Уражанні ад "Еўрафэсту": пасля бойкі кулакамі не махаюць?

16.02.2012
"Звязда", 16 лютага 2012 г.


Беларусь на конкурсе "Еўрабачанне-2012" прадставіць Алена Ланская.
Заслужаная артыстка Беларусі ў аўторак вечарам стала пераможцай нацыянальнага адбору. У напружанай барацьбе, поўнай эмоцый, дзяўчына ў выніку абышла "аксакалаў" беларускага адбору - спявачку Гюнеш і гурт Lіtesound.
Каб убачыць, наколькі розным можа быць успрыманне конкурсу, карэспандэнты "Звязды" Ілья ЛАПАТО і Вікторыя ЦЕЛЯШУК дамовіліся глядзець фінал паасобку: непасрэдна з залы і з экрана тэлевізара. Пасля абвяшчэння вынікаў журналісты абмеркавалі свае ўражанні.

Вікторыя: І толькі Lіtesound застаўся верны сабе - тыповы бойз-бэнд, моцны і абаяльны.
Ілья: Дарэчы, я ўжо думаў, што перамогуць яны. Драйв са сцэны так і пёр.

Вікторыя: А мне з тэлеэкрана гэты настрой чамусьці не перадаўся. Больш за тое, прызнаюся шчыра, ніводны з канкурсантаў не быў маім фаварытам. Безумоўна, усе яны выступілі дастаткова ярка для таго, каб не схапіцца за пульт і пераключыць на іншы канал, але разам з тым ніхто з артыстаў не прымусіў мяне і схапіцца за тэлефон, каб аддаць свой голас у падтрымку. І яшчэ адна дэталь: карцінку я, як тыповы тэлеглядач, магла толькі ўхваліць, а вось гук... Здавалася, што палова ўдзельнікаў спявае паўшэптам. Ці ў зале выступленні гучалі на ўсю моц?
Ілья: Калі стаіш побач са сцэнай, больш глядзіш, а не слухаеш. І ў некаторых месцах, як мне падалося, якраз карцінка і "кульгала". Бо ў той жа Вікторыі Алешкі пад канец нумара тры бэк-вакалісткі за яе спіной узялі і ўзляцелі, а на экране паказалі пераважна, як на фоне спявачкі боўтаюцца іх ногі - нават баюся свае асацыяцыі агучваць. Ля сцэны нумар, безумоўна, заварожваў. Што датычыць гучання, то ўжывую сапраўды большасць канкурсантаў гучала лепш.
Але як змяніліся іх нумары да фіналу! Шчыра, мне гэтыя пературбацыі зусім не спадабаліся. Юзары нейкі занадта агрэсіўны, Гюнеш - зусім не ўласцівы ёй вобраз, Lіtesound сталі нейкімі касмічнымі салдатамі, а Алешку ў сеціве ўжо ахарактарызавалі як чырвоную медузу з рогам. Што датычыць Вікторыі, то як па мне, да яе лірычнай песні куды больш падышло б афармленне тыпу Ліс Асіі, першай пераможцы конкурсу (чаму б не?). І толькі Ланская захавала вобраз "беласнежкі". Дарэчы, Ланская прызналася, што калі знойдзецца песня больш вартая, то на "Еўрабачанне" яна паедзе з ёй.

Вікторыя: Вось у гэтым пагаджуся цалкам - увогуле не зразумела, нашто было столькі цягнуць і пераносіць фінал "ЕўраФэсту", калі выніковыя нумары адрозніваліся ад паўфінальных версій хутчэй у горшы бок. У Алены Ланской хлопец на Месяцы быў сам па сабе, а спявачка - сама па сабе, гурт Lіtesound стаў падобным на выпускнікоў гуртка юнага тэхніка, Віка Алешка ператварылася з жанчыны-вамп у незразумелага персанажа "Алісы ў краіне цудаў"... І амаль ні ў каго не было гэткай эфектнай "кропкі" ў фінале, каб нумар дакладна запомніўся. Такой "кропкі" бракавала і пераможцы, таму рашэнне змяніць песню правільнае, толькі вось каб не атрымалася - шыла на мыла.
Як ты лічыш, замежжа, у сэнсе Філіп Кіркораў, дапаможа палепшыць становішча Беларусі на "Еўрабачанні"? Бо нешта з уласнымі сіламі ды нацыянальным каларытам у нас апошні час не заладзілася.
Ілья: Хай мяне і закідаюць памідорамі прыхільнікі конкурсу, але скажу: Кіркораў - проста Кіркораў. Ён, безумоўна, таленавіты спявак і кампазітар (калі меркаваць па музыцы, якую ён напісаў да славутай "Work your magіc"), але патранаж гэтага артыста таксама не заўсёды гарантыя поспеху - узгадаем Анжаліку Агурбаш. Кіркораў "варыцца" ў гэтым катле ўжо другі дзясятак гадоў, таму яго меркаванне сапраўды можа даць плён. Прынамсі, як заявіў учора на прэс-канферэнцыі куратар "ЕўраФэсту" Дзмітрый Баранаў, ніякіх канкрэтных перамоў з Кіркоравым яшчэ не вялі. Сам жа Кіркораў адрэагаваў больш дэталёва: калі БТ запросіць, ён з радасцю пагодзіцца. У беларусаў час да 20 сакавіка, калі ў ЕВС трэба заявіць канчатковы варыянт песні. Але паўтаруся, беларусам трэба глыбей шукаць светлыя галовы ў сябе. Кіркораў - не панацэя.

Вікторыя: І яшчэ адна дэталь, якая ўсплывае штогод. Калі нават я, ведаючы з англійскай пяць-шэсць слоў, чую і разбіраю ў песнях канкурсантаў кожнае старанна прамоўленае слоўца - гэта выдатна. Выдатна для аўдыёўрокаў "англійская для пачаткоўцаў", але не для міжнароднага конкурсу і не для песні, якая прэтэндуе на тое, каб стаць еўрапейскім хітом.
Ілья: Тут згодны. Усё ж канкурсанты павінны вызначыцца, чым будзе браць іх нумар: танцамі і энергетыкай, словамі і атмасферай ці ў асноўным карцінкай, як было летась у Мікі Ньютан. Хочацца, вядома, "браць" усім вышэйзгаданым, але якраз мова тады і пакутуе. На прэс-канферэнцыі напярэдадні фіналу да журналістаў выйшлі не ўсе, толькі Алешка, Ланская і Lіtesound. Замежная прэса сыпала пытаннямі па-англійску. Алена і Віка трохі сумеліся і папрасілі дапамогі перакладчыка, затое Lіtesound былі, як рыба ў вадзе. Гэта іх самаўпэўненасць нават трошкі бянтэжыла. Але (было заўважна) ім падабалася, што хоць у англійскай ніхто з канкурсантаў іх не пераплюне.

Вікторыя: Падсумоўваючы ўражанні ад фіналу "ЕўраФэсту", скажу: для мяне ў шоу было крыху зашмат вядучых (мы выбіралі пасла на еўрасцэну або ацэньвалі новы гардэроб Лейлы?), зашмат яркіх гасцей і недастаткова саміх удзельнікаў. Да моманту абвяшчэння вынікаў было абсалютна незразумела, як ідзе глядацкае галасаванне - не дзіўна, што міжволі верыш у чуткі наконт уключэння адміністрацыйнага рэсурсу за канкрэтных артыстаў, нават калі ў рэальнасці яны спаборнічаюць на роўных.
Непрыемна ўразіла, што беларускай мовай за ўвесь канцэрт скарысталіся толькі двое: даўно ўжо, лічы, замежнік Саша Рыбак з перакладам песні "Небасхіл Еўропы" і міністр культуры Павел Латушка.
Што да непасрэдна канкурсантаў, то ім, незалежна ад абраных песень і вобразаў, відавочна не хапала той энергетыкі, магнетызму, аўры, як заўгодна назавіце гэту ўласцівасць, з-за якой верыш у артыста, суперажываеш яму, разам з ім плачаш або ўсміхаешся. Усе "нашы" адназначна стараліся - нават празмерна стараліся, як школьнікі на выпускной лінейцы. А вось выйшаў крыху расхлябаны Саша Рыбак з заўсёднай сваёй разгубленай усмешкай і ў прасцецкіх джынсах, пратупала па сцэне са сваім "дзікім" балетам няўрымслівая Руслана - і ўсё, няма пытанняў, чаму гэтыя артысты заваявалі і "Еўрабачанне", і сэрцы мільёнаў.
Нам у іх яшчэ вучыцца і вучыцца. Прычым не толькі паводзінам на сцэне і па-за ёй, але і ўменню раскручваць і прадаваць сваіх артыстаў, і - бадай, самае галоўнае - трапляць у сапраўды модныя плыні сучаснай музыкі, а не капіраваць тое, што было папулярна ў Еўропе 2, 3 ці 5 гадоў таму...
Як бы там ні было, пасля бойкі махаць кулакамі - справа дурная, і я не маю ніякага права асуджаць Гюнеш ці Lіtesound за пасляконкурсны дэмарш або навешваць ярлыкі на іншых выступоўцаў. Шчыра жадаю сёлетняй прадстаўніцы Беларусі на "Еўрабачанні" Алене Ланской удачы і поспеху. Хочацца верыць у яе перамогу. Нават атрымліваецца. У глыбіні душы. Дзесьці вельмі глыбока...

Ілья: Лейла - прыгажунька, варта, каб яна вяла штосьці яшчэ. Мне мала толькі "Еўрабачання" (сарамліва чырванею). Усё ж вядучыя ў нас - не сорамна і самім на іх паглядзець, і замежнікам паказаць. Толькі вось калі ўжо рабіць шоу з прэтэнзіяй на міні-Еўрабачанне, варта было б рабіць яго на дзвюх мовах: міжнароднай - англійскай і на роднай - беларускай... Але не будзем пра набалелае.
Не паверыш, але на выступленні Русланы я сапраўды забыўся, дзе я - такая энергетыка ішла са сцэны! А як гэта адчуваецца ў зале!! Руслана, Рыбак - вось дзе харызма. Проста шчырасць - банальна, але сапраўды, як сказала Ліз Асія, першая пераможца "Еўра" - публіку не падманеш. Усё ж сёлетні адкрыты адбор заўважна быў больш даспадобы публіцы, чым леташні закрыты. Паглядзім, як у нас атрымаецца на конкурсе сёлета. Дзіма Калдун прызнаўся журналістам, што вельмі хоча, каб яго вынік быў пабіты, тады ў яго з'явіцца стымул выступіць на "Еўрабачанні" яшчэ раз.
А што датычыць рэакцыі артыстаў пасля абвяшчэння вынікаў "ЕўраФэсту", то гэта сведчыць толькі пра тое, што ў Беларусі шоу-бізнэс усё ж ёсць. І час ад часу трэба быць гатовым да таго, што ён пакажа свае зубы.

Вікторыя: Галоўнае, каб у маі, калі свае трыццаць два нам прадэманструе "Еўрабачанне", беларусы змаглі не толькі ўсміхнуцца ў адказ, але і сябе нарэшце паказаць. З лепшага боку.
Ілья: Амін.