У "Добрай раніцы Беларусь" - папаўненне

23.05.2014
"Звязда", 23 мая 2014 г.


На тэлеканале "Беларусь 1" у праграме "Добрай раніцы Беларусь" кадравае папаўненне. Цяпер у пары з Надзеяй Цімафеевай будзе працаваць радыёвядучы Сцяпан Гутнікаў.
- З Новага года ад нас сышоў Алег Ціткоў, і Надзея засталася без пары. Увесь гэты час вядучыя працавалі ў такім складзе - 4 дзяўчыны і 3 хлопцы. Паралельна мы шукалі новага кандыдата. Праводзілі кастынгі, некага зацвярджалі, потым нешта змянялася. Каля трыццаці чалавек прагледзелі - былі і акцёры, і шоўмены, і радыёвядучыя. Ніяк не маглі знайсці нікога, - расказала кіраўнік праекта "Добрай раніцы, Беларусь" Алена Дзяшкевіч. - Потым на "Рускае радыё" прыйшоў новы хлопец у "Стол замоў", і ў мяне, калі паслухала яго некалькі разоў у эфіры, склалася ўражанне, што гэта светлы, пазітыўны чалавек. Я знайшла яго ў сацыяльных сетках, каб паглядзець знешнасць, і тут усё сышлося. Вельмі абаяльны. Запрасілі яго на кастынг. Кіраўніцтва яго таксама адобрыла. Ён на працягу месяца вучыўся пасля эфіраў з рознымі нашымі вядучымі, потым мы прадставілі Сцяпана на Дзень тэлебачання ў спецпраекце. І вось пачынаем пакрыху працаваць. Першы прамы эфір быў днямі, Сцяпан адпрацаваў проста выдатна.
За 15 гадоў існавання праграмы змены ў парах адбываліся неаднаразова, таму час пакажа, як спрацуе новы творчы тандэм. 

Алена ДРАПКО.