У Стакгольме ўсё гатова для старту "Еўрабачання"

06.05.2016

"Звязда"

Лічаныя дні засталіся да аднаго з самых буйных і папулярных у свеце забаўляльных тэлевізійных шоу - песеннага конкурсу "Еўрабачанне". Калі быць дакладным, конкурс, сімвалам якога сёлета сталі кветкі дзьмухаўца, ужо стартаваў - усе артысты і нацыянальныя дэлегацыі, уключаючы каманду з Беларусі, прыбылі ў шведскую сталіцу і поўным ходам рэпеціруюць, раздаюць інтэрв'ю ды ўдзельнічаюць у шматлікіх афіцыйных, дабрачынных, культурна-асветніцкіх і забаўляльных мерапрыемствах. Аднак тэлегледачы (а да аўдыторыі "Еўрабачання-2016" упершыню далучыліся нават ЗША!) цалкам убачаць гэта свята музыкі толькі 10 мая, падчас першага паўфіналу. 12 мая беларускія заўзятары конкурсу будуць трымаць кулакі на ўдачу нашага прадстаўніка ІVAN'а, а ў канцы наступнага тыдня, 14 мая, мы даведаемся імя новага трыумфатара і ўлюбёнца публікі.

61-е па ліку "Еўрабачанне" аб'яднала ні многа ні мала - 42 краіны, прычым не толькі з еўразійскага кантынента. Нагадаем, з конкурснай дыстанцыі сышла толькі Румынія, якую арганізатары такім чынам аштрафавалі за нявыплату ўзносаў у ЕВС.

Безумоўна, загадзя "а можна ўсіх паглядзець" не атрымаецца, дый, напэўна, бессэнсоўная гэта справа - усе выканаўцы наўрад ці запомняцца. Таму прапануем пазнаёміцца бліжэй толькі з некаторымі ўдзельнікамі шоу, якія могуць быць цікавымі беларускім гледачам.

Усход, Захад і крыху экзотыкі

Бадай, галоўным фаварытам сёлетняга песеннага спаборніцтва лічыцца прадстаўнік Расіі Сяргей Лазараў. Прынамсі, вядучая еўрапейская букмекерская кантора Wіllіam Hіll прымае стаўкі на яго перамогу з высокім каэфіцыентам 3,0 (летась дакладна такі ж быў у шведа Монса Зелмерлёва, які ў выніку і выйграў "Еўрабачанне"). Нягледзячы на такія авансы — а можа, і ў памкненні іх апраўдаць, - артыст разнявольвацца не стаў і прыляцеў у Стакгольм адным з першых. Лазараў уразіў міжнародную прэсу надзвычайнай працаздольнасцю і сапраўды эфектным нумарам — не толькі высокатэхналагічным, але і акрабатычным!

Шанцы Украіны, якая летась прапусціла конкурс па вядомых прычынах, папярэдне ацэньваюцца не вельмі высока - у спісе букмекераў на перамогу спявачка Сусанна Джамаладзінава, больш вядомая як Джамала, стаіць толькі 8-й. Тым не менш артыстка прымусіла гаварыць аб сабе задоўга да пачатку "Еўрабачання", падрыхтаваўшы да конкурсу песню "1944", якая прысвечана рэпатрыяцыі крымскіх татар. Многія былі ўпэўнены, што за такі ход Джамалу дыскваліфікуюць (нагадаем, на "Еўрабачанні" забаронены песні з палітычным падтэкстам). Аднак арганізатары палічылі, што ў дадзеным выпадку гаворка ідзе не пра палітыку, а пра гісторыю, з якой факта не выкінеш, і песню да ўдзелу дапусцілі.

Не палохайцеся адчування дэжавю пры зірку на прадстаўніка Літвы Доні Монтэла. Так, гэта ён, пераможца нашага "Славянскага базару - 2008" Данатас Монтвідас, які ўжо выступаў на "Еўрабачанні" ў 2012 годзе і вырашыў зноў паспрабаваць удачы. Спявак не ўтойвае, што марыць прывезці еўрапейскае шоу ў Літву. Чаму б і не - другая спроба, як пацвердзіў Дзіма Білан, бывае ўдалай, так што няма перашкод жаданню патрыётаў.

Не першы раз штурмуюць конкурс таксама Полі Генава з Балгарыі, Іра Лоска з Мальты, спявачка Каліопі з Македоніі і некаторыя іншыя артысты, якія раней выступалі ў складзе калектываў.

...Тэндэнцыя апошніх гадоў, што назіраецца і на цяперашнім "Еўрабачанні", - так званыя музычныя легіянеры, якія пражываюць ці з'яўляюцца грамадзянамі адной краіны, а выступаюць за другую. Вось так і атрымліваецца, што фармальна Турцыі, якая байкатуе конкурс з 2013 года, і сёлета ў шэрагах удзельнікаў няма, а фактычна - турэцкі артыст Серхат Хаджыпашаліаглу прадстаўляе Сан-Марына. Заўважым, Серхат, які з'яўляецца адным з самых узроставых удзельнікаў 61-га "Еўрабачання" (яму за 50), па першай адукацыі стаматолаг і толькі потым тэлевізійны прадзюсар і спявак.

Ці ўзяць Францыю, прадстаўнік якой Амір упэўнена трымаецца ў лідарах паводле прагнозаў букмекераў. У генеалагічным дрэве ізраільцяніна Аміра Хадада, акрамя яўрэйскіх і французскіх каранёў, прысутнічаюць таксама іспанскія, мараканскія і туніскія галіны. Дарэчы, Амір - будзеце смяяцца - таксама атрымаў прафесію стаматолага, але паўдзельнічаў у талент-шоу ў Ізраілі, затым у Францыі, і з зубалячэбнай практыкай развітаўся на карысць кар'еры.

Нязвыклую заяўку сёлета зрабіла і Фінляндыя: ніякіх там брутальных рокераў-скандынаваў, спявачка Санд'я па маці - індыянка з доляй гаянскай крыві (Гаяна - краіна ў Паўднёвай Амерыцы. - Аўт.). А яшчэ яна прафесійная медсястра і вопытны кікбаксёр з шэрагам медалёў.

Але, бадай, самага экзатычнага дэлегата на "Еўрабачанне" абрала леташняя дэбютантка Аўстралія. Гэту заморскую краіну прадстаўляе пераможца нацыянальнага шоу "X-Factor" этнічная карэянка Дамі Ім, якая ў свае 28 гадоў мае на творчым рахунку 4 альбомы і вялікія планы на будучую музычную кар'еру. Букмекеры, дарэчы, бачаць спявачку ў топ-5 лідараў конкурсу, прымаючы стаўкі на яе перамогу з каэфіцыентам 1:15.

Нашы людзі ў Стакгольме

2 мая адправілася ў Швецыю і беларуская дэлегацыя: спявак ІVAN, некалькі шведскіх бэк-вакалістаў, прадстаўнікі Белтэлерадыёкампаніі і супрацоўнікі прадзюсарскага цэнтра Віктара Дробыша. З сабой прывезлі баявы настрой, прома-прадукцыю і сувеніры для прыхільнікаў (у тым ліку традыцыйныя дыскі, майкі, "фірменны" алкаголь), а таксама абяцанне здзівіць-такі Еўропу выступленнем "ню" і жывымі ваўкамі на сцэне.

Для тых, хто прапусціў нацыянальны адбор ці наўпрост любіць задавацца пытаннем "хто гэта?", напомнім: ІVAN - сцэнічны псеўданім ураджэнца Гомеля Аляксандра Іванова. 21-гадовы юнак з музычнай сям'і некалькі гадоў таму перабраўся ў Санкт-Пецярбург, паспяхова выступіў у некалькіх конкурсах, удзельнічаў у тэлепраекце "Галоўная сцэна", дзе трапіў пад крыло вядомага прадзюсара Віктара Дробыша і ў выніку стаў адным з артыстаў, якія паехалі на "Еўрабачанне" ад Беларусі, так бы мовіць, праз Расію.

Для еўравізійнага шоу каманда ІVAN'а прыдумала артысту яркі сцэнічны вобраз - цяпер адным ён нагадвае друіда, другім персанажа ірландскіх казак або героя фільма "Аватар", але галоўнае, што дакладна затрымліваецца ў памяці.

Ужо 4 мая адбылася першая рэпетыцыя нашага ўдзельніка ў Стакгольме. Яе чакалі з асаблівым нецярпеннем. Яшчэ б: чаго ў прадзюсара Віктара Дробыша не адняць, дык гэта ўмення правакаваць і падаграваць інтарэс публікі. Таму журналісты напружыліся ў чаканні скандалу - выйдзе беларус без адзення і будзе дыскваліфікаваны, альбо папярэдняя піяр-кампанія была толькі фікцыяй, і тады артыста абвінавацяць у падмане чаканняў? І што б вы думалі - аркестр, туш! - камандзе пастаноўшчыкаў нумара Беларусі ўдалося і выканаць усе правілы конкурсу, і стрымаць абяцанне: ІVAN на сцэне аголены і з ваўкамі. Як так?! Выйсце насамрэч, як і прадказвала "Звязда", знойдзена элегантнае і простае (хоць у тэхнічным сэнсе, наадварот, складанае): артыст і драпежнікі — гэта галаграмы! Што называецца, ведай нашых. Наогул, у нумары нечакана многа дзеючых асоб, пры гэтым правіла конкурсу, паводле якога колькасць выступоўцаў абмежавана 6 чалавекамі, зноў-такі не парушанае. У чым сакрэт — раней часу раскрываць не будзем, каб не сапсаваць інтрыгу. Паводле інфармацыі калег, якія знаходзяцца цяпер у Стакгольме, еўрапейская прэса і заўсёднікі конкурсу прынялі выступленне беларуса больш чым цёпла, і неафіцыйныя стаўкі на паспяховы выхад спевака ў фінал рэзка ўзляцелі ўверх - уласна, як і заклікае песня "Help you fly".

Рэчы, якіх вы не ўбачыце

Мяркуючы па першых рэпетыцыях, па творчым напаўненні 61-ты песенны конкурс чагосьці рэвалюцыйнага не абяцае. Як заўжды, будуць нумары з пераапрананнем (сёлета такія прадставяць як мінімум Ніна Кральіч з Харватыі і прадстаўніца Мальты Іра Лоска), будзе лёгкі кавалачак цяжкага року ад прадстаўнікоў Кіпра, гурта "Mіnus One" (вы іх лёгка пазнаеце па каляровай барадзе гітарыста Харыса Пары і музыках за кратамі), будуць арыгінальныя прыдумкі (скажам, спявачка Івета Мукучан з Арменіі выступіць у акружэнні 3D-праекцый... самой сябе), будуць модныя фрыкі (напрыклад, прадстаўніца Германіі Джэймі-Лі Крывіц выступіць у вобразе жывога персанажа коміксаў аніме, а Рыка са Швейцарыі няўмольна нагадвае Мальвіну сваімі блакітнымі валасамі). Яшчэ будзе як ніколі шмат прыгожых дзяўчат - сольных спявачак у гэтым годзе 21, або роўна палова ад усіх удзельнікаў конкурсу. Але ўсё гэта мы ўбачым падчас паўфінальных і фінальнага канцэртаў, таму лепш згадаем, чаго на сёлетнім "Еўрабачанні" не будзе.

Галоўнае "не" - не будзе ранейшай схемы галасавання, паводле якой пераможца часам рабіўся відавочным задоўга да канца шоу. Паводле змененых правілаў, ацэнкі нацыянальных журы і гледачоў будуць абвешчаны паасобку, каб зрабіць конкурс больш захапляльным і пратрымаць інтрыгу як мага даўжэй.

Таксама не будзе асабліва шыкоўных нацыянальных вечарынак і празмернай колькасці атрыбутыкі "Еўрабачання" па ўсёй шведскай сталіцы. Крызіс прымусіў нават багатыя краіны не тое каб зацягнуць паясы, але істотна перагледзець схему выдаткаў. Наогул, бюджэт шоу 2016 года, паводле папярэдніх ацэнак арганізатараў, мусіць скласці не больш як 120 мільёнаў шведскіх крон (каля 13 мільёнаў еўра).

Як стала вядома днямі, на канцэртах "Еўрабачання" не будзе пэўных сцягоў - арганізатары афіцыйна забаранілі дэманстрацыю сімволікі Крыма, Палесціны, ДНР, Косава і некаторых іншых аўтаномій, а таксама сімволікі ІГІЛ. Калі апошні пункт цалкам лагічны, то наконт усіх папярэдніх разгарэўся шэраг скандалаў.

Зрэшты, думаецца, для беларусаў усе названыя факты далёка не самая значная нагода для перажыванняў. Куды больш сумна, бо ў каторы раз за 13 гадоў, што наша краіна ўдзельнічае ў конкурсе, на сцэне "Глобен-Арэны" зноў не прагучыць песня на беларускай мове... Але гэта, безумоўна, асобная тэма, якая датычыцца не толькі і не столькі "Еўрабачання". Пакуль жа, шаноўныя гледачы - настройцеся на музычную хвалю, глядзіце вачыма, а галасуйце сэрцам!

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.