У фармаце "Еўрабачання"

13.09.2007
"Звязда", 13 верасня 2007 г.


Сёння на сцэне Летняга амфітэатра ў Віцебску вызначыцца пераможца дзіцячага рэспубліканскага конкурсу "Песня для Еўрабачання". З 10 юных артыстаў журы (закрытым галасаваннем) сумесна з гледачамі (тэлефонным галасаваннем) выберуць прадстаўніка ад Беларусі на Міжнародны дзіцячы конкурс "Еўрабачанне-2007", які пройдзе для 18 краін-удзельніц 8 снежня ў Ротэрдаме (Галандыя). Прамая трансляцыя гала-канцэрта пачнецца ў 21.40 на Першым канале, "Беларусь-ТБ", а таксама на вялікім плазменным экране, усталяваным у цэнтры сталіцы, ля Палаца спорту.
Арганізацыя і форма правядзення канцэрта сёлета максімальна набліжаны да ўмоў "Еўрабачання". Па-першае, акрамя канкурсантаў, на сцэну выйдуць спецыяльныя госці - у тым ліку пераможцы мінулага дзіцячага "Еўрабачання" сёстры Талмачовы (Расія), усе "зорачкі" конкурсу мінулых гадоў - Вольга Сацюк, Ягор Ваўчок, Ксенія Сітнік і Андрэй Кунец, а таксама прадстаўнікі дарослага "Еўрабачання", дуэт Эліца Тодарава - Стаян Янкулаў (Балгарыя) і Верка Сярдзючка (Украіна). Па-другое, для ўдзельнікаў канцэрта прадугледжаны "грын-рум" ("зялёны пакой", памяшканне, у якім выступоўцы пад наглядам тэлекамер чакаюць абвяшчэння вынікаў). Па-трэцяе, падвядзенне вынікаў галасавання будзе таксама нагадваць міжнародны фармат: дзеці-вядучыя з рэгіянальных студый абвесцяць лідараў галасавання па кожнай з абласцей Беларусі. (Дарэчы, сярод юных тэлевядучых у некаторых рэгіёнах таксама праходзілі сур’ёзныя конкурсы на права абвяшчаць балы).
Тэлефоннае галасаванне - званкі для гледачоў бясплатныя - пачнецца адразу пасля выступлення фіналістаў. Пройдзе яно па звыклай схеме: 10 канкурсантаў - 10 нумароў - 10 хвілін на тое, каб аддаць свой голас. Набіраць трэба 8-803-100-03-ХХ, дзе ХХ - нумар упадабанага выканаўцы, ад 01 да 10. Як жартуюць у Белтэлерадыёкампаніі, тут мы і даведаемся, ці дзейнічае прынцып "Еўрабачання" "галасуем за сваіх" у Беларусі, ці нашы гледачы зробяць выбар усё ж па клічу сэрца, а не па геаграфічных прыкметах... Зрэшты, сярод удзельнікаў усе - свае, у сэнсе, нашы. І ўсім жадаем удачы!

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.