У Мiнску АМАП ганяўся за гламурам

16.01.2010
"Звязда", 16 студзеня 2010 г.


Абышлося без перастрэлкi, толькi посуд пабiлi
Даведка. "Нацыянальны набытак" - праект, якi аб'ядноўвае пяць двухсерыйных фiльмаў паводле раманаў беларускай пiсьменнiцы, "панi дэтэктыў" Вольгi Тарасевiч. Правы на экранiзацыю дэтэктываў "Смяротны водар № 5", "Карa лi Атона", "Праклён Эдварда Мунка", "Без чайных цырымонiй" i "Плачучы анёл Шагала" набыла Белтэлерадыёкампанiя, якая ўжо ў наступным годзе плануе паказаць гледачам увесь цыкл. Па задуме тэлевiзiйнiкаў, павiнен атрымацца запатрабаваны фармат - "серыял выхаднога дня".
У чацвер вечарам на Кастрычнiцкай плошчы ў Мiнску было надзiва шматлюдна - прычым нават не на катку, палову якога чамусьцi адабралi ў аматараў канькоў i адгарадзiлi стужкай, а на прыступках Палаца Рэспублiкi, дзе натоўп цiкаўных здзiўлена назiраў, як не па сезоне лёгка, нават легкадумна апранутую дзяўчыну "ганяе" цэлы атрад АМАПаўцаў.

- Ой, што ж гэта робiцца! - забожкала ў апошнiх шэрагах нейкая чуллiвая бабуля з унукам. - За што ж яе?

- Вы не падкажаце, што тут адбываецца? - усхвалявана звярнуўся да нас з фотакарэспандэнтам нейкi салiдны мужчына з партфелем. Але адказаць мы не паспелi. Голас з нiадкуль пракрычаў: "Стоп!", АМАПаўцы як нiчога нiякага развярнулiся i пайшлi назад у Палац, а за iмi доўгiмi, прыгожымi скачкамi вярнулася "ахвяра". Толькi цяпер стала бачна, што гэта не зусiм дзяўчына. Па праўдзе, дык i зусiм не дзяўчына - пад светлым доўгавалосым парыком хаваўся сiмпатычны чарнявы хлопец - акцёр Тэатра беларускай драматургii Аляксандр Марчанка, якi цалкам пагрузiўся ў вобраз гламурнага фатографа Нiка. АМАПаўцы пры блiжэйшым разглядзе таксама аказалiся несапраўднымi - моцнай, але разнашэрснай брыгадай каскадзёраў. А ўсё разам гэта быў першы здымачны дзень цыкла тэлевiзiйных мастацкiх фiльмаў "Нацыянальны набытак".
Усе пяць фiльмаў аб'яднаныя агульнай iдэяй - галоўныя героi, журналiстка Лiка Вронская, i прафесар крымiналiстыкi Уладзiмiр Сядоў, расследуюць заблытаныя злачынствы дзеля набыцця пэўнай каштоўнасцi, якая складае гонар нацыi - нацыянальны набытак. Апошнiм аказваюцца як малавядомая карцiна Шагала, так i каралi з Егiпта, некалi прывезеныя ў Беларусь, i нават... прыгожыя дзяўчаты-мадэлi, якiя ўпэўнена крочаць па сусветных подыумах i якiмi таксама правамерна ганарыцца наша краiна. Ну, а паралельна з дэтэктыўнай гiсторыяй разгортваецца меладраматычная - гiсторыя кахання галоўных герояў.
Дзеля наблiжэння падзей да беларускiх рэалiй усе здымкi будуць весцiся выключна ў Беларусi, на вядомых i пазнавальных аб'ектах: напрыклад, знаёмства галоўных герояў павiнна адбыцца ў Нацыянальнай бiблiятэцы. Са студзеня па лiпень здымачную групу "Нацыянальнага набытку" можна будзе заўважыць не толькi ў Мiнску, але таксама ў Лагойску i Вiцебску. А вось на ролi галоўных герояў, што робiцца ўжо сумнай тэндэнцыяй, запрошаны расiйскiя акцёры - Алена Корыкава i Андрэй Сакалоў. (Узгадаем, тое ж было з папярэднiмi сумеснымi беларуска-расiйскiмi праектамi: у серыяле "Снайпер" ззялi Дзмiтрый Пяўцоў i Марыя Мiронава, у "Маёры Ветраве" - Алег Штэфанко i Яўгенiя Крукава, у "Пакушэннi" - зноў Дзмiтрый Пяўцоў...).
Рэжысёр-пастаноўшчык "Нацыянальнага набытку" таксама расiйскi - Алег Фясенка. Але гэта можна залiчыць, хутчэй, у плюс праекта, бо на рахунку 35-гадовага рэжысёра ўжо ёсць i дэтэктывы - серыял "Якi памнажае смутак" паводле рамана Г. Вайнера i "Даша Васiльева", i сучасны хорар - "Вядзьмарка" паводле М. Гогаля, меладрама "Гадзiна пiк" i драма "Сага пра хантаў", а таксама парачка баевiкоў. А беларус Ігар Пашкевiч, якога першапачаткова разглядалi як рэжысёра праекта, усё ж зрабiў сабе iмя збольшага на клiпах, чым на вялiкiм кiно...

Ад Ката i да...

- Хоць нейкае месца для беларусаў у фiльмах засталося? - не маглi не запытацца мы ў прадзюсара праекта Глеба Шпрыгава.
- Натуральна, - заспакоiў той. - Нават больш скажу: у фiльмах вы ўбачыце практычна ўсiх беларускiх акцёраў, хто на гэты момант штосьцi ўяўляе сабой.

- Напрыклад?
- Напрыклад, ужо ў першай карцiне, якую мы здымаем, "Смяротны водар", з'явiцца ўсiмi любiмы Анатоль Кот, таксама Анатоль Цярпiцкi (вопытны артыст Тэатра-студыi кiнаакцёра iграе не менш вопытнага следчага Шумiлава. - Аўт.), шэраг маладых акцёраў - Мiхаiл Есьман, Iван Шчатко, Аляксандр Марчанка... Ды ўсiх так адразу не ўзгадаеш нават.

- На падрыхтоўчым этапе хадзiлi размовы аб тым, што ў фiльме можа зняцца i замежная зорка - знакамiты П'ер Рышар. Чым скончылiся перамовы з iм?
- На жаль, у яго не атрымаецца ўзяць удзелу ў нашым праекце з прычыны празмернай занятасцi, таму цяпер мы вядзём перамовы з двума iншымi французскiмi акцёрамi, не менш папулярнымi i знакамiтымi ва ўсiм свеце.

...Па даўняй кiношнай традыцыi, у першы дзень здымачная група распiсваецца на белай талерцы, якую потым разбiваюць, а аскепкi кожны бярэ сабе на памяць. Адзняўшы першыя кадры, так зрабiла i група "Нацыянальнага набытку". Але, на наша здзiўленне, нiякага перапынку ў рабоце пасля гэтага не здарылася - камеру хуценька пераставiлi на другую пазiцыю i пачалi здымаць наступны эпiзод. Мiнакi i наведвальнiкi катка толькi захоплена ахалi, гледзячы, як чорны джып выпiсвае мудрагелiстыя колы на лёдзе. Каскадзёры ж, якiя выконвалi гэтыя трукi, толькi стрымана ўсмiхалiся. Другi дубль, трэцi... Машыну нарэшце спыняюць, а вадзiцеля арыштоўваюць.
Першы здымачны дзень, дарэчы, зацягнуўся да трох гадзiн ночы. "Нам было важна злавiць гэтую натуру - прыгожы каток, мноства людзей, вялiкая навагодняя ёлка, якая пералiваецца i ззяе агнямi, - тлумачыць рэжысёр Алег Фясенка. - Бо ёлку не сёння-заўтра ўжо прыбяруць, а губляць такiя прыгожыя кадры не хацелася б". Напэўна, з гэтай жа прычыны сцэнарысты iстотна перапрацавалi раман - у "Смяротным водары № 5" падзеi разгортваюцца ў сакавiку.
Надалей на здымках чакаецца "французскi госць" - хто гэта будзе, тэлевiзiйнiкi пакуль што не раскрываюць - i сапраўдны паказ мод, у якiм абяцаў прадэманстраваць свае калекцыi, стылiзаваныя "паводле творчасцi Шанэль", вядомы беларускi мадэльер Саша Варламаў.

Пра што фiльм?

У мадэльным агенцтве "Акропалiс" вiруюць жарсцi: на кантракт са знакамiтай кампанiяй "Шанэль" прэтэндуюць лепшыя мадэлi, i нават былыя сяброўкi ў iмгненне робяцца канкурэнткамi. Адна з iх, прыгажуня Веста, раптоўна трапляе пад колы аўтамабiля - пры вельмi цьмяных абставiнах. На месцы злачынства крымiналiст Уладзiмiр Сядоў знаходзiць загадкавы кулон. Журналiстка Лiка Вронская, з якой Сядоў знаёмiцца падчас расследавання, высвятляе: гэты кулон некалi належаў знакамiтай Габрыель "Како" Шанэль. Магчыма, нейкае дачыненне да гэтай каштоўнасцi маюць парыжскi пiяршчык Франсуа Пер'е, якi прыбывае ў "Акропалiс" з бiзнес-вiзiтам, гаспадыня агенцтва Iрына Суханава або маскоўскi бiзнэсмен Дзмiтрый Платаў. Як хутка высвятляецца, гэта толькi кветачкi: пакуль Сядоў i Вронская шукаюць доказы сваёй версii, гiбнуць яшчэ дзве дзяўчыны-мадэлi, i кола падазроных усё пашыраецца. Разгадаць загадку i расставiць усе кропкi над "i" галоўным героям дапаможа толькi смяротны водар...

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.