У хіт-парадзе Сто песень для Беларусі" - новыя вядучыя

18.09.2015

"Звязда"

У новым тэлевізійным сезоне прыхільнікаў культуралагічнага канала "Беларусь 3" чакае шмат сюрпрызаў, напрыклад, новыя вядучыя любімых праектаў, у ліку якіх і хіт-парад "Сто песень для Беларусі". Цяпер агучваць вынікі і прадстаўляць новыя кампазіцыі ў эфіры будуць Вольга Сацюк і Кірыл Ермакоў, добра знаёмыя гледачам як удзельнікі шмат якіх праектаў Белтэлерадыёкампаніі.

Такія змены ў праекце невыпадковыя. Раней Вольга сама прымала ўдзел у праграме і займала высокія прыступкі хіт-парада. Кірыл, у сваю чаргу, ствараў для праграмы "Наперад у мінулае" арыгінальныя аранжыроўкі і даваў новае жыццё забытым песням…

Нагадаю, што Вольга Сацюк - першая ўдзельніца міжнароднага дзіцячага конкурсу "Еўрабачанне" ад Беларусі. У 2003 годзе ва ўзросце дзесяці гадоў яна заняла на ім 4-е месца. Менавіта пасля гэтай падзеі пачалася яе тэлевізійная кар’ера: Вольга стала вядучай музычных праектаў медыяхолдынга - Усебеларускага тэлеконкурсу юных талентаў "Сузор’е надзей" і дзіцячага тэлевізійнага адборачнага конкурсу "Песня для Еўрабачання". У ліку іншых праектаў, на якіх яна працавала, праграма "Вас выклікае Спартландыя!" і міжнародны дзіцячы конкурс "Славянскі базар у Віцебску". У творчай біяграфіі Вольгі Сацюк таксама ўдзел у гуртах "Краскі", Prіme Band і іншых музычных і тэлевізійных праектах.

У сваю чаргу Кірыл Ермакоў - папулярны музыкант, таленавіты аранжыроўшчык, малады кампазітар, уладальнік шматлікіх прэмій рэспубліканскіх і міжнародных вакальных конкурсаў. Тэлегледачам і радыёслухачам Кірыл добра вядомы як удзельнік і фіналіст рэспубліканскага конкурсу "Песня для Еўрабачання" (Белтэлерадыёкампанія), а таксама як лаўрэат і пераможца рэспубліканскага творчага радыёконкурсу "Маладыя таленты Беларусі" (Першы нацыянальны канал Беларускага радыё).

Вядучы скончыў музычную школу па класе скрыпкі і Рэспубліканскую музычную гімназію-каледж пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі па спецыяльнасці "Харавое дырыжыраванне". Зараз Кірыл атрымлівае вышэйшую адукацыю аранжыроўшчыка.

Кожны тыдзень Вольга і Кірыл будуць агучваць вынікі хіт-парада народных беларускіх песень у сучаснай апрацоўцы і прадстаўляць увазе тэлеаўдыторыі новыя кампазіцыі.

Нагадваем, што прагаласаваць за ўпадабаных артыстаў і песні ў іх выкананні можна на сайце тэлеканала "Беларусь 3": www.3belarus.by.