У дзень выбараў Прэзідэнта краіны канал "Беларусь 1" зменіць фармат

09.10.2015

"Звязда"

11 кастрычніка ў дзень выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь галоўны тэлеканал краіны "Беларусь 1" будзе працаваць у фармаце вялікага інфармацыйнага канала, дзе эфір пачнецца раніцай у 7.05 і завершыцца ў тры гадзіны ночы.

"Навіны" ад Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі будуць выходзіць штогадзінна з 8.00 да 19.00. Больш за дваццаць карэспандэнтаў па ўсёй рэспубліцы ў рэжыме анлайн раскажуць пра ход галасавання, сітуацыю на выбарчых участках, настрой і актыўнасць выбаршчыкаў. Разам з імі ўсе ахвотныя змогуць сачыць за работай Цэнтральнай выбарчай камісіі і місій унутраных і міжнародных назіральнікаў, якія наведалі нашу краіну. Таксама чакаюцца прамыя ўключэнні з прэс-канферэнцый Цэнтрвыбаркама.

У 19.50 у эфіры - спецыяльны выпуск штотыднёвай інфармацыйна-аналітычнай праграмы "Галоўны эфір", у рамках якой выйдзе інфармацыйны канал "Выбары-2015" і праекты "Клуб рэдактараў" і "Буйным планам" з Маратам Маркавым. Гасцямі ў студыі ў гэты дзень будуць палітолагі і эксперты, у тым ліку замежныя, якія падзеляцца сваімі меркаваннямі аб ходзе выбарчай кампаніі. 12 кастрычніка "Беларусь 1" працягне сваё вяшчанне ў фармаце інфармацыйнага канала: тэлегледачоў чакаюць аператыўныя навіны, а таксама кампетэнтныя каментарыі спецыялістаў і экспертаў.