У Пекіне ўрачыста адкрыліся ХХІХ летнія Алімпійскія гульні

09.08.2008
"Звязда", 9 августа 2008 г.

Шматмільённая армія аматараў спорту ўсёй планеты нарэшце дачакалася галоўнай падзеі спартыўнага чатырохгоддзя - Алімпіяды-2008 у Пекіне.
Час "Ч" настаў - 08.08.08, калі на пекінскім стадыёне "Птушынае гняздо" ў 8 гадзін 8 хвілін 8 секунд вечара па мясцовым часе пачалася ўрачыстая цырымонія адкрыцця XXIX летніх Алімпійскіх гульняў. На цырымоніі прысутнічаў Прэзідэнт Беларусі, кіраўнік Нацыянальнага алімпійскага камітэта краіны Аляксандр Лукашэнка.
Такая колькасць васьмёрак невыпадковая: гэта лічба лічыцца шчаслівай у жыхароў Паднябеснай, і яны спадзяюцца, што маючая адбыцца Алімпіяда будзе ўдачнай ва ўсіх адносінах.
Спартыўную дэлегацыю Беларусі ў час параду ўзначаліў алімпійскі чэмпіён, а цяпер старшыня Беларускай федэрацыі фехтавання Аляксандр Раманькоў, які пранёс перад трыбунамі Дзяржаўны сцяг Рзспублікі Беларусь.
На пекінскай Алімпіядзе Беларусь будуць прадстаўляць 182 атлеты, якія выступяць у 26 відах спорту. Усяго ў галоўным спартыўным форуме планеты прымуць удзел больш як 10,5 тыс. спартсменаў з 203 краін свету, яны разыграюць 302 камплекты ўзнагарод. Фаварытамі Алімпійскіх гульняў спецыялісты называюць каманды Кітая, ЗША і Расіі, якія даўно задаюць тон на самых буйных міжнародных спаборніцтвах. Што датычыцца беларусаў, то яны чацвёрты раз будуць удзельнічаць у летняй Алімпіядзе асобнай каман-дай. На трох папярэдніх беларускія спартсмены заваявалі ўвогуле 47 медалёў: 6 залатых, 15 сярэбраных і 26 бронзавых. Чатыры гады таму ў Афінах (як і ў Атланце-1996) у скарбонцы беларусаў было 15 алімпійскіх узнагарод, а ў Сіднэі-2000 беларуская каманда дабілася найвышэйшага поспеху, заваяваўшы 17 медалёў.
На гэтых Гульнях беларускія спартсмены пастараюцца паўтарыць поспех васьмігадовай даўнасці і ўвайсці ў першую дваццатку ў медальным заліку. Надзеі спецыялісты і балельшчыкі звязваюць, у першую чаргу, з лёгкаатлетамі Надзеяй Астапчук (штурханне ядра), Іванам Ціханам і Вадзімам Дзевятоўскім (кіданне молата), Ірынай Ятчанка (кіданне дыска), маладым дзесяціборцам Андрэем Краўчанкам. Па сілах замахнуцца на медалі штангістам і, вядома, двухразовай алімпійскай чэмпіёнцы па акадэмічным веславанні Кацярыне Карстэн. Дарэчы, у складзе беларускай зборнай у Пекіне выступяць і яшчэ тры апімпійскія чэмпіёнкі: Эліна Зверава, Яніна Правалінская-Карольчык і Юлія Несцярэнка. Сярод членаў алімпійскай дружыны 26 заслужаных майстроў спорту, якія не раз уздымаліся на вышэйшыя прыступкі п'едэстала гонару на чэмпіянатах свету і Еўропы.
Свята сусветнага спорту прадоўжыцца ў сталіцы Паднябеснай да 24 жніўня. Дзякуючы трансляцыям на Першым канале і тэлеканале "ЛАД" (агульны аб'ём вяшчання складзе 229 гадзін) беларускія аматары спорту змогуць назіраць за спаборніцтвамі і перажываць за нашых спартсменаў. 

БЕЛТА.