У Новы год "зоркі" абяцаюць... наведаць экраны вашых тэлевізараў, а БТ - выставіць на продаж клюшку Руслана Салея

13.12.2002
"Звязда", 13 снежня 2002 г.


Хочаце - верце, хочаце - не, але адным з галоўных дзеючых персанажаў пад Новы год робіцца хатні тэлевізар. Без пятнаццаці апоўнач сям'я рассаджваецца за сталом, гучаць традыцыйныя віншаванні і бой курантаў, а потым... А вось што "потым", рассказаў карэспандэнту "Звязды" Генеральны дырэктар Дырэкцыі вяшчання Першага Нацыянальнага тэлеканала Уладзімір МАКСІМКОЎ.

- Уладзімір Яўгенавіч, што рыхтуе для гледачоў БТ пад Новы год?

- Па-першае, з нашай дапамогай пераможца конкурсу "Міс Беларусь-2002" накіроўваецца на конкурс "Міс Еўропа". У нас эксклюзіўныя правы на трансляцыю, і 28 снежня гледачы ўбачаць гэту падзею ў эфіры Першага Нацыянальнага. Так што "хварэем" і перажываем за нашу прыгажуню, тым больш, што і падобная паездка, і трансляцыя адбываюцца ўпершыню. Па-другое, не застануцца без увагі і Каляды: пакажам унутрыбеларускую каталіцкую службу і міжнародную праваслаўную. У апошнім выпадку адбудзецца складаны тэлемост: адначасовая трансляцыя служб у Мінску, у Полацку і ў Іерусаліме. На наш погляд, такі праект вельмі важны і знакавы для яднання праваслаўных вернікаў: галоўная святыня Беларусі - мошчы Ефрасінні Полацкай, а яна, як вядома, здзейсніла паломніцтва ў Іерусалім... Далей, у лік перадсвяточных праектаў уваходзіць "Алімпійскі баль": узнагароджанне лепшых спартсменаў па розных намінацыях, а таксама дабрачынны аўкцыён некаторых рэчаў знакамітасцяў (напрыклад, на продаж будзе выстаўлена клюшка Руслана Салея). Натуральна, падводзіць вынікі года міжнародны фестываль "На скрыжаваннях Еўропы" (гледачы ўбачаць запіс канцэрту якраз 31 снежня), які "раздасць сланоў" тым з пачынаючых артыстаў, хто сапраўды іх заслужыў. І, нарэшце, "Навагодняя ноч" - сёлета гэта незвычайны, эксперыментальны праект. Мы адмовіліся ад традыцыйнай формы канцэртаў і "Агеньчыкаў". Выходзіць, на маю думку, вельмі цікава. Мы хацелі, каб атрымалася міжнароднае шоу, своеасаблівы тэлесерыял, у якім спалучаліся б сусветныя і айчынныя артысты, бо Беларусь роўная сярод роўных, і многія нашы "зоркі" ніколькі не прайграюць замежным.

- Калі не сакрэт, хто са знакамітасцяў ужо пагадзіўся "асвятліць" экран? Можа, мы ўбачым новыя твары?

- Пакуль давайце не будзем раскрываць карты, каб не парушаць інтрыгу. Адно скажу: як высветлілася, Беларусь уяўляе нават вельмі вялікую цікавасць для многіх пакрысе згасаючых, але ўсё яшчэ вядомых "зорак". Некаторыя так навязваліся, што давялося нават адмаўляцца.

- У Расіі народная пастаноўка "Старыя песні пра галоўнае" перажыла ажно тры, калі не чатыры рэміксы. А нам ці варта чакаць чаго-небудзь накшталт "Цягніка №2"?

- Не, дакладна. "Цягнік №1" быў добрым эксперыментам, аднак мы не хочам паўтарацца. "Старыя песні пра галоўнае" народ, што называецца, "зачапілі", з гэтай прычыны і з'явіліся рэміксы. А мы пакуль не знайшлі тую форму, якая патрабавала б раскруткі і працягласці. Тым больш, мы не хочам сваім гледачам нагнаць аскому.

- Любое добрае пачынанне, асабліва маштабнае, патрабуе фінансавых уліванняў. У Белтэлерадыёкампаніі не было праблем з грашымі?

- Фінансавае пытанне заўсёды "стаіць", і заўсёды востра. Мы, канешне, не бяздонны цэбар - ёсць бюджэтнае фінансаванне, за рамкі якого не скошыч. Таму са стосу цікавых ідэй мы адбіралі самыя-самыя, на якія ўжо грошай не шкадавалі. Да таго ж, канешне, трэба выказаць удзячнасць усім супрацоўнікам тэлерадыёкампаніі за энтузіязм, бо праца пякельная, а заробкі не вельмі вялікія.
Урэшце, звычайна фінансавыя пытанні вырашае рэкламна-камерцыйная дырэкцыя, якая выдзяляе сродкі пад канкрэтны творчы праект.

- Як вы лічыце, ці не будзе ў ноч з 31 снежня на 1 студзеня жорсткай канкурэнцыі паміж уласнабеларускімі каналамі - АНТ, БТ, СТБ?

- Я не ведаю, шчыра кажучы, што рыхтуюць калегі. Аднак, мяркую, канкурэнцыі не будзе, бо розныя каналы распрацоўваюць розныя праграмы, а глядач ужо сам вырашае, што яму больш цікава.

- Уладзімір Яўгенавіч, а вы самі якія каналы глядзіце ў Новы год?

- Як правіла, увогуле не гляджу тэлевізар спецыяльна, шчоўкаю па каналах. Мне здаецца, так Новы год адзначаюць многія: "блакітны экран" служыць толькі фонам для свята. Наўрад ці нехта здольны праглядзець цалкам адну, няхай нават цікавую, праграму ад пачатку да канца, хутчэй, тэлевізар пераключаюць "пад настрой", ствараючы яскравую мазаічную карцінку.
Гэта ўсё адно, як складаць хіт-парад паміж шампанскім, гарэлкай, півам і марціні: які напой будзе самым запатрабаваным? Кожны ж падбярэ на ўласны густ. Так і з тэлебачаннем. Добра, калі нехта трошкі больш затрымаецца на нашым канале, гэта будзе прыемна як дырэктару вяшчання. Але галоўнае - каб быў выбар, каб чалавек мог глядзець тое, што яму спадабаецца.

- Калі казаць пра бліжэйшую будучыню, дык напачатку 2003 года ці будуць запушчаны нейкія новыя тэлепраекты?

- Яны не прывязаны канкрэтна да пачатку наступнага года. Ужо напярэдадні каталіцкіх Каляд у нас пройдзе тыдзень Міжнароднага французскага канала: рэдкія фільмы, канцэртныя і шоу-праграмы. У лютым на экранах з'явяцца некаторыя навінкі. Дарэчы, Белтэлерадыёкампанія абсалютна адкрытая для супрацоўніцтва, любыя шалёныя ідэі прымаюцца і разглядаюцца з вялікім задавальненнем.

Гутарыла Вікторыя ЦЕЛЯШУК.