У эфір!

30.01.2013
"Рэспублiка", 30 февраля 2013 г.


У Беларусі пачынае вяшчанне першы ў нашай краіне сацыякультурны тэлеканал.
Восьмага лютага тэставае вяшчанне пачынае тэлеканал "Беларусь 3" - першы сацыякультурны канал у нашай краіне, мэта якога - забяспечыць асвятленне дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі ў сферы культурнага жыцця рэспублікі, паведамілі "Р" у прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.
Новы тэлеканал закліканы фарміраваць нацыянальны партрэт самаідэнтычнасці беларускай культуры і беларускага грамадства ў цэлым і разлічаны на гледачоў з досыць выразнымі жыццёвымі ўстаноўкамі ў дачыненні да нацыянальнай культуры.
У эфіры канала "Беларусь 3" будзе прадстаўлена тэлевізійная і кінапрадукцыя, вырабленая ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама ў іншых краінах. Аснову эфіру ў буднія дні складзе тэматычная падборка фільмаў пад назвай "Мая Беларусь", якая аб'ядноўвае лепшыя ўзоры кіна- і тэлевізійнай дакументалістыкі. На працягу дня таксама будуць трансліравацца праграмы аб тэатры, кіно, літаратуры, музыцы, традыцыях, прыродзе, пра людзей, якія стваралі нацыянальную гісторыю і ўзбагачалі беларускую культурную спадчыну.
Мяркуецца, што ў далейшым тэлеканал "Беларусь 3" прадставіць таксама мастацкія фільмы і серыялы - экранізацыі класічных літаратурных твораў, лепшыя фільмы беларускай вытворчасці, фільмы - удзельнікі сусветных кінафэстаў, тэатральныя спектаклі, канцэрты класічнай і сучаснай музыкі.
З 8 лютага ў праграме новага тэлеканала з'явіцца перадача для самых маленькіх "Калыханка" (цяпер яна выходзіць на канале "Беларусь 1"), а ў далейшым тэлегледачы змогуць глядзець на "Беларусь 3" праграму пра лёсы людзей "Таямніцы душы" і арыгінальны сацыякультурны тэлепраект "Ды@блог" - эфірны дыялог на актуальныя тэмы праз інтэрактыўныя зносіны з тэлегледачамі ў сетцы Інтэрнэт.

Ірына СВІРКО, "Р".