У добрай кампаніі

31.12.2015

"Звязда"

Эфір "Беларусь 1" будзе багатым на сюрпрызы: эксклюзіўныя прамыя трансляцыі, гучныя кінапрэм’еры, паказы любімых фільмаў, віншаванні ад вядучых канала…

Прыемным бонусам для гледачоў стануць спецыяльныя святочныя выпускі кулінарных праектаў на "Беларусь 1", у якіх вядучыя падзеляцца любімымі рэцэптамі да навагодняга стала. Так, 2 і 3 студзеня (10.15) у святочных выпусках праекта "50 рэцэптаў першага" гледачам будзе прадстаўлена наступнае меню: грудка гусака з ягадным соусам і баклажаннай ікрой, "Панна Кота" з кававым і ягадным соусамі, курыныя ножкі са шпінатам і шашлык з гародніны, селядзец "пад шубай" у новым выкананні.

Добры настрой галоўны тэлеканал краіны традыцыйна будзе падтрымліваць тэматычным кінапаказам. 31 снежня ў эфіры выйдзе меладрама "Гісторыя кахання, або Навагодні розыгрыш", а потым эстафету падхопяць фільмы "За два кіламетры ад Новага года", "Ёлкі", "Кухня ў Парыжы". Не дадуць засумаваць камедыя "Горка!", меладрама "Памылкі кахання" і фільм "Навагодняя жонка". Прыемным сюрпрызам для тэлеаўдыторыі стануць паказы спецыяльных святочных ролікаў з удзелам супрацоўнікаў тэлеканала.

На гэтым тэлевізійныя падарункі не скончацца. Новы год на "Беларусь 1" парадуе новымі арыгінальнымі праектамі ад Агенцтва тэлевізійных навін, парад якіх пачнецца ў канцы студзеня. У прыватнасці, у эфір выйдзе 4-ы сезон праекта "Лёс гігантаў", дзесяць серый якога будуць прысвечаны прадметам побыту, без якіх нельга было ўявіць наша жыццё на працягу многіх дзесяцігоддзяў, але якія сталі "ахвярамі" прагрэсу і адышлі ў нябыт…

Сюрпрызам стане і новае афармленне любімых праграм, сярод якіх "Галоўны эфір", "Клуб рэдактараў", "Буйным планам", "Форум", "Беларуская часінка", "Добрай раніцы, Беларусь!". Зменяцца не толькі дэкарацыі, але і напаўненне праграм. Акрамя гэтага, у планах АТН запуск новых праектаў. Таму атрымліваць падарункі гледачы "Беларусь 1" будуць і пасля Новага года - сачыце за эфірам і адзначайце навагоднія святы разам з галоўным каналам краіны!

Алена ДРАПКО.