У эфіры і on-line

24.01.2007
"Рэспубліка", 24 студзеня 2007 г.


Радыёстанцыя "Беларусь" пашырае аўдыторыю замежных слухачоў
Сёлета сваё 45-годдзе адзначыць радыёстанцыя "Беларусь" (дырэкцыя замежнага вяшчання Беларускага радыё). У 1962 годзе выйшла ў міжнародны эфір першая праграма, адрасаваная суайчыннікам за мяжой. У той час - толькі на беларускай мове. Сёння перадачы радыёстанцыі "Беларусь" гучаць на пяці мовах - беларускай, нямецкай, рускай, англійскай і польскай. Агульны аб’ём вяшчання з гэтага года складае 19 гадзін у суткі, з якіх 9 гадзін - у радыёэфіры і 10 - у Інтэрнеце ў рэжыме "рэальнага часу". І надалей ён будзе павялічвацца.
- Сёння суверэнная Беларусь мае выдатную магчымасць расказваць у міжнародным эфіры пра тое, што адбываецца ў нашай рэспубліцы, як кажуць, з першых вуснаў. І мы імкнёмся, каб ніводны з аспектаў жыцця краіны не застаўся без асвятлення ў перадачах нашай радыёстанцыі, - гаворыць дырэктар Галоўнай дырэкцыі замежнага вяшчання Навум Гальпяровіч.
Цікавасць жа ў свеце да інфармацыі з Беларусі вялікая. Пра яе сведчаць водгукі шматлікіх радыёслухачоў з розных куткоў планеты. Сёння на адрас дырэкцыі замежнага вяшчання прыходзяць лісты з 37 краін, а Інтэрнет-сайт радыёстанцыі "Беларусь" наведваюць карыстальнікі больш як з 110 краін. Дарэчы, у Інтэрнеце, як і ў радыёэфіры, Беларусь таксама прадстаўлена на пяці мовах.
Найбольшая колькасць слухачоў радыёстанцыі "Беларусь" пражывае ва Усходняй Еўропе, чвэрць - жыхары Заходняй Еўропы, 18 працэнтаў слухаюць яе перадачы ў Азіі (Індыі, Пакістане, Ліване), каля 8 працэнтаў - у Амерыцы. Як сведчаць вынікі апытанняў, спецыяльна праведзеных Галоўным інфармацыйна-аналітычным цэнтрам Белтэлерадыёкампаніі, даволі часта слухаюць радыёстанцыю "Беларусь" 40 працэнтаў рэспандэнтаў, некалькі разоў у тыдзень - каля 30 працэнтаў, час ад часу - каля 20 працэнтаў. 56 працэнтаў ад агульнай колькасці слухачоў маюць вышэйшую адукацыю. Узроставы паказчык аўдыторыі - ад 15 да 50 гадоў, прычым найбольшая цікавасць да перадач назіраецца ва ўзроставых групах ад 15 да 25 гадоў і ад 36 да 45 гадоў. Вынікі даследаванняў дазваляюць выдзеліць і тэмы, якім аддаюць перавагу радыёслухачы. На першым месцы - інфармацыя аб паўсядзённым жыцці і клопатах звычайных грамадзян, затым - культура, знешняя і ўнутраная палітыка дзяржавы, эканоміка, міжнародныя адносіны. Разам з тым вялікую цікавасць выклікаюць у замежных слухачоў чытанні твораў беларускай класікі, а таксама вывучэнне беларускай мовы.

Ірына СВІРКО.