У асеці сноп каляндры

01.07.2016
"Звязда"

Штотыдзень у эфіры тэлеканала “Беларусь 3” тэлевіктарына “Размаўляем па-беларуску”. Для таго, каб стаць яе ўдзельнікамі, неабходна зайсці на сайт tvrgomel.by або 3belarus.by і праз банер “Размаўляем па-беларуску” запоўніць заяўку на каманду з трох чалавек.Ну, а праверыць сваё веданне роднай мовы пасля таго, як праграма выйшла ў эфір, можна з дапамогай “Звязды”. Ці ведалі вы, што:

Буякі́ - ягадная расліна сямейства бруснічных. “Кусцікі буякоў і багунніку”, - чытаем у Анатоля Кудраўца. Расіяне скажуць: голубика.
Буса́к - жэрдка з металічным вастрыём і крукам на канцы. Бусак - гэта той самы багор.
Але́шнік - зараснік альховых кустоў, альховы лес. “Густы алешнік і месцамі лаза зялёнай сцяной аплялі азёрныя берагі з усіх бакоў”, чытаем у Платона Галавача.
Асе́ць - памяшканне пры гумне для сушкі снапоў. На Беларусі асець шырока існавала да пачатку XX стагоддзя.
Каля́ндра - расліна, якая выкарыстоўваецца як прыправа. Слова прыйшло да нас з лацінскай мовы. У рускай мове гэта “кориандр”.
Крысо - ніжняя частка адзежыны, палавіны якой спераду расхінаюцца. “Ляснік адхінуў крысо свайго кажуха, выняў акуляры”, - чытаем у Алеся Пальчэўскага. Крысо - тая самая пала́.
Дзірка ад абаранка - зусім нічога. Беларускія адпаведнікі: ні шыша, ні чорта, ні халеры, нічагусечкі. Рускія: дырка от бублика, ничегошеньки.
Рабіць пагоду - выконваць самую істотную ролю ў нечым, мець вырашальную ролю. Беларусы яшчэ скажуць: весці рэй, задаваць тон, іграць першую скрыпку. Рускія: командовать парадом. Словы “пагода” і “надвор'е” ў звычайным ужыванні раўназначныя. Выраз звязаны з дзейнасцю астролагаў, якіх трымалі раней пры французскім каралеўскім двары, бо яны нібыта не толькі прадказвалі пагоду, але і маглі на яе ўплываць.
Чарговыя выпускi тэлевiктарыны глядзiце ў эфiры “Беларусь 3” ранiцай кожную суботу.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.