "Званы памяці" пачалі паступаць адразу пасля выхаду ў эфір першых выпускаў праекта. Нагадаем, стартаваў ён на радыё "Беларусь" у красавіку 2015 года. Гучаў у міжнародным эфіры і ў інтэрнэце на сямі мовах - беларускай, рускай, англійскай, нямецкай, польскай, іспанскай і французскай. Адзін са слухачоў у Францыі Жан-Мары Манпло адзначае: "Мяне вельмі крануў рэпартаж пра Хатынь, гістарычнае месца ў Беларусі… Я цікаўлюся гісторыяй, асабліва ўсім, што звязана з Другой сусветнай вайной, але не ведаў пра існаванне такога месца ў вас. Я быў уражаны веліччу гэтага помніка. Трагедыя беларускай вёскі асабліва блізкая французам, бо ў нашай гісторыі таксама быў падобны эпізод. У 1944 годзе нацысты спалілі горад Арадур-сюр-Глан, зачыніўшы ў царкве больш за 100 чалавек". Таксама водгукі са словамі ўдзячнасці за гэты праект даслалі радыёслухачы з іншых краін - Абдэліна Бубшыр з Алжыра, Тэры Джонс з Вялікабрытаніі, Лютц Вінклер з Германіі, Ульмар Квік са Швецыі і многія іншыя.

Як адзначае галоўны дырэктар радыё "Беларусь" Навум Гальпяровіч, "праект "Званы памяці" ставіў задачу зберагчы для сённяшніх і будучых пакаленняў праўду аб мінулай вайне, аб тым, якую цану заплаціў беларускі народ. Гэта заклік да сусветнай супольнасці не забываць урокаў гісторыі і не дапусціць паўтарэння трагедый беларускай Хатыні, французскага Арадур-сюр-Глан, чэшскай Лідзіцэ, шанаваць памяць тых, хто загінуў".

Алена ДРАПКО.