У рытме ча-ча

16.05.2013
"Рэспубліка", 16 мая 2013 г.

 
Алёна Ланская з песняй "Салеа" атрымала пуцёўку ў фінал "Еўрабачання-2013".
Прадстаўніца Беларусі на Міжнародным конкурсе "Еўрабачанне-2013" Алёна Ланская выйшла ў фінал песеннага спаборніцтва і стала адной з дзесяці ўдзельнікаў першага паўфінала, якія атрымалі права выступіць у асноўным туры прэстыжнага шоу.
Алёна далучылася да даволі моцнай кампаніі сапернікаў. Разам з ёй у фінал прайшлі выканаўцы з Расіі, Украіны, Даніі і Нідэрландаў, якіх лічаць фаварытамі сёлетняга конкурсу, а таксама прадстаўнікі Малдовы, Літвы, Ірландыі, Эстоніі і Бельгіі. Па-за фіналам засталіся артысты з Аўстрыі, Славеніі, Харватыі, Чарнагорыі, Кіпра і Сербіі.
За дзесяцігадовую гісторыю ўдзелу нашай краіны ў "Еўрабачанні" сёлетні выхад Беларусі ў фінал трэці па ліку. Раней гэта ўдавалася зрабіць Дзмітрыю Калдуну ў 2007 годзе і групе "3 плюс 2" у 2010-м.
Нагадаем, поспех Алёне Ланской прынесла конкурсная песня "Solayoh" ("Салеа"), напісаная еўрапейскімі аўтарамі Маркам Паэлінкам і Марцінам Кінгам, у якой гаворыцца пра абстрактную планету шчасця Салеа, дзе няма шэрых будняў і ўсё прасякнута энергіяй любові і натхнення, дзе жывуць добрыя і шчырыя людзі, якія вераць у цуды. У час выступлення на сцэне шведскай Мальмё-арэны разам са спявачкай знаходзіліся два танцоры і тры бэк-вакалісты з Германіі, Славеніі, Сербіі і ЮАР. У нумары беларускай удзельніцы былі задзейнічаны святлодыёдныя барабаны, вогненныя пушкі і феерверк. А сама Алёна выйшла да публікі з вялікага бліскучага дыска-шара ў сукенцы, якая зіхацела 70 тысячамі крысталаў Swarovski, і такі здолела пакарыць еўрапейскую публіку сваёй "гарачай" песняй з запамінальным "ча-ча".
- Гэта проста не перадаць словамі. Я імкнулася да гэтага на працягу 10 гадоў! Для мяне гэта велізарная падзея, якую я пакуль не магу асэнсаваць, - адказала Алёна Ланская на пытанне карэспандэнта БелТА наконт сваіх пачуццяў адразу пасля звесткі пра выхад Беларусі ў фінал.
Разам з тым спявачка падкрэсліла, што гэта прамежкавая перамога, пасля якой не варта расслабляцца, бо галоўнае спаборніцтва наперадзе.
Дарэчы, паводле слоў беларускай выканаўцы, не выключана, што ў фінале яе конкурсны нумар можа крыху змяніцца.
- Са мной працуе вельмі крэатыўная каманда, і я не магу сцвярджаць, што нумар будзе адзін да аднага падобны на паўфінальны, - адзначыла Алёна. На яе думку, ёсць моманты ў выступленні, якія трэба яшчэ дапрацоўваць.
Фінальнае шоу "Еўрабачання-2013" адбудзецца 18 мая. Сёння ўвечары ў час другога паўфінальнага адбору вызначацца яшчэ дзесяць яго ўдзельнікаў. Спаборнічаць на гэты раз будуць выканаўцы з Латвіі, Сан-Марына, Македоніі, Азербайджана, Фінляндыі, Мальты, Балгарыі, Исландыі, Грэцыі, Ізраіля, Арменіі, Венгрыі, Нарвегіі, Албаніі, Грузіі, Швейцарыі і Румыніі.

Прамую трансляцыю пакажуць тэлеканалы "Беларусь 1" і "Беларусь 24".

Ірына СВІРКО, "Р".