Улад Татур: "Маці не любіць, калі трапляю ў інфармацыйныя пераплёты"

28.08.2015 "Звязда"

Улада Татура, спартыўнага каментатара канала "Беларусь 5", я ўпершыню ўбачыў два гады таму. Тады ў Белтэлерадыёкампаніі праходзіў фінал конкурсу каментатараў. Хлопец даволі жвава каментаваў прапанаваны яму "кавалак" футбольнага матча, а пасля ўпершыню адказваў на пытанні журналістаў. Пройдзе паўтара года - і спартыўныя інтэрнэт-рэсурсы пачнуць разбіраць яго эфіры на цытаты, называць "першым беларускім спартыўным каментатарам новага пакалення". Мы сустрэліся з Уладам і гадзіну прагаварылі пра родны для яго Салігорск, канкурэнцыю ў футбольным чэмпіянаце Беларусі і нядаўнюю пікіроўку з кіраўніцтвам жодзінскай каманды "Тарпеда-БелАЗ".

- Бягучае лета для цябе стала, напэўна, самым іміджавым. Пра цябе шмат пісалі, абмяркоўвалі. Асабліва пасля матча паміж "Тарпеда" і албанскім "Кукесі" ў Лізе Еўропы, калі ты раскрытыкаваў гульню беларускай каманды.

- Кажуць, што чорны піяр - гэта таксама піяр. Не скажу, што я не хачу, каб пра мяне пісалі, але да ўсяго падобнага стаўлюся даволі спакойна, асаблівай папулярнасці, празмернай увагі да сваёй асобы не адчуваю. Што тычыцца гульні з удзелам каманды з Жодзіна, я не думаў, што яна стане такой рэзананснай. Наогул лічу, што гісторыя раздзьмутая. Гэта быў абсалютна звычайны эфір, які нічым не адрозніваўся ад астатніх. Магчыма, я крыху перагнуў, аднак казаў аб тым, што сапраўды адбывалася на полі. І рэакцыя кіраўніцтва "Тарпеда-БеЛАЗ", на мой погляд, была няправільнай.

- Падчас гэтай пікіроўкі нехта нават засумняваўся ў наяўнасці ў цябе дыплома аб вышэйшай адукацыі.

- Сёлета я закончыў вочнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта па спецыяльнасці "міжнародныя інвестыцыі". Вучыўся, насамрэч, нядрэнна. Пераздач у мяне ніколі не было. Узяў ад універсітэта тое, што і хацеў: адкрыў для сябе выдатных людзей і валоданне замежнымі мовамі. Два гады я сумяшчаў вучобу з працай. Момантамі было складана. Калі ў сталіцы адбываўся чэмпіянат свету па хакеі, у мяне ўзнікала жаданне ўстанавіць на "Мінск-Арэне" раскладушку. Але ва ўніверсітэце да маёй працы ставіліся з паразуменнем.

- А калі зацікавіўся футболам?

- У 1999 годзе бацька набыў мне мяч, а неўзабаве я схадзіў на хатні матч салігорскага "Шахцёра". Тады на стадыёне "Будаўнік" не было казырка, стаялі звычайныя лаўкі. Пры гэтым людзей на футбол прыходзіла шмат. Больш за 4 тысячы чалавек на футболе было дакладна. Гэта заўважалі ўсе. Я прысутнічаў літаральна на ўсіх хатніх матчах і прапусціў толькі сустрэчу з мінскай "Зоркай-БДУ", у якой "Шахцёр" перамог з лікам 9:1, дасягнуў сваёй самай буйной вікторыі ў Вышэйшай лізе. Я лічу, што "Шахцёр" узору 2004 і 2005-х гадоў - гэта адзін з найлепшых калектываў у суверэннай гісторыі нашага футбола. Каманда амаль не прапускала, заваявала Кубак Беларусі, стала чэмпіёнам краіны. У атацы тады гулялі Сяргей Нікіфарэнка і Аляксандр Кліменка. Апошняга я наогул лічу самым лепшым нападаючым у тагачасным беларускім футболе. Ён валодаў цудоўным гульнявым стылем. Паралельна па часопісе для налепак, прысвечаным чэмпіянату Італіі, я засвойваў сусветны футбол. Часопіс з’явіўся ў мяне запозна, налепкі для яго ўжо не прадаваліся, але ў ім прысутнічала інфармацыя пра выдатных футбалістаў, можна было лёгка ўзбагаціць свае веды. Чытаў кнігі, глядзеў матчы чэмпіянату Еўропы-2000. З гэтага ўсё пачыналася…

- Восень 2013 года, напэўна, кардынальна змяніла тваё жыццё. Тады адбыўся фінал конкурсу каментатараў Белтэлерадыёкампаніі. Мне нават здалося, што ты асабліва не хваляваўся.

- Я б так не сказаў. І глядзець тыя запісы я б зараз нават не адважыўся. Шчыра кажучы, тады мне здавалася, што былі заяўкі, мацнейшыя за маю.

- Рашэнне паўдзельнічаць прыняў вокамгненна?

- Так, пра конкурс даведаўся ад сябра. Для яго трэба было зрабіць запіс і адаслаць у Мінск. З гэтым мне дапамог Кірыл Паўловіч, фатограф салігорскага "Шахцёра", які можа зрабіць з фота і відэа літаральна ўсё. Ён тады працаваў на салігорскім тэлебачанні, дзе я здолеў запісаць гук у нармальнай студыі, накласці на відэа. Атрымалася даволі добра.

- А адкуль у цябе прага да каментавання?

- Я абмяркоўваў футбол заўжды і ў любой кампаніі. Гэтым, магчыма, нават надакучваў людзям, але амаль усе мае сябры спорт любяць. Дарэчы, агучваў у сяброўскім коле не сапраўдны футбол, а нашы матчы на гульнявой прыстаўцы Play Statіon. Цяпер у яе гуляем радзей, але можам спакойна зладзіць 10-гадзінны марафон гульні. Ствараем паміж сабой паўнацэнныя турніры і спаборнічаем.

- Свой першы матч памятаеш добра?

- Так, разам з Аляксандрам Цвячкоўскім каментаваў паядынак англійскай Прэм’ер-лігі. Ён быў жудасным - і з пункту гледжання майго каментавання, і з-за таго, што адбывалася на полі. Пры гэтым з Цвячкоўскім працуецца добра. Ён дае магчымасць выказацца, не перарывае, у пэўны момант можа падтрымаць. Першы самастойны матч я правёў вясной 2014 года, і тады зразумеў, што гэта ў тысячу разоў складаней, чым працаваць у пары. Ты цалкам павінен запаўняць эфір, без перапынку. Па адчуваннях мне здалося, што з рэпартажам тады справіўся.

- Як, дарэчы, рыхтуешся да эфіраў?

- На матчах чэмпіянату Англіі магу працаваць амаль без падрыхтоўкі. Але я ўсё роўна заходжу на афіцыйны сайт чэмпіянату, пампую 55 старонак з англамоўным тэкстам і чытаю іх перад матчам. Рэч даволі карысная, і калі ты перад гульнёй адкрыў гэты сайт, папрацаваў з ім, больш табе для трансляцыі нічога не трэба. Вельмі важна падчас рэпартажа мець пад рукой інтэрнэт. Дзеля гэтага прыношу з сабой ноўтбук, а падчас трансляцыі аператыўна адсочваю цікавую і карысную статыстыку.

- Самыя яскравыя свае памылкі прыгадаеш?

- А такіх, на шчасце, не было. Большасць маіх памылак звязана з мовай. Паўторы слоў, напрыклад. Каб гэтага не здаралася, трэба больш чытаць мастацкай літаратуры. Гэта відавочна. Футбольная лексіка даволі вузкая, трэба выкарыстоўваць разнастайную мову. У літаратуры даволі шмат абаротаў, якія можна скарыстаць у працы.

- Што за два гады працы на тэлебачанні цябе найбольш уразіла?

- Тое, што многія проста недаацэньваюць працу каментатара, думаюць, што гэта вельмі лёгка. Аднойчы для інтэрнэт-трансляцыі ў Салігорску, каб было цікавей, запрасіў у эфір свайго сябра. Шчыра кажучы, ён быў крыху шакіраваны, адчуваў вялікія цяжкасці.

- Уладзімір Навіцкі ў інтэрв’ю расказваў мне, што падчас трансляцыі з Іспаніі ён сядзеў сярод мясцовых гледачоў, і яны спрабавалі частаваць яго віном. А што забаўнае адбывалася з табой падчас эфіраў?

- Я наогул не люблю працаваць у падобных умовах. На многіх беларускіх стадыёнах няма абсталяваных каментатарскіх пазіцый, і яны знаходзяцца проста сярод балельшчыкаў. Калі працаваў у Наваполацку, адчуваў нешта падобнае. Тады мясцовы "Нафтан" гуляў з БАТЭ. У трох кроках ад мяне сядзелі заўзятары БАТЭ, з іншага боку - прадстаўнікі мясцовай каманды, а ззаду - мясцовыя балельшчыкі, якія пастаянна лезлі ў мой тэлевізар падглядзець спрэчныя моманты. Сканцэнтравацца было вельмі складана. Многія рэчы проста скоўвалі. За магчымасць адасобіцца ў каментатарскай кабіне я люблю "Барысаў-Арэну". Умовы для вядзення трансляцыі мне падабаюцца ў Гомелі. І мне хочацца, каб там часцей гуляла наша зборная. Нядрэннае месцазнаходжанне каментатарскай кабіны ў Жодзіне, хаця агляду замінаюць металічныя перагародкі на вокнах.

- Ты, калі не памыляюся, ужо паспеў папрацаваць у эфіры разам з запрошанымі экспертамі…

- Так, разам з былым варатаром зборнай Беларусі Васілём Хамутоўскім. І я ўсцешаны, што ён з’явіўся на нашым тэлебачанні. Падчас эфіраў на яго прыемна паглядзець, яму заўжды ёсць пра што сказаць. Васіль ахвотна ідзе насустрач. Мы часта робім трансляцыі, у якіх гутарым з футбалістамі на камеру ў перапынку, пасля гульні. І мне часам здаецца, Васіль адчувае твае праблемы, сам спускаецца да цябе з трыбуны, каб дапамагчы. Чалавек абсалютна адкрыты, аднак ім не трэба злоўжываць. Варта, каб былі і іншыя эксперты з ліку спартсменаў, але іх замала. І гэта праблема.

- Усё часцей у футбольных праграмах з’яўляюцца прыгожыя дзяўчаты, якія ў спорце не заўсёды разбіраюцца, але для карцінкі проста выдатныя.

- Стаўлюся да гэтага без захаплення. Прыемна, калі на экране з’яўляюцца дзяўчаты, аднак іх павінна хапаць у звычайным жыцці. Калі яна не разбіраецца ў дысцыпліне, які з яе толк? Падобнае дэвальвуе прафесію. Знайсці ў адной асобе і прыгажуню, і добрага спецыяліста складана, але магчыма. Дык давайце шукаць такіх і не дапускаць у эфір тых, хто не валодае тэмай.

- Ты задаволены бягучым футбольным сезонам?

- Не. Многае вырашае эфект прысутнасці. Калі ты прысутнічаеш на трыбуне, глядзіш на футбол, усё здаецца нармальным. Але калі чэмпіянат адсочваць паводле статыстыкі, праз інтэрнэт, гэта вельмі нецікава. У нас замала інфармацыйных нагод. І гісторыя з матчам жодзінскага "Тарпеда" стала так абмяркоўвацца толькі таму, што ў нашым футболе не хапае падзей, зрухаў.

- Ты не прыхільнік погляду, што свой футбол трэба любіць толькі таму, што ён свой?

- Яго трэба любіць, але гэтым справа не павінна абмяжоўвацца. Футбол трэба рабіць лепшым, чым ён ёсць. А як гэта зрабіць, я не ведаю. І мне здаецца, ніхто не ведае. Колькі не здымай прома-ролікі, не стварай акаўнты ў "Твітары", ён усё роўна нецікавы. Людзі не ідуць на футбол. Для Салігорска, дзе я часта бываю, паўтары тысячы гледачоў на трыбунах - гэта мяжа.

- БАТЭ з 2006 года першае месца не пакідае, а "Дынама" і "Шахцёр" дзеляць паміж сабой бронзавыя і сярэбраныя медалі. Падобная нязменнасць у барацьбе за ўзнагароды сум не выклікае?

- Сумна, безумоўна. Хочацца ўбачыць новага чэмпіёна. І не таму, што я не люблю БАТЭ, а таму, што гэта было б цікава. У той жа час я разумею, што, акрамя барысаўчан, у Лігу чэмпіёнаў ніхто не праб’ецца. Але трэба ўсвядоміць, што калі мы хочам чагосьці новага, то павінны будзем адмовіцца ад Лігі чэмпіёнаў.

- У вольны час стараешся адасобіцца ад спорту?

- Калі прыязджаю дадому, з сябрамі пра футбол нават не размаўляю. Але трэба толькі зайсці ў інтэрнэт, як зноў вяртаюся да яго. Праўда, цікаўлюся не толькі футболам. Магу паглядзець хакей, біятлон. Задаволены, што пазнаёміўся з гандболам. А гэта від спорту, які мае ў нашай краіне традыцыі, даволі канкурэнтаздольную зборную. Наогул, калі ў мяне з’явіцца магчымасць наведаць якое-небудзь цікавае спартыўнае мерапрыемства, я туды пайду. І гэта звязана не толькі з маімі захапленнямі. На стадыён трэба хадзіць у тым ліку дзеля таго, каб змяніць дэкарацыі.

- А як сваякі ставяцца да тваёй публічнасці?

- Мая маці не вельмі любіць, калі пра мяне шмат пішуць. І яна не задаволена тым, калі я трапляю ў інфармацыйныя пераплёты.

- А ты чытаеш, што пра цябе пішуць у сеціве?

- Не чытаю і адказваць нядобразычліўцам не хачу. Людзей, якія пішуць лухту, я не паважаю. Трэба заўжды адрозніваць крытыку ад абразы.

- На інтэрв’ю ты прыйшоў у майцы вядомага брытанскага гурта Depeche Mode. Гэта твае музычныя інтарэсы?

- Слухаю, але калекцыі альбомаў не маю і іх сайт не наведваю. Аднак музыка гэтага гурта мне падабаецца здаўна. Іх кампазіцыі заўжды ў маім плэй-лісце. А майку набыў падчас канцэрта ў Мінску.

- Улад, для тых, хто яшчэ з табой не знаёмы, скажы, на якім канале цябе можна ўбачыць і пачуць у гэтым тэлесезоне?

- На матчах англійскай Прэм’ер-лігі на тэлеканале "Беларусь 5". Гэта адзін з лепшых футбольных чэмпіянатаў Еўропы. Такі футбол сапраўды варты ўвагі. Гэта прыклад таго, да чаго мы павінны імкнуцца. Безумоўна, буду працаваць на паядынках Лігі чэмпіёнаў, матчах чэмпіянату Беларусі. У невялічкім аб’ёме ахаплю гандбол (між іншым, таксама відовішчны спорт). Асабліва калі трансляцыі вядуцца з Брэста, дзе гуляе чэмпіён Беларусі "БГК імя Мяшкова". Там цудоўная арэна, выдатная каманда. Усё, што там робіцца, - астравок шчасця ў нашым спорце. Калі жывяце ў Брэсце, хадзіце на гандбол абавязкова!

Тарас ШЧЫРЫ.