У эфіры - беларуская літаратура

02.11.2002
"Звязда", 2 лістапада 2002 г.


3 лістапада першы канал Беларускага радыё пачаў працаваць у так званым "бясшвовым" рэжыме - г.зн. эфірны час не будзе падзелены на асобныя перадачы, у кожнага адрэзка часу будзе свой вядучы, а ўжо ў межах гэтага часу будуць з'яўляцца аўтарскія праекты.
Штовечар па буднях з паловы адзінаццатай да адзінаццаці эфірны час будзе цалкам адведзены новым аўтарскім літаратурным праграмам. Ірына Шаўлякова ў "Сентыментальным паляванні" будзе расказваць пра асаблівасці сучаснага літаратурнага працэсу. Праграма Галіны Шаблінскай "Палітра" - своеасаблівы аналітычны погляд на нашу літаратуру. У праграме "Авансцэна" Святлана Шаліма раскажа пра беларускую драматургію, а Навум Гальпяровіч у праекце "Брама" адкрые шлях пісьменнікаў да слухачоў, а слухачоў - да пісьменнікаў.
Па выхадных слухачы першага канала змогуць зазірнуць на "Літаратурны праспект" і ў "Кнігарню" і даведацца пра навіны літаратуры і кніжнага рынку. Пісьменнік Алесь Бадак рыхтуе праграму "Паэт і муза" - перадачу пра каханне ў жыцці вядомых творцаў. Той, каму не спіцца пасля поўначы, зможа паслухаць у эфіры "Кароткія гісторыі" - творы класікаў нашай і сусветнай літаратуры ў перакладзе на беларускую мову.