У конкурсе сэлфі "Прывітанне, Беларусь!" вызначаны фіналісты

01.04.2016

"Звязда"

У конкурсе сэлфі "Прывітанне, Беларусь!", які праводзіць Міжнароднае радыё "Беларусь", вызначаны фіналісты. На фінішную прамую выйшлі 7 прэтэндэнтаў, а хто стане пераможцам, пакажа фінальнае галасаванне.

Нагадаем, што стартавала спаборніцтва ў снежні мінулага года. Яго ўдзельнікам патрэбна было прадставіць свае сэлфі, якія сімвалізавалі б веданне Беларусі, любоў і цікавасць да нашай краіны, а таксама веданне праграм радыё "Беларусь". Сюжэт фотаздымка павінен быў адлюстроўваць спецыфіку ці каларыт той мясціны, дзе праводзіліся здымкі. Абавязковая ўмова - гэта наяўнасць надпісу "Прывітанне, Беларусь!" на любой мове ў вольнай форме.

Свае фота для ўдзелу ў конкурсе адправілі прадстаўнікі 18 краін: з Алжыра, Бангладэш, Беларусі, Бразіліі, Венесуэлы, Германіі, Індыі, Інданезіі, Канады, Кітая, Кувейта, Нігерыі, ААЭ, Пакістана, Польшчы, Расіі, ЗША, Турцыі.

Як адзначаюць арганізатары конкурсу, такая разнастайная геаграфія сведчыць пра наяўнасць інтарэсу да нашай краіны за мяжой, а таксама пра тое, што ў розных краінах слухаюць праграмы радыё "Беларусь". Найбольшую колькасць галасоў атрымалі сэлфі Дзітмара Вольфа з Германіі, Мітула Кансала з Індыі, Эфэ Сельчук Эке з Турцыі, калектыву аддзела кадраў Беларускага пратэзна-артапедычнага аднаўленчага цэнтра з Беларусі, Яраслава Еджэйчака (Польшча), Лі Сю (Кітай), прэзідэнта клуба анлайн-слухачоў радыё "Беларусь" Аміра Джамееля (Пакістан).

Шорт-ліст фіналістаў складзены па выніках галасавання наведвальнікаў сайта радыё "Беларусь", дзе размешчаны ўсе фота, дасланыя на конкурс яго ўдзельнікамі.

У галасаванні за ўпадабаныя сэлфі канкурсантаў удзельнічала больш за 50 тысяч наведвальнікаў. А вось аддаць свой голас за аднаго з фіналістаў можна было на сайце радыё "Беларусь" www.radіobelarus.tvr.by.

Па выніках фінальнага галасавання будуць вызначаны фіналісты конкурсу "Прывітанне, Беларусь!" і ўладальнікі спецыяльных прэмій. Іх імёны даведаемся на цырымоніі ўзнагароджання ў красавіку.

Алена ДРАПКО.