"У цэнтры ўвагі" перадае традыцыі "Галоўнаму эфіру"

07.02.2014
"Звязда", 7 лютага 2014 г.

 
На тэлеканале "Беларусь 1" падводзяць вынікі тыдня ў новай грамадска-палітычнай праграме "Галоўны эфір" (першы паказ адбыўся 2 лютага). Стаўкі робяцца на тое, што праект стане галоўнай праграмай на галоўным канале краіны.
- Мы змянілі ўстойлівую гісторыю, калі раней у нас выходзіла "Панарама тыдня" ці "У цэнтры ўвагі". Але не адмовіліся ад класічнай падачы інфармацыі, проста дабавілі пэўны змест, - зазначыў дырэктар Агенцтва тэлевізійных навін Кірыл Казакоў. - Разлічваем зацікавіць тую аўдыторыю, якая сёння "жыве" ў інтэрнэце, атрымлівае інфармацыю з розных крыніц. Спрабуем сумясціць усе віды атрымання інфармацыі, да якіх маем доступ.
У дасягненні гэтай мэты вядучым у студыі дапамагае выкарыстанне вялікай віртуальнай сцяны, што дазваляе дэманстраваць графікі, паказваць відэа, праводзіць прамыя ўключэнні з любой кропкі.
Весці праграму будуць некалькі пар вядучых: Дзмітрый Бачкоў і Алена Насачова, Іван Міхайлаў і Наталля Кірсанава, і плюс новае імя - Ксенія Кудраўцава. Менавіта яна ў пары з Дзмітрыем працавала ў прэм'ерным выпуску "Галоўнага эфіру".
- Аснова праграмы, на мой погляд, засталася ранейшай. Адрозніваецца новы праект ад той жа праграмы "У цэнтры ўвагі" тым, што калі раней яна была больш аўтарскай, то цяпер яе робіць цэлая каманда, - падзяліўся Дзмітрый Бачкоў. Атрымліваем праект, які мае ў аснове сваёй аналітычны кірунак, з яўным акцэнтам на дынамічнасць падачы інфармацыі, дзе сваю пазіцыю будуць выказваць вядучыя, карэспанэнты і эксперты.
Выходзіць "Галоўны эфір" кожную нядзелю ў 21.00 на "Беларусь 1" і "Беларусь 24", з паўторам па панядзелках з 9.00.

Алена ДРАПКО.