У Гродзенскай вобласці пачаў вяшчанне тэлеканал "Беларусь 4. Гродна"

16.10.2015

"Звязда"

У эфіры прадстаўлены выпускі навін, папулярныя праграмы вытворчасці абласной тэлерадыёкампаніі, айчынныя і замежныя фільмы і серыялы.

Жыхары Гродзенскага рэгіёна могуць глядзець новы тэлеканал па інтэрактыўным тэлебачанні ZALA і ва ўсіх сетках кабельных аператараў ва ўсіх раёнах вобласці штодзённа з 7.00 да 23.00.

З новага года ў эфіры з’явяцца арыгінальныя праекты вытворчасці ТРК "Гродна", якія зробяць эфір больш разнастайным. Варта чакаць серыі вячэрніх ток-шоу з удзелам вядомых жыхароў вобласці і экспертаў, а таксама сумесныя праекты са студэнцкай моладдзю.

Гродзенская вобласць стала чацвёртай, дзе пачаў вяшчанне тэлеканал "Беларусь 4". 8 верасня новы рэгіянальны тэлеканал быў запушчаны на Магілёўшчыне, 25-га - у Гомельскім рэгіёне, 29-га - у Віцебску. Ідэя стварэння рэгіянальнага тэлеканала належыць Белтэлерадыёкампаніі і была падтрымана Міністэрствам інфармацыі Беларусі, а таксама аблвыканкамамі. "Беларусь 4" выступае платформай для ўсіх абласцей і выходзіць з указаннем рэгіёна.