У Сербiю едзе "народны"

23.01.2008
"Звязда", 23 студзеня 2008 г.


Прафесiйнае журы назвала пераможцам нацыянальнага адбору "Еўрабачанне-2008" Руслана Аляхно
21 студзеня ў сталiчным Палацы спорту адбыўся фiнал Нацыянальнага музычнага праекта "ЕўраФэст". Пуцёўку ў Бялград, на мiжнародны конкурс песнi "Еўрабачанне-2008", разыгрывалi памiж сабой чатыры выканаўцы - гурт "По Глазам", Gunеsh, гурт "Litеsоund" i Руслан Аляхно (менавiта ў такiм парадку, паводле жараб’ёўкi, фiналiсты выходзiлi на сцэну).
"Мы ўсе разумеем, што сёлета нашу краiну зможа прадставiць толькi Руслан Аляхно", - прадэманстравалi канкурсанты на прэс-канферэнцыi пасля канцэрта рэдкае аднадушша, няхай сабе i з iранiчным падтэкстам. Гюнеш нават, не вытрымаўшы, "ушчыкнула" пераможцу: "Руслан, я цябе вельмi люблю, але чаму ты ўвесь час спяваеш "мiма касы"?" - "Час яшчэ ёсць, i над песняй, i над пастаноўкай, i над англiйскiм вымаўленнем я буду працаваць", - нейтральна адказаў Руслан. Яго прадзюсар Кiм Брэйтбург, якi прыехаў падтрымаць выканаўцу на канцэрце, падкрэслiў, што "экспартны" канчатковы варыянт выступлення з песняй "Hаstа lа Vistа", хутчэй за ўсё, будзе вельмi адрознiвацца ад таго, што мы бачылi зараз, памяняецца сцэнаграфiя, вобраз артыста i г.д.: "Усё ж на конкурсе перамагаюць яркiя, добра пастаўленыя нумары". На правакацыйныя заўвагi журналiстаў, маўляў, зноў баль будзе правiць расiйскi капiтал, кiраўнiк тэлепраекта "ЕўраФэст" Аляксандр Цiхановiч тут жа адзначыў, што ўсё фiнансавае забеспячэнне падрыхтоўкi артыста да конкурсу бярэ на сябе Белтэлерадыёкампанiя - дарэчы, сёлета бюджэт, выдаткаваны пад "Еўрабачанне", iстотна павялiчыўся, хоць канкрэтную суму, зразумела, нiхто не называе.

Зрэшты, гэта яшчэ справа будучая, а пакуль падсумуем тое, што ўжо маем.

Падчас падрыхтоўкi i правядзення фiнальнага канцэрта сталi вiдавочнымi некалькi тэндэнцый. Па-першае, год ад году нацыянальны адбор робiцца ўсё больш маштабным i прадстаўнiчым. Сёлета, напрыклад, у якасцi гасцей арганiзатары "выпiсалi" адразу трох ранейшых пераможцаў "Еўрабачання": турчанку Сертаб (2003), украiнку Руслану (2004) i фiнаў "Lordi" (2006). Па-другое, нягледзячы на рэпутацыю "шоy для хатнiх гаспадынь", стаўленне да конкурсу цяпер сур’ёзнае, як да ўзорных вайсковых вучэнняў цi па меншай меры квалiфiкацыi на Алiмпiйскiя гульнi: хто бачыў перад канцэртам тэлевiзiйнае ток-шоy "Ход у адказ", зразумее, аб чым гэта я. Дый ператварэнне леташняй "Wоrk уоur mаgiс" у парадную кампазiцыю роты ганаровай варты таксама, ведаеце, дарагога каштуе. Па-трэцяе - як нi сумна, конкурс робiцца прадказальным. "Павiншаваць Руслана Аляхно з перамогай можна было з моманту падачы заяўкi", - махнуў рукой прадзюсар Максiм Алейнiкаў, якi блукаў па танцпляцоўцы з плакатам у падтрымку Гюнеш. Так, дарэчы, яшчэ адна непрыемная тэндэнцыя - рэзкi падзел сiмпатый "груп падтрымкi": такое адчуванне, што спаборнiчаюць не выканаўцы, а пэўныя прадзюсарскiя каманды, якiя перацягваюць коўдру на свой бок... Напрыклад, на карысць той жа Гюнеш за кулiсамi выказалiся турчанка Сертаб Эрэнер, якая знайшла момант, каб асабiста сказаць каляжанцы некалькi цёплых слоў, прадзюсар Уладзiмiр Кубышкiн, гурт "Харлi" i запрошаны гурт "Lоrdi". Руслану Аляхно аддалi перавагу спецыяльныя госцi канцэрта - удзельнiца "Еўрабачання-2005" Наталля Падольская i адзiн з найбольш верагодных прадстаўнiкоў Расii сёлета, фiналiст праекта "Народны артыст" Аляксандр Панаётаў - "з мужчынскай салiдарнасцi". Праўда, што станецца з гэтай салiдарнасцю, калi iм давядзецца выступаць на адной сцэне ўжо ў якасцi канкурэнтаў, расiйскi выканаўца не ўдакладнiў. Руслана захавала нейтралiтэт, не каментуючы нават выбар роднай Украiны - яе на конкурсе сёлета прадставiць Анi Лорак, - але падзякаваўшы за прыём беларускай публiцы.
Зрэшты, ёсць i станоўчыя моманты. Напрыклад, усе ўдзельнiкi адзначылi высокi ўзровень канцэрта (падобна на тое, што не вельмi задаволеныя iм былi толькi тэлевiзiйнiкi). Канкурсанты засталiся задаволеныя сваiмi выступленнямi, тым больш, што некаторыя ледзьве не ў апошнi момант такi прыдумалi яскравыя "фiшкi" для нумара - скажам, салiстка "По Глазам" Стася задзейнiчала ў пастаноўцы... Ксюшу Сiтнiк з гiтарай, а Гюнеш пафарбавалася ў светлы колер i стала не падобная сама на сябе, чым уводзiла ў недаўменне ахоўнiкаў, якiя не пазналi спявачку.
Вельмi актыўна праяўлялi эмоцыi гледачы, якiя зноў жа ўпершыню забяспечылi настолькi вялiкую масавую яўку. Няхай сабе i прыйшлi яны паглядзець у асноўным на гасцей, шэптам перапытваючы: "А праўда, што "Lоrdi" зблiзку страшныя?" Засведчым: праўда. Дарэчы, напярэдаднi канцэрта фатографаў строга папярэдзiлi: калi ўдасца заспець фiнскi гурт без масак i грыму - нiякiх фатаздымкаў, iнакш фiны адразу разварочваюцца i адмяняюць канцэрт. Прэцэдэнты былi. Але не ў гэты раз: фiны, якiя прыехалi за гадзiну да свайго выхаду на сцэну, маршавым крокам пратупалi ўжо ў касцюмах i масках, падобныя на герояў страшнай казкi, так што "тэхнiкi бяспекi" нiхто не парушыў. Хiба што ад нечаканасцi ўсе павярнулiся спiнамi да экрана, на якiм якраз дапявалi чарговыя беларускiя фiналiсты. Задаволеныя эфектам, фiны - удзельнiкi гурта насамрэч невысокiя, калi не лiчыць "катурнаў" у добрых 20 сантыметраў - мiла фатаграфавалiся з дзецьмi, паказваючы "казу" асаблiва нахабным.
"А чаму сярод вашых прыхiльнiкаў столькi дзяцей? - пацiкавiлiся, мiж iншым, журналiсты пасля канцэрта. - Як жа iнакш, - з абсалютна сур’ёзным выглядам адказаў салiст (зрэшты, пад маскай не бачна, так што хто яго ведае), - гэта наша ежа!" З беларускiх канкурсантаў "Lоrdi", дыпламатычна пахвалiўшы ўсiх, вылучылi ўсё ж "рокавую" Гюнеш, а з поп-выканаўцаў увогуле пагадзiлiся б праспяваць дуэтам хiба толькi з Шэр: "Бо ў яе на твары таксама маска".

З першых вуснаў

Наталля Падольская, прадстаўнiца Расii на "Еўрабачаннi-2005":
- Я не магу параiць, як лепш сабрацца перад самiм конкурсам, бо ў кожнага свае метады. Напэўна, трэба проста верыць у сябе i ў песню. Мне больш хочацца звярнуцца нават не да артыстаў, а да гледачоў Беларусi, каб яны як мага найбольш падтрымлiвалi свайго ўдзельнiка, i нават калi нешта не атрымаецца, потым яго не "штурхалi".

- Вам ёсць з чым параўноўваць: першая спроба прайсцi на "Еўрабачанне" была якраз ад Беларусi. Што змянiлася з таго часу, на ваш погляд, у арганiзацыi адбору?
- У 2002 годзе Беларусь удзельнiчала ў конкурсе ўвогуле ўпершыню, i, на мой погляд, агульны музычны ўзровень быў слабейшы. А сёння я хварэла за ўсiх адразу, бо ўсё, што я ўбачыла на ток-шоў i на канцэрце, мне вельмi спадабалася - кожны ўдзельнiк па-свойму адметны, яркi.

- У нас пастаянна спрачаюцца, што больш важнае: песня або пастаноўка шоў?
- Я думаю, нельга зрабiць выбар памiж гэтымi рэчамi. Што галоўнае: нос або вочы? Усё ў цэлым, усё разам. Важна адказна падысцi да падрыхтоўкi, зрабiць прома-тур, "уцiснуць" у вушы замежным слухачам сваю конкурсную песню, каб яе пачулi больш, чым адзiн раз на конкурсе, бо галасуюць больш ахвотна за ўжо знаёмае.

- Многiх удзельнiкаў "Еўрабачанне" не адпускае, i, паколькi правiламi гэта не забараняецца, артысты выступаюць на конкурсе некалькi разоў. Вам не хочацца паўтарыць спробу?
- Пасля свайго пятнаццатага месца я давала сабе слова, што ўсё, на гэтым мая конкурсная дзейнасць завершаная. Была даволi працяглая дэпрэсiя, i я не хацела нiдзе больш спаборнiчаць, проста займацца творчасцю. Але сёння, калi сядзела ў студыi, раптам адчула, што хочацца быць сярод канкурсантаў, быць адной з iх. Так што я не выключаю такой магчымасцi.

Руслан Аляхно, прадстаўнiк Беларусi на "Еўрабачаннi-2008:
- Адно скажу: я рады таму, як выступiў. I мне не сорамна за сябе - нi ў паўфiнале, нi ў фiнале "ЕўраФэсту". Тым больш, наперадзе яшчэ вялiкая праца, i пастаноўка будзе паляпшацца. Я пастараюся зрабiць усё, каб прадставiць краiну годна.

Аляксандр Цiхановiч, кiраўнiк праекта "ЕўраФэст":
- Як i ў мiнулыя гады, звяртаюся да вас - калi ласка, падтрымайце нашага прадстаўнiка, жадайце яму пазiтыву, i тады, разам, у нас усё атрымаецца.

Iна Афанасьева, заслужаная артыстка Беларусi (на ток-шоў "Ход у адказ"):
- Мы ўсё спрабуем пралiчыць формулу поспеху, разабрацца, якая ў выступленнi павiнна быць "фiшка". Можа, нiякiх "фiшак" i не трэба шукаць? Не трэба стаяць на галаве, дагары нагамi, каб запомнiцца гледачам - трэба выйсцi i праспяваць ад душы...

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.