У дэлегаты на "Еўрабачанне" запісаліся "N.R.M." і Алена Ланская

25.10.2012
"Звязда", 25 кастрычніка 2012 г.


Каля 60 выканаўцаў і калектываў жадаюць паспаборнічаць за права прадстаўляць Беларусь на "Еўрабачанні-2013". Але гэта лічба не канчатковая - нягледзячы на тое, што апошнім днём прыёму заявак абыло абвешчана 22 кастрычніка, некаторыя каштоўныя бандэролі, датаваныя гэтым днём, могуць прыйсці да канца бягучага тыдня, і ўсе яны абавязкова будуць разгледжаныя. 75 выканаўцаў і калектываў жадаюць паспаборнічаць за права прадстаўляць Беларусь на "Еўрабачанні-2013".
Сярод ужо заяўленых ахвотнікаў ёсць добра знаёмыя слухачам імёны, як адроджаны наноў калектыў "Аtlаntіса", леташні фіналіст адбору Юзары (ён даслаў дзве заяўкі - як выканаўца і аўтар песні для іншага артыста), самы першы беларускі канкурсант дуэт "Аляксандра і Канстанцін", Макс Лорэнс ці заўсёднік апошніх год гурт "Аurа". Нечакана для большасці прыхільнікаў скочыў у апошні вагон гурт "N.R.M." на чале з Пітам Паўлавым, менавіта 22 кастрычніка адправіўшы на конкурс стылізаваную этна-кампазіцыю "Кузнічка". Таксама ў апошні момант паведаміла аб сваім удзеле ў конкурсе і адна з леташніх фаварытак адбору Алена Ланская, аб чым, зрэшты, пільныя прыхільнікі лёгка маглі здагадацца яшчэ тыдзень таму, калі ў сацыяльных сетках распачаўся надзвычай актыўны піяр новай песні артысткі. Ветэран і неаднаразовы фіналіст нацыянальных адбораў спявачка Гюнэш, наадварот, загадзя падкрэсліла, што для сябе гэты конкурс закрыла - што таксама не дзіўна, улічваючы актыўную падрыхтоўку дзяўчыны да будучага вяселля. Ёсць у шэрагах прэтэндэнтаў і іншыя сюрпрызы рознай ступені нечаканасці, але да канца праслухоўвання - 31 кастрычніка - аб іх казаць пакуль што ранавата.
Затое самы час паведаміць, хто будзе сёлета "журыць" нацыянальны адбор. У судзейскую калегію ўвайшлі 17 чалавек - кампазітары, прадзюсары, прадстаўнікі тэле- і кінаіндустрыі, сярод якіх, напрыклад, старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька (старшыня журы), цяперашні кіраўнік канала БелМузТБ Сяргей Кухто, адказны за самае першае для Беларусі "Еўрабачанне" Уладзімір Максімкаў, галоўны рэжысёр Белдзяржцырку Сяргей Бандарчук, народныя артысты Беларусі Анатоль Ярмоленка і Аляксандр Ціхановіч, кінарэжысёр Аляксандр Яфрэмаў, кампазітар і музыкант Уладзімір Угольнік, загадчык кафедры духавой музыкі БДУК Віктар Валатковіч ды іншыя. Да сярэдзіны лістапада журы мусіць вызначыць да 15 удзельнікаў паўфіналу адбору, а на 7 снежня прызначаны фінальны канцэрт, падчас якога суддзі і тэлегледачы сумесна абяруць пераможцу нацыянальнага адбору - прадстаўніка Беларусі на "Еўрабачанні-2013" у Швецыі, і двух яго дублёраў - на ўсякі выпадак.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.