У фiнале нацыянальнага адбору - анёл, суперзоркi i фiласофскае пытанне

19.12.2006
"Звязда", 19 снежня 2006 г.


"Еўрабачанне-2007"
У пятнiцу позна вечарам прафесiйнае журы i тэлегледачы Беларусi займалiся "музычнай матэматыкай": падзялiўшы выступленнi 15 паўфiналiстаў тэлевiзiйнага музычнага конкурсу "ЕўраФэст" на свае чаканнi i ўяўленнi аб сапраўднай еўрапейскай музыцы, атрымалi 3 фiналiстаў.
У прынцыпе, зыход галасавання быў прадказальны. На карысць Дзмiтрыя Калдуна - харызма i ўсенародная любоў пасля "Фабрыкi зорак", "The Project" - прадуманая пастаноўка i гатовая "фiшка", Дзіяна Гурцкая - упершыню зорка такога ўзроўню ўдзельнiчае ў беларускiм адборы. Праўда, з абвяшчэннямi вынiкаў галасавання журы i гледачоў выйшла блытанiна: спачатку старшыня журы Мiхаiл Фiнберг назваў тры прозвiшчы, а вядучыя на сцэне паўтарылi толькi два - Калдун i "The Project", потым гледачы аддалi сiмпатыi зноў жа Дзiму Калдуну (4412 галасоў супраць 1999 у блiжэйшых сапернiкаў), а потым кiраўнiк адбору Аляксандр Цiхановiч у прамым уключэннi патлумачыў, што адбылася памылка: журы выбрала двух выканаўцаў - Дзіяну Гурцкая i "The Project", а гледачы - Дзiму Калдуна.
З астатнiх удзельнiкаў, здаецца, амаль нiкога не пакрыўдзiлi такiя вынiкi. Напрыклад, Уладзiмiр Кубышкiн, прадзюсар спявачкi Анi Шаркуновай, заявiў: "Калi б Аня выйграла, гэта была б катастрофа! Мы яшчэ не гатовы". Прадзюсар Алены Валошынай (LENA) Сяргей Ждановiч адзначыў, што выступленнем сваёй падапечнай цалкам задаволены, бо галоўнае было - засвяцiцца, а песня ў любым выпадку рацiруецца на радыё i трапiць у дэбютны альбом. Кампазiтар i аранжыроўшчык Сяргей Сухамлiн, якi разам з Леанiдам Вайтовiчам выйшаў "на падпеўкi" да канкурсанта № 15 Вiктара Пшанiчнага, з месца гучна абвясцiў: "Гэта - пыл, я i не такiя фестывалi прайграваў", - вiдаць, маючы на ўвазе леташняе "Еўрабачанне".
Задаволенымi здавалiся таксама iншыя дэбютанты конкурсу - гомельскi хлапчуковы гурт "Барнео" i мазырскiя "Сваякi", украiнка Iрына Ярына. "Мы з вамi пазнаёмiлiся, значыць, праграму-максiмум мы выканалi. Цяпер будзеце прыходзiць на нашы канцэрты. Я жадаю ўсiм творчага росту, i каб у наступным годзе ўсе ўзялi першыя месцы", - аптымiстычна прагназаваў салiст i кiраўнiк "Сваякоў" Аляксей Зайцаў. "Прыемна тое, што ў Беларусi адбор адкрыты, празрысты, i кожны можа ў iм паўдзельнiчаць. У нас выбар адбываецца закрытым шляхам. А тут вельмi шчыра, адкрыта i аднолькава цёпла ставяцца да ўсiх канкурсантаў", - расказала 19-гадовая Iрына Ярына, якая летась спрабавала сябе ва ўкраiнскiм адборы (заняла 3-е месца ў адным з паўфiналаў).
"Я адчувала сябе абсалютна свабодна, раскавана i ўпэўнена на сцэне, нiчога не баялася. Цi падам заяўку зноў? Не ведаю, трэба яшчэ пражыць цэлы год. Калi з’явiцца такое жаданне - чаму б не?" - разважала Наталля Тамела, для якой сёлетнi адбор стаў ужо трэцяй спробай. Вiктар Рудэнка, салiст гурта "Dali", якi штурмуе нацыянальны адбор у другi раз, паабяцаў, што "трэцi дубль" абавязкова будзе, i што для яго будуць прыдуманы новыя запамiнальныя фiшкi".
Цяпер уласна да фiналiстаў. Дзіяна Гурцкая, якая прайшла ў тройку з лiрычнай кампазiцыяй "How long" (можна перакласцi як "Дакуль?"), зрабiла камплiмент арганiзатарам беларускага адбору: "У параўнаннi з чатырма мiнулымi гадамi сёлета вельмi высокi ўзровень канкурсантаў i самога конкурсу, усё зроблена менавiта ў еўрапейскiх традыцыях, за што вялiкi дзякуй".
- Дзіяна, а чаму вы ўвогуле вырашылi прадстаўляць Беларусь? - не ўцярпелi журналiсты.
- А што, вам не спадабалася? - з чароўнай усмешкай перапытала спявачка. Атрымаўшы адказ "ну што вы, усё было выдатна", дала максiмальна палiткарэктнае тлумачэнне, якое адразу выключыла ўсе далейшыя пытаннi. - Проста мне вельмi падабаецца Беларусь i беларускi народ, таму я i прыехала сюды, каб расказаць вам пра гэта. А яшчэ для таго, каб вы мяне пра гэта спыталi. А мая песня, лiчу, цалкам падыходзiць для "Еўрабачання", бо я расказваю пра тое, што адчуваю. Я ж не магу хлусiць. Увогуле сёння ўсе артысты прафесiйна i класна спявалi пра тое, што адчуваюць - i гэтаксама зрабiла я.
Дзмiтрыю Калдуну было, бадай, цяжэй за ўсiх удзельнiкаў. Па-першае, заяўленая раней англамоўная песня "Get Up" была дысквалiфiкавана i лiтаральна ў апошнi момант спявак паспеў падаць кампазiцыю "Анёл мары", напiсаную iм у сааўтарстве з Дзмiтрыем Лiсам яшчэ да "Фабрыкi". Па-другое, у паўфiнал разам з iм прайшоў рок-гурт "Litesound", вельмi падобны па стылю музыкi i нават вакалу. Нарэшце, сцэнiчную пастаноўку хлопцу давялося прыдумваць самастойна i таксама ледзьве не ў апошнi дзень. Акрамя сяброў-музыкантаў, Дзiму дапамаглi "фабрычны" прыз (гiтара за 3000 долараў), фан-клуб (група падтрымкi з’явiлася ў зале ў "вядзьмарскiх" капелюшах i з вялiзнымi плакатамi "Калдун, ты лепшы!") i ўласнае неўмiручае жаданне перамагчы. Ну, i яшчэ, мабыць, незвычайны выгляд - чорны мэйк-ап на вачах...
- Канешне, я не быў у сабе ўпэўнены: усё ж песня не тая, што планавалася, ды яшчэ рускамоўная, - сумна пагадзiўся Дзiма. - Памяняю, гэта будзе баладная кампазiцыя, амаль саундтрэк. Яна ўжо амаль гатовая, але падрабязнасцi я пакуль патрымаю ў сакрэце - хопiць ужо, адну песню пахвалiў i вунь што атрымалася... Песнi iншых канкурсантаў, шчыра кажучы, я нават не слухаў, каб не расстройвацца, калi ў некага атрымалася лепш, чым у мяне. А сам галасаваў бы, напэўна, за "Litesound", iхняя музыка блiзкая мне па духу.
У iнтэрв’ю, якое тры фiналiсты давалi тэлебачанню адразу пасля конкурсу, Дзмiтрый пажадаў астатнiм удзельнiкам шчасця, удачы, поспехаў. "Але на "Еўрабачанне" я ўсё-ткi хачу сам паехаць".
Тэлевiзiйную трансляцыю паўфiналу "ЕўраФэста", дарэчы, маглi паглядзець з дапамогай Першага i "Беларусь-ТБ" жыхары 124 краiн свету. Многiя з iх, мяркуючы па вынiках рэйтынгаў i альтэрнатыўных Iнтэрнэт-галасаванняў, з выбарам журы нязгодныя. Але гэта iх асабiстае права, а выбар усё ж - наша ўнутраная справа. Хто больш меў рацыю, журы цi гледачы, пакажа фiнальны канцэрт, якi павiнен адбыцца ў студзенi. Зараз жа з тройкай фiналiстаў пачынаюць працаваць харэографы, рэжысёры i iншыя спецыялiсты, якiя падрыхтуюць нам шоу, а выканаўцам - паўнавартасныя нумары. Канчатковы выбар зробiць прафесiйнае журы, якое адкрытым галасаваннем абярэ прадстаўнiка Беларусi на Мiжнародны конкурс песнi "Еўрабачанне-2007" у Фiнляндыi.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.