У новым сезоне Зорных танцаў усе танцы - белыя

17.10.2009
"Звязда", 17 кастрычніка 2009 г.

18 кастрычнiка 10 новых пар пачнуць барацьбу на паркеце
Танцавальнае шоу "Зорныя танцы-2" яго арганiзатар, Першы канал, ужо ахрысцiў "самым амбiцыйным праектам новага сезона". Вiдовiшча абяцаецца яркае, барацьба жорсткая, жарсцi нежартоўныя, танцы - прыгожыя i ўсе як на падбор белыя, бо ўдзельнiцамi гэтага праекта сталi 10 чароўных паненак, абраных сярод больш як 400 кандыдатак.
З мноства вядомых спявачак, актрыс, мадэляў i спартсменак пашчасцiла ўсяго некалькiм - спявачкам Алене Грышанавай, Уладзе, Прымаверы, Наталлi Тамела, Веранiцы Гардзiеўскай, Юлii Манькоўскай, Нiне Багданавай, гiмнасткам Наталлi Пальчэўскай i Злацiславе Нерсесьян, актрысе Яўгенii Буевай. Некалькi тыдняў таму дзяўчаты ў пары з прафесiйнымi танцорамi, адабранымi па кастынгу ў Беларускай федэрацыi танцавальнага спорту, прыступiлi да трэнiровак. Напярэдаднi першага тэлеэфiру "Звязда" зазiрнула за кулiсы праекта, каб даведацца, што яшчэ зменiцца ў "жаночым сезоне".
Па-першае, вядучыя - ацанiць жаночае хараство як след могуць толькi мужчыны, таму да стрыманага i "акадэмiчнага" Вiталя Макарэвiча ў пару прыйшоў разняволены i дасцiпны Павел Шастакоў. Хлопцы ўжо прыстралялiся адзiн да аднаго ў гастрольных канцэртах, якiя ўдзельнiкi першых "Зорных танцаў" сумесна з артыстамi Белдзяржцырка i зоркамi сусветных цыркаў далi па гарадах Беларусi.
Па-другое, сiстэма адзнак - калi раней суддзi выстаўлялi максiмум 6 балаў, то цяпер будзе 10-бальная сiстэма.
- А не здарыцца зноў так, што адразу, з першых шоу журы пачне выстаўляць максiмальныя балы, i ўсе пары акажуцца ў лiдарах?
- Такога не можа быць, - тлумачыць выканаўчы прадзюсар праекта Антон Пiменаў, - бо цяпер судзейства сумеснае - журы i гледачы. Раней на выбыванне намiнавалiся 2 пары, i гледачы выратоўвалi адну, а цяпер у намiнантах - абсалютна ўсе, i за ўсiх гледачы галасуюць. Хто набярэ больш за ўсiх галасоў, тым да балаў журы дабаўляецца 10 балаў, хто на другiм месцы - 9, i г.д. Хто набярэ менш за ўсiх, тая пара i выбывае.
Каб нiхто з удзельнiкаў не мог уздзейнiчаць на суддзяў i вымольваць адзнакi, вердыкт журы канкурсанты будуць выслухоўваць не ў студыi, а назiраць на экране ў асобным "зялёным пакойчыку".
Крыху зменiцца, дарэчы, i склад журы - акрамя старшынi Беларускай федэрацыi танцавальнага спорту Таццяны Бандарчук, у яго ўвойдзе загадчык кафедры харэаграфii Унiверсiтэта культуры Святлана Гуткоўская, намеснiк старшынi Белтэлерадыёкампанii Аляксандр Мартыненка, удзельнiкi першага сезона "Зорных танцаў". Яшчэ адно месца пакiдаецца вакантным для розных спецыяльна запрошаных "зорак".
Па-трэцяе - на радасць i зручнасць танцорам, у праекце будзе выкарыстоўвацца не пакрыццё з аргшкла, а сапраўдны паркет. Прычым, падкрэслiваюць арганiзатары, з-за гэтых выдаткаў "Зорныя танцы" не падаражэлi, i на касцюмах для ўдзельнiкаў эканомiць не давялося.

Да ўпаду. І яшчэ крыху
- На прамую, на сагнутую, на прамую, на сагнутую, i раз, i два, - яшчэ здалёк ад рэпетыцыйнай залы чуем распараджэннi харэографаў. Хоць сапраўдная барацьба яшчэ наперадзе, але ўдзельнiкi ўжо прадчуваюць адрэналiн, i да трэнiровак ставяцца выключна адказна. Тым больш, што выпадковых людзей на праекце няма - хто спрабаваў прабiцца яшчэ на першыя "Зорныя танцы", у каго добрая спартыўная загартоўка, у каго папярэднi танцавальны вопыт ёсць.
- Я 10 гадоў займалася народнымi танцамi, а бальныя заўжды былi маёй марай - цяпер, можна сказаць, здзейсненай. Калi б гэта быў iншы праект, звязаны са спевамi, цi там з жывёламi, цi з агародам - напэўна, я не пайшла б, але танцы - гэта настолькi цiкава i захапляльна! - прызнаецца спявачка Прымавера. - Тым больш, што ў мяне такi цудоўны партнёр, Раман Лобараў. Праўда, пакуль што мы не вельмi разумеем, на якiм мы свеце, i стараемся вызначыць свой узровень на шкале майстэрства, каб не ўдарыць тварам у гразь.
Для ўдзелу ў праекце Прымаверы, дарэчы, давялося ахвяраваць асабiстым часам - цяпер сын Макар амаль не бачыць яе, а мама спявачкi адклала ўсе справы i сядзiць з унукам. 
Увогуле, адзначаюць прадзюсары праекта, нiхто з удзельнiкаў не "ўключае зорку", атмасфера на пляцоўцы пануе сяброўская, i кожная пара працуе да сёмага поту - некаторыя нават скардзяцца, маўляў, мала заняткаў, давайце больш. "Але ў педагогаў не хапае сiлаў працаваць з канкурсантамi яшчэ i ўначы, - смяецца Антон Пiменаў, - таму самыя настойлiвыя займаюцца самастойна". Напрыклад, Наталля Тамела, якой не хапае часу ў зале, адпрацоўвае элементы самба са сваiм партнёрам - удзельнiкам першага сезона "Зорных танцаў" Паўлам Грабёнкiным iндывiдуальна. I ўсё адно застаецца сабой незадаволеная: "Яшчэ ёсць куды iмкнуцца, працаваць над сабой. У мяне не атрымлiваецца раз, другi, дзясяты - пачынаю сябе лаяць: "Якая я крывая!". Потым супакойваюся, i мы рэпецiруем далей. Гэтаксама ў свой час я лупiла па раялi, калi нешта не атрымлiвалася, але потым мама прыгразiлася - яшчэ раз бразнеш, за iнструмент не сядзеш. Вось такая я эмацыйная, - смяецца Наталля. - Затое пасля танцаў так худзець добра! I есцi зусiм не хочацца - толькi пiць".

А далей...
Фiнал праекта "Зорныя танцы. Жаночы сезон" адбудзецца ў выглядзе навагодняга шоу, дзе выступяць усе, але пераможа толькi адна пара. А лiтаральна праз месяц стартуюць "Зорныя танцы-3" - на гэты раз мужчынскiя. У маi ж запланаваны суперкубак - пераможцы ўсiх трох сезонаў будуць аспрэчваць званне лепшай пары.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.