У госці да Коласавых землякоў

17.10.2014
"Звязда", 17 кастрычніка 2014 г.

 
Праект "Наперад у мінулае" зноў запрашае вас на чарговыя спатканні па нядзелях. Хочаце пачуць непаўторныя народныя песні? Даведацца, якімі традыцыямі жыве беларуская вёска? Тады не прапусціце новыя выпускі праграмы ў эфіры "Беларусь 3". 19 кастрычніка ў гледачоў будзе шанц пазнаёміцца з народным фальклорным калектывам "Коласавы землякі", пабываўшы ў вёсцы Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна. А 26 кастрычніка адбудзецца фальклорная экспедыцыя ў вёску Дзятлавічы, дзе пачуеце і пабачыце фальклорны гурт "Вытокі".
Стаўбцоўшчына - цікавы рэгіён, які размяшчаецца на мяжы трох гісторыка-культурных рэгіёнаў - Цэнтральнай Беларусі, Панямоння і Палесся. Гэта суцэльна лясная зона. Тут паселішчы размяшчаліся толькі па берагах рэк. І сустракаюцца як малыя вёскі ў некалькі двароў, так і вялікія, што, безумоўна, паўплывала і на песенную культуру гэтага рэгіёна. І сёння на Стаўбцоўшчыне можна сустрэць і старажытныя песенныя жанры - каляндарна-абрадавыя, сямейна-абрадавыя песні, і больш нядаўнія спевы абрадавага цыкла. І нават цэлымі "звязкамі" - цікавыя прыпеўкі. Гэта раён Налібоцкай пушчы, раён вялікіх рэк, дзе сустракаюцца некалькі плыняў розных культурных пластоў беларускай традыцыйнай культуры. Раён мяжуе з Гродзеншчынай, і гэта таксама ўплывае на традыцыйную культуру мясцовасці, і ў мове гэтага раёна вельмі шмат акання, што не можа не адбіцца на стылі, - адзначае этнограф Сяргей ВЫСКВАРКА. - Паэтычна-вобразная мова строф песень таксама своеасаблівая. Яны даволі кароткія і вельмі чуллівыя. Стаўбцоўшчына - радзіма Якуба Коласа. І ў яго вершах таксама адбіваліся тыя строфы, якія гучалі ў народнай традыцыйнай культуры. Гэтую культуру трэба захоўваць у яе першасным выглядзе. Каб наступныя пакаленні маглі бачыць яе такой жа, якой можам бачыць і чуць мы сёння.
Аказаўшыся ў філіяле літаратурнага музея Я. Коласа "Смольня", дзе ў 1912 годзе адбылася першая сустрэча беларускіх класікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа, зможаце пачуць любімую песню маці Коласа ў выкананні народнага фальклорнага калектыву "Коласавы землякі", даведацца пра традыцыі і песенную спадчыну гэтага рэгіёна. А ў выніку пачуеце арыгінальную версію адной з аўтэнтычных песень. Яе будзе выбіраць Вольга Плотнікава. Таму не забудзьце ўключыць тэлеканал "Беларусь 3" 19 кастрычніка ў 11.10 альбо паглядзець паўтор праграмы 23 кастрычніка ў 15.30.
А ў нядзелю 26 кастрычніка ў той жа час праект "Наперад у мінулае" зноў завітае на Палессе. І гледачы змогуць пабачыць і пачуць не толькі песні і танцы ў выкананні фальклорнага гурта "Вытокі", але і даведацца пра мясцовыя адметнасці ў абрадах, традыцыях. І, як заўсёды, пачуць, якой атрымаецца адна з народных песень у сучаснай апрацоўцы і ў выкананні гасцей праграмы - дуэта Лесі Кодуш і Вячаслава Нагорнага. А 30 кастрычніка ў 15.30 "Беларусь 3" пакажа вандроўку ў Дзятлавічы ў паўторным выпуску праграмы.