У Беларусi пачынаецца нацыянальны адбор на "Еўрабачанне-2010"

30.01.2010
"Звязда", 30 снежня 2010 г.


Шукаць афiцыйнага прадстаўнiка нашай краiны на конкурсе песнi, якi адбудзецца напрыканцы мая ў Нарвегii, як i раней, будзе Белтэлерадыёкампанiя. Але правiлы адбору iстотна зменяцца.
Пачаць хоць бы з таго, што ўзроставая планка для кандыдатаў стала нiжэйшай на два гады - цяпер да ўдзелу дапускаюцца выканаўцы, якiм на 24 мая гэтага года павiнна быць не менш як 16 гадоў. Грамадзянства як выканаўцы, так i аўтара песнi значэння не мае. Песню могуць прадставiць максiмум 6 артыстаў.
Патрабаваннi да песнi, як i раней - працягласць 3 хвiлiны i невыкананне публiчна да 1 кастрычнiка 2009 года. Наконт тэксту песнi ў палажэннi ўказана - "на беларускай i/цi рускай, а таксама англiйскай мове", i яшчэ ёсць рэмарка - "змест вершаў i манера выканання песнi не павiнны наносiць шкоды рэпутацыi конкурсу". Цалкам палажэнне аб нацыянальным адборы i формы неабходных заявак змешчаныя на сайце www.tvr.by у раздзеле "Праекты".
Ахвотным трэба да 15 лютага даслаць заяўку (каштоўнай бандэроллю) з пазнакай "Конкурс песнi "Еўрабачанне-2010" на адрас Белтэлерадыёкампанii - 220807, г. Мiнск, вул. Макаёнка, 9. Паводле слоў арганiзатараў, не пазней за 10 сакавiка спецыяльная фокус-група, створаная з прадстаўнiкоў розных беларускiх тэлерадыёкампанiй, адбярэ i абвесцiць прадстаўнiка Беларусi на сёлетнiм конкурсе. Будзе абраны i рэзервовы выканаўца, але праспяваць у Осла ён зможа толькi калi здарыцца форс-мажорная сiтуацыя з "асноўным" артыстам.
Нагадаем, мiжнародны конкурс песнi "Еўрабачанне-2010" адбудзецца сёлета ў Осла з 25 па 29 мая. Ужо з 9 лютага пачнецца акрэдытацыя прэсы i фан-клубаў на песеннае шоу. Тым часам сярод 39 краiн-удзельнiц большая частка яшчэ не вызначылася са сваiмi прадстаўнiкамi. У Расii прыём заявак, напрыклад, завершыцца 1 лютага, пры тым раскручаныя артысты пакуль што не выказвалi жаданнi паўдзельнiчаць у адборы. Затое ўжо зрабiлi свой выбар Украiна, Грузiя, Боснiя i Герцагавiна, Балгарыя, Албанiя, Бельгiя, Ізраiль, Турцыя i Швейцарыя.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.