Тыя ж i не толькi

07.04.2009
"Звязда", 7 апреля 2009 г.


Названыя паўфiналiсты рэспублiканскага дзiцячага конкурсу "Песня для Еўрабачання"
Гэты конкурс - нацыянальны беларускi адбор на дзiцячае "Еўрабачанне" - традыцыйна ладзiць Белтэлерадыёкампанiя. Паводле правiлаў, сёлета да ўдзелу ў iм дапускалiся аўтары i выканаўцы песень, якiм на момант падвядзення вынiкаў рэспублiканскага адбору павiнна быць не менш як 10, а на момант правядзення мiжнароднага конкурсу - не больш як 15 гадоў. Дасланыя песнi павiнны былi складацца з вершаў на рускай цi беларускай мове i музыкi, якiя раней нiколi не былi камерцыйна рэалiзаваныя, апублiкаваныя цi публiчна выкананыя. На адрас арганiзатараў паступiла 63 заяўкi. З iх пасля праслухоўвання прафесiйнае журы на чале з народным артыстам Беларусi Васiлём Раiнчыкам выбрала песнi для ўдзелу ў паўфiнале конкурсу, i ў апошнi дзень сакавiка назвала iмёны 17 шчаслiўчыкаў. Сярод iх - як вопытныя "байцы", якiя не першы год штурмуюць адбор, так i зусiм навiчкi, невядомыя шырокай публiцы.
Такiм чынам, у паўфiнале выступяць наступныя выканаўцы, якiх мы дзеля большай зручнасцi аб'ядналi па рэгiёнах:
- з Брэста i вобласцi - Салдакаева Юлiя "Белы парус", Цвяткова Вiкторыя "Белакрылыя мары" (Баранавiчы),
- з Вiцебска i вобласцi - квартэт: Бацяноўскi Кiрыл, Мiхалевiч Цiмур, Яцук Раман i Самуйлаў Раман - "Белыя птушкi",
- з Гомеля i вобласцi - Громава Дыяна i Землянiк Антон (Мазыр) "Гэй, хлопцы i дзяўчаты",
- з Гродна i вобласцi - Асланаў Магамед "Цiк-так", Гузiно Дыяна "Мару лятаць", Карповiч Лалiта "Пра лета" (Ваўкавыск), Лоўгень Уладзiслаў "Музыка свiтання", Наймовiч Ала "Марыць", Шульгiна Дар'я "Вогненныя ноты".
- з Мiнска i вобласцi - гурт "РоКi" (Валазнёў Раман i Ермакоў Кiрыл) "Толькi наперад!", Калафацi Палiна "Супермадэль", Ларчанка Злата "Баба-яга 2009" (Дзяржынск, в/г Станькава), Мяжэнная Кацярына "Толькi любоў", Петухоў Максiм "Школьныя вечарынкi", Пушнова Анжэлiка "Час танцаваць",
- з Магiлёва i вобласцi - Мурашка Кацярына "Дзень нараджэння".
2 красавiка ў Нацыянальным цэнтры музычнага мастацтва iмя Уладзiмiра Мулявiна члены журы i кансультанты па вакале, харэаграфii i сцэнiчных касцюмах правялi сустрэчу-праслухоўванне для канкурсантаў. І па яго вынiках у апошнi момант да шчаслiвага спiсу паўфiналiстаў дабавiлiся яшчэ два iмя - Юрый Дземiдовiч (Мiнск) з песняй "Казкi" i Палiна Клiшкова (Магiлёў) з кампазiцыяй "За зоркай". Прафесiяналы спачатку не вельмi верылi ў здольнасцi навiчкоў, аднак пасля праслухоўвання ўсе сумненнi адпалi - таленты, трэба даць дарогу.
Па вынiках паўфiналу конкурсу, якi запланавана правесцi ў чэрвенi ў форме гала-канцэрта, журы адбярэ для ўдзелу ў фiнале не больш як 10 кампазiцый. Фiнал "Песнi для Еўрабачання" прызначаны на верасень, i ў iм пераможцу вызначаць ужо сумесна - тэлегледачы i журы.