У Турцыю паедуць Аляксандра, Канстанцiн i “Галiлей”

03.02.2004
"Звязда", 3 лютага 2004 года.


...Гэта адбылося. Пасля доўгай падрыхтоўкi, пасля шырокамаштабнай агiткампанii “Выберы першага з Першым нацыянальным”, пасля скептычных дыскусiй на музычныя тэмы - удзельнiк ад Беларусi на мiжнародны конкурс песнi “Еўрабачанне”, якi пройдзе ў маi ў Турцыi, нарэшце, вызначаны. Гэта пачэснае права атрымаў барысаўскi дуэт “Аляксандра i Канстанцiн”, якi прадставiў на адборачным этапе англамоўную песню “Мой Галiлей”. Другое месца - i, адпаведна, статус дублёра - атрымала па вынiках глядацкага галасавання Наталля Падольская з кампазiцыяй “Unstoppable”.

Але давайце пра ўсё па парадку. 31 студзеня адначасова ў эфiры БТ i радыёстанцыi “Радыус-FM” пачалi гучаць (блокамi па 5 песень) фiнальныя кампазiцыi. З iх, мушу заўважыць, нiводная не змяшчала беларускамоўных фрагментаў; рускамоўныя кавалачкi прадставiлi Максiм Сапацькоў, Наталля Тамела i Аляксандр Саладуха. Нечакана тэлекампанiя абвясцiла крыху змененыя правiлы галасавання: з аднаго тэлефона прымаўся не 1, як было абвешчана раней, а 3 бясплатныя званкi (зрэшты, мяркуючы па водгуках, значная частка жадаючых так i не змагла “прабiць васьмёрку” для таго, каб прагаласаваць). Самае крыўднае, што выканаўцы з групамi падтрымкi, журы i журналiсты ў гэты час знаходзiлiся ў студыi i нi самi прагаласаваць не маглi, нi пра ход галасавання да канца ток-шоу нiчога не ведалi. Прызнаюся: седзячы на галёрцы, мы адбiлi сабе ўсе далонi, падтрымлiваючы кожнага безумоўна годнага i ў нечым сiмпатычнага ўдзельнiка, аднак, натуральна, з’явiлiся свае сiмпатыi i антыпатыi. Так што калi старшыня падлiковай камiсii юрыст Белтэлерадыёкампанii Дзiна Шаўцова абвясцiла пераможцаў, у студыi быў самы сапраўдны выбух эмоцый - канкурсанты выстраiлiся ланцужком, каб пацалаваць i павiншаваць Аляксандру Кiрсанаву, члены журы чамусьцi вiншавалi адзiн аднаго, прэса i балельшчыкi дружна
апладзiравалi.

- Я перажывала за ўсiх без выключэння, - прызналася адразу пасля эфiру Аляксандра. - Хтосьцi, канешне, спадабаўся больш, хтосьцi менш, аднак узровень гэтай пятнаццаткi быў насамрэч вельмi моцны, бо фiналiстаў адбiралi спачатку з 200, потым з 59.

- Як вы лiчыце, правiльным было рашэнне даверыць выбар выканаўцы простым слухачам, цi лепш было б, як у Расii, даручыць гэту справу прафесiянальнаму журы?

- Ну, там, у Еўропе, у рэшце рэшт таксама будзе выбiраць народ, так што правядзенне менавiта народнага галасавання зараз - магчыма, i да лепшага...

Што датычыцца ўласнай перамогi, дык пасля дзвюх гадзiн напружанага чакання спявачка адразу не магла ў гэта паверыць: “Я i зараз яшчэ ў шоку, што выбралi мяне... У галаве ўсё трошкi перамяшалася, i, напэўна, я не ў стане адэкватна адказваць зараз на пытаннi”. Словам, без некалькiх хвiлiн апоўначы барысаўчан вырашылi пакiнуць сам-насам з прадстаўнiкамi Белтэлерадыёкампанii, i iмправiзаваная прэс-канферэнцыя скончылася.

Краiна зрабiла свой выбар. Лыжкай дзёгцю ў бочку мёду нацыянальнага адборачанага этапа можна лiчыць хiба што колькасць прагаласаваўшых. Праз Iнтэрнэт пажадалi - цi змаглi? - зрабiць выбар усяго 118 чалавек! Пасля сайт Белтэлерадыёкампанii, па сведчаннi карыстальнiкаў Iнтэрнэта, проста “лёг”. Тая ж сiтуацыя i з тэлефонамi: за пераможцаў аддадзена крыху больш як 2000 галасоў - гэта з 10-мiльённага насельнiцтва рэспублiкi...

Нагадаю, дарэчы, што выканаўца-дублёр захоўвае свой статус да 18 лютага. Калi за гэты час з асноўнымi выканаўцамi, крый Божа, нiчога не здарыцца, дублёр як “штатная адзiнка” перастае iснаваць. Але ў Турцыю ў якасцi балельшчыцы Наталля Падольская ў любым выпадку трапiць. Сёлета ў мiжнародным конкурсе песнi прымае ўдзел 36 краiн, з iх 10 ужо знаходзяцца ў фiнале, а яшчэ 14 павiнны трапiць туды пасля паўфiнальнага адбору. Так што, нягледзячы на шапказакiдальнiцкi настрой некаторых членаў журы, рыхтавацца прымаць “Еўрабачанне” на наступны год у Мiнску нам пакуль што зарана.

Акрамя Беларусi, вызначылiся са сваiмi прадстаўнiкамi i яшчэ некалькi краiн Iспанiя, Лiтва, сама Турцыя, Украiна. У спiсе прэтэндэнтаў ад Расii - Верка Сярдзючка, “Вiа ГРА”, хлапчуковы дуэт “Смэш” i Настасся Стоцкая. Забаўна ў гэтай сiтуацыi тое, што “Вiа ГРА” фiгуравала i ў лiку кандыдатаў ад Украiны. Але ў вынiку Нацыянальная тэлекампанiя Украiны - член Еўрапейскага вяшчальнага Саюза - зрабiла пачэсную прапанову маладой, але ўжо вельмi вядомай спявачцы Руслане, чый альбом “Дзiкiя танцы” стаў у снежнi мiнулага года афiцыйна прызнаным плацiнавым дыскам (больш як 170 000 прададзеных копiй!). Беларускiя слухачы, пэўна, памятаюць Руслану па фестывалю “Славянскi базар-1996”, калi спявачка ўзяла Гран-пры. Сёлета ў яе дзве вышэйшыя адукацыi, уласны шоу-балет, унiкальны кiнаклiп i мноства лаўрэацкiх званняў. Так што, паверце, сапернiкi нават з блiжэйшага замежжа ў нас на “Еўрабачаннi” будуць больш чым сур’ёзныя...

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.