У агародзе бузіна, у Кіеве - Еўрабачанне

19.05.2005
"Звязда", 19 мая 2005 г.


...Хоць ты лекцыi пiшы на тэму "Кiеў - горад кантрастаў"! Нязвыклае надвор’е, нязвыклы транспарт i - абсалютна нязвыклая атмасфера яднання. Лiстоўкi, расцяжкi, транспаранты, плакаты, бiгборды, усемагчымыя рэкламныя аб’явы з сiмволiкай "Еўрабачання" робяць увесь горад жоўта-зялёна-сiнiм. Забыцца на тое, што Кiеў прымае сёлета цi не найбуйнейшы ў гiсторыi еўрапейскi фестываль, проста немагчыма. Зрэшты, кiяўляне i не забываюцца. "Тое, што з дапамогай Русланы Украiну будуць больш ведаць у свеце, тое, што яна выйграла мiнулагоднi конкурс i прывезла яго ў Кiеў - гэта да чорцiкаў прыемна!" - кажуць мясцовыя жыхары.
(Беларускiя журналiсты, заўважу ў дужках, адчулi сябе далучанымi да шоу яшчэ раней - пакуль ехалi ў поездзе. Састаў "Мiнск-Кiеў" завешаны плакатамi Анжэлiкi Агурбаш, у купэ чутна яе песня - гэта начальнiца цягнiка па ўласнай iнiцыятыве наладзiла такую "аўдыёпрапаганду".)
Першыя кiеўскiя ўражаннi словамi не перадасi. Едзем да гасцiнiцы. З аднаго боку, ля Вярхоўнай Рады, мiтынгуюць крымскiя праваабаронцы, якiя заклiкаюць "Майдан, прачнiся, за меч вазьмiся!", з другога - хрэсны ход... I толькi ля Палаца спорту натоўпы людзей, якiя дакладна ведаюць, дзеля чаго прыйшлi: а цi не будзе лiшняга бiлецiка калi не на паўфiнал-фiнал, то хоць бы на генеральную рэпетыцыю? Мяркуючы па ўсiм, бiлеты яшчэ ёсць - ва ўсякiм разе, перакупшчыкi змоўнiцкiм шэптам прапануюць "унiкальную i апошнюю магчымасць убачыць супершоу на свае вочы".
Час сапраўды не церпiць: паўфiнал "Еўрабачання" пачнецца ўжо сёння а дзесятай вечара. Прадстаўнiца Беларусi Анжэлiка Агурбаш выступiць пад 8-м нумарам, пасля Iзраiля i перад Нiдэрландамi. Шоу будзе транслiравацца на Першым нацыянальным тэлеканале ў прамым эфiры, а вось мы (у сэнсе акрэдытаваныя на 50-ы мiжнародны конкурс песнi журналiсты) яго, на жаль, пабачым толькi ў прэс-цэнтры на вялiзным экране. "Страдать иль наслаждаться" вынiкамi Беларусi, стане вядома дзесьцi а першай гадзiне ночы, але - ужо 20 мая. Пакуль жа стаўкi на выхад Анжэлiкi ў фiнал вельмi i вельмi прыемныя для нас. "Ну, ваша Анжэлiка - гэта ж мо-оц!" - з лёгкай зайздрасцю кажуць украiнскiя калегi. Сярод найбольш верагодных прэтэндэнтаў на выхад у фiнал (нагадаю, з 25 паўфiналiстаў такiх шчаслiўчыкаў будзе ўсяго 10) называюць таксама iзраiльцянку, дзве балтыйскiя каманды - з Лiтвы i Латвii, Нарвегiю (вельмi стыльнае выступленне, паводле папярэднiх прагнозаў, замахваецца на верхнiя радкi ў фiнале), Iсландыю, Румынiю (традыцыйна моцны вакал) i Малдову (па-першае, гурт "Zdob si zdub" - даволi раскручаная i папулярная каманда, а па-другое, бабуля з барабанам на сцэне - гэта здорава!).
Пасля таго, як усе 25 паўфiналiстаў адспяваюць, будуць паўтораны фрагменты з кожнага выступлення i пачнецца самае хвалюючае - тэлефоннае i SМS глядацкае галасаванне. На яго адведзена ўсяго 10 хвiлiн, затое ўдзел у вызначэннi фiналiстаў возьмуць усе 39 краiн-удзельнiц сёлетняга "Еўрабачання". Пасля вядучыя назавуць 10 герояў, якiя будуць змагацца за перамогу 21 мая. Месца ў фiнале, нагадаю, сабе ўжо забяспечылi 14 краiн: члены так званай "вялiкай чацвёркi" (Вялiкабрытанiя, Германiя, Iспанiя, Францыя) i дзесятка лепшых па вынiках фiналу "Еўрабачання-2004": Албанiя, Боснiя i Герцагавiна, Грэцыя, Кiпр, Мальта, Расiя, Сербiя i Чарнагорыя, Турцыя, Украiна, Швецыя.
...А пакуль Анжэлiка рыхтуецца да выхаду (на сцэну i, будзем спадзявацца, у фiнал), у Беларусi выйшаў яе новы альбом "Правiлы кахання", якi сабраў 12 новых песень спявачкi. Як яна ўсё паспявае - не пытайцеся, таямнiца гэта вялiкая ёсць. Калi хопiць цярпення, пасядзiце сёння ля тэлевiзараў да заканчэння шоу, калi не - крыху пачакайце: вынiкi яго я абавязкова паведамлю!

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК, Кіеў.