Тыя, хто можа, - пакажуць

28.11.2014
"Звязда", 28 лістапада 2014 г.

 
Сталі вядомыя імёны ўдзельнікаў народнага шоу "Я магу!". Папярэдні спіс паўфіналістаў, у які трапілі 120 нумароў, апублікаваў тэлеканал "Беларусь 1" на афіцыйным сайце www.tvr.by.
У ліку шчасліўчыкаў больш за ўсё прадстаўнікоў Мінскай, Брэсцкай і Гомельскай абласцей, а менш за ўсіх уразілі тэлевізіёншчыкаў кандыдаты з Гродна. Самым маленькім з "народных талентаў" усяго 3-4 гады, найстарэйшай удзельніцы - 82. Зрэшты, гэты спіс папярэдні, падкрэсліваюць арганізатары, бо на выпадак адмоў або дыскваліфікацый удзельнікаў ёсць пэўны рэзерв: усё ж падчас кастынгаў, якія прайшлі ва ўсіх рэгіёнах краіны, журы прагледзела больш за 700 нумароў.
Цяпер здымачная група праекта разам з паўфіналістамі прыступіла да стварэння, дапрацоўкі ці шліфоўкі творчых нумароў для будучага шоу. Непасрэдна ж здымкі стартуюць на пачатку 2015 года. Як плануецца, у эфір шоу "Я магу" трапіць 31 студзеня, і пачынаючы з гэтага дня, кожную суботу па вечарах будуць выходзіць 12 паўфінальных выпускаў. Фінал усенароднага спаборніцтва талентаў, у якім вызначыцца пераможца праекта, ён жа ўладальнік галоўнага прыза ў 100 мільёнаў рублёў, адбудзецца 25 красавіка.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.