Упершыню "Тэлевяршыню" ўручаць гледачы

21.03.2008
"Звязда", 21 марта 2008 г.


24 сакавіка ў Мiнску адбудзецца ўрачыстыя цырымонiя ўзнагароджання пераможцаў чацвёртага Нацыянальнага тэлевiзiйнага конкурсу "Тэлевяршыня". Лiтаральна праз некалькi гадзiн, у так званым "хакейным" варыянце, гэту цырымонiю пакажа канал АНТ, якi сёлета ў парадку чаргi выступае арганiзатарам i забяспечвае трансляцыю. А пакуль да раздачы беларускага аналага "Тэфi" засталося некалькi дзён, папярэднiя вынiкi работы прафесiйнага журы i падыходу самiх канкурсантаў падводзiлi ў Доме прэсы арганiзатары - прадстаўнiкi Мiнiстэрства iнфармацыi, Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампанii, АНТ, СТБ, Акадэмii мастацтваў.
Як i ў папярэднiя гады, асноўны прынцып конкурсу застаўся нязменным: прэмii будуць уручацца ў групе "тэлевiзiйныя праекты" (12 намiнацый) i тэлевiзiйныя персаналii" (8 намiнацый). А вось колькасць заявак сёлета склала толькi 191, з iх 106 работ даслалi рэгiянальныя тэлеканалы. Для параўнання: на самую першую "Тэлевяршыню" прэтэндавалi 200 работ, у 2006 годзе - 245, летась - 250. Але гэтыя лiчбы, на думку намеснiка мiнiстра iнфармацыi Аляксандра Слабадчука, хоць i гаворачыя, ды ўсё ж не абсалютныя: "Спачатку журы насцярожылася з-за гэтага спаду, палiчыўшы, што падае прэстыж мерапрыемства, але пры больш пiльным разглядзе заявак мы зразумелi, што якасць прадстаўленых работ значна вышэйшая ў параўнаннi з мiнулымi гадамi".
Са станоўчых момантаў сёлетняга конкурсу члены адборачнай камiсii адзначылi высокую актыўнасць рэгiянальных тэлеканалаў - прадстаўлены работы ўсiх абласных тэлерадыёаб'яднанняў, таксама даслалi заяўкi Лiда, Лепель, Мазыр, Смаргонь, Жлобiн i г.д. Пахвалiлi развiццё ранiшнiх тэлепраграм, якiя сталi больш дынамiчнымi, насычанымi i лёгкiмi для ўспрымання. Разам з тым прафесiяналы заўважылi i пэўныя хiбы: малую колькасць самiх конкурсных намiнацый, жанравую нявызначанасць дасланых работ, няхватку аналiтычных i культурна-асветнiцкiх праектаў, вылучэнне на прэмiю некалькi гадоў запар адной i той жа праграмы... Гэта значыць, i ўдзельнiкам, i арганiзатарам ёсць над чым працаваць. Напрыклад, вырашыць нарэшце пытанне з узнагародамi "Тэлевяршынi". Хоць сёлета многiя прадпрыемствы i банкi былi не супраць выступiць спонсарамi цырымонii, але, на жаль, спрацаваў бюракратычны механiзм: у палажэннi конкурсу няма нi слова пра грашовыя ўзнагароды, таму пераможцам давядзецца задаволiцца толькi прызавой статуэткай i дыпломамi за 1-е, 2-е, 3-е месцы. Зрэшты, на працягу года "правiлы гульнi" заснавальнiкi збiраюцца перагледзець - магчыма, стварыць Акадэмiю тэлебачання цi дырэкцыю конкурсу, якая будзе пастаянна дзейнiчаць i займацца ў тым лiку фiнансавымi пытаннямi.
Увогуле, на думку Аляксандра Слабадчука, з дзяржаўных пазiцый "Тэлевяршыня" будзе па-сапраўднаму ўзятая тады, калi гран-пры "Лепшы праект года" возьме рэгiянальны прадукт. Значыць, асноўная мэта конкурсу - садзейнiчаць развiццю тэлебачання i павышаць яго мастацкi i прафесiйны ўзровень - будзе дасягнутая. 
- Цi разглядаўся сёлета хоць адзiн рэгiянальны праект у якасцi прэтэндэнта на гран-пры? - задалi мы пытанне намеснiку мiнiстра iнфармацыi. 
- Вядома ж. Патэнцыял рэгiянальных тэлевiзiйнiкаў вельмi высокi. Магчыма, што хаваць, iм бракуе тэхнiчных магчымасцяў, але ўжо цяпер яны годна канкурыруюць з вядучымi, рэспублiканскiмi тэлеканаламi.
Усiх прэтэндэнтаў на сёлетнюю "Тэлевяршыню", хто прайшоў адбор журы - 75. Намiнацый, нагадаем, 20. Дадаткова будуць уручаныя ўзнагароды ў дзвюх спецнамiнацыях: "За вернасць тэме" i "Прыз глядацкiх сiмпатый" (лепшы вядучы шоў, якога вызначаюць самi тэлегледачы). Што да самой цырымонii "Тэлевяршынi-2008", то, паводле слоў першага намеснiка старшынi праўлення ЗАТ "АНТ" Ягора Хрусталёва, яна стане самай кароткай з усiх: "Мы пастараемся зрабiць усё максiмальна дынамiчна, цiкава i да апошняга захаваць iнтрыгу, атмасферу таямнiчасцi".
 
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.