У новым сезоне "ЛАД" пакажа праграмы для душы, для цела i для багатай фантазii

17.10.2008
"Звязда", 17 октября 2008 г.

 
"Мы проста хочам, каб вы ведалi" - пад такiм сцiплым слоганам тэлеканал "ЛАД" адкрывае новы вяшчальны сезон. Мiж iншым, сёлета ён юбiлейны - пяты. Дзень нараджэння канала, а адпаведна i шэраг сюрпрызаў, сустракаем у эфiры 18 кастрычнiка.
Прэзентацыя сезона пачнецца яшчэ 17 кастрычнiка з марафону праграмы "Беларуская часiнка" - на працягу дня чакаецца шэраг прамых уключэнняў з самымi свежымi навiнамi.
Першае, чым абяцаюць здзiвiць тэлегледачоў у ноч з 17 на 18 кастрычнiка - усю ноч у рэжыме нон-стоп будуць паказвацца фантастычныя фiльмы. Больш за тое, паводле слоў кiраўнiка канала "ЛАД" Сяргея Кухто, калi рэйтынгi пасля засведчаць, што эксперымент прайшоў удала, то падобныя начныя пiльнаваннi з любiмым кiно (з пятнiцы на суботу) будуць працягвацца.
Таксама ў новым сезоне тэлеканал "ЛАД", якi цяпер канчаткова набыў статус забаўляльна-спартыўнага, абяцае нас парадаваць... 

...новымi праектамi

Сярод iх, напрыклад, акцыя "Вялiкае сэрца". Праект збiрае гiсторыi пра сучасных герояў, якiя рызыкуючы сваiм жыццём, выратавалi жыццё iншых людзей. Урачыстая цырымонiя ўзнагароджання гэтых герояў будзе паказаная ў пераднавагоднiя днi, а сам праект ужо дакладна будзе штогадовым.
У хуткiм часе ў эфiры з'явiцца праграма, рабочая назва якой - "Дзмiтрый Шунiн i яго бландзiнка", пра якую цяпер вядома толькi, што размова пойдзе на аўтамабiльныя тэмы.
А вось праграма "Свая музыка", хоць i з'явiлася ў эфiры напрыканцы жнiўня, але паспела ўжо заваяваць сiмпатыi многiх гледачоў.
Акрамя таго, у эфiр вернецца праграма "Спявай, душа!". Яна па-ранейшаму распавядае пра тое, як i што спяваюць людзi ў вёсцы, але фармат праграмы змянiўся, хутчэй, у накiрунку рэалiцi-шоу.
Увогуле каля 45 працэнтаў ад агульнага аб'ёму вяшчання, паводле слоў кiраўнiцтва канала, займаюць новыя або абноўленыя праграмы.

...мастацкiм кiно i серыяламi

У той час як многiя ганяюцца за свежазробленым, найноўшым кiно, "ЛАД" зрабiў стаўку на кiно любiмае - праверанае часам i прыхiльнасцю не аднаго пакалення гледачоў. Тое ж тычыцца i серыялаў - прыхiльнiкаў вясковага дэтэктыва парадуюць "Участак" i "Зачараваны ўчастак", якiя будуць iсцi прыкладна да Новага года; настальгiю па савецкiх акцёрах натолiць "Зала чакання", якая ўжо iдзе ў эфiры; а каму не хапае прыгод сучаснай Папялушкi - у паўторы хутка пачнецца "Непрыгожая Бецi". Што да класiчных "мыльных опер", адразу пасля заканчэння "Жанчыны з водарам кавы" пачнецца серыял "Спадчыннiца" - не прамы працяг, але практычна з тымi ж акцёрамi i падобнымi сюжэтнымi лiнiямi.

...спортам

"Па аб'ёму спартыўнага вяшчання мы лiдзiруем i выйграём ва ўсiх iншых каналаў", - адзначыў Сяргей Кухто i запэўнiў, што гэта тэндэнцыя будзе захоўвацца. Так, працягнецца сумесны праект з Лiгай чэмпiёнаў, лепшыя футбольныя матчы якой беларускiя гледачы абавязкова ўбачаць, таксама як i лепшыя паядынкi Кантынентальнай хакейнай лiгi. Апошнi сезон, да змены назвы i статусу, будзе паказвацца на "ЛАДзе" Кубак УЕФА. Акрамя таго, набыты пакет на права паказу шэрагу баёў прафесiйнага бокса.
У спартыўнай дырэкцыi канала запэўнiлi, што абавязкова будуць трансляваць чэмпiянат Беларусi па футболе. А вось з гульнямi нацыянальнай зборнай усё не так проста - можна нават сказаць, скандальна. Як заўважылi балельшчыкi, матч "Беларусь - Англiя" паказаў iншы канал, АНТ. Тлумачыцца гэта, аказваецца, фiнансавымi прэтэнзiямi федэрацыi футбола, якая, лiчаць на "ЛАДзе", запрасiла занадта вялiкiя грошы. Таму выязныя матчы нашай зборнай "ЛАД" плануе паказваць, а вось хатнiя сустрэчы - з камандамi Украiны i Казахстана, напрыклад - трансляраваць адмовiўся.