Ты запісаўся ў ахвотнікі?

21.11.2014
"Звязда", 21 лістапада 2014 г.

 
Завяршаецца прыём заявак на нацыянальны адборачны тур "Еўрабачанне?2015".
Сёння, нагадваюць у Белтэлерадыёкампаніі, апошні дзень, калі можна каштоўнай бандэроллю даслаць сваю песню і заявіцца самому ў якасці ўдзельніка.
Праўда, канчатковую колькасць атрыманых заявак арганізатары нацыянальнага адборачнага тура пакуль што не агучваюць - як паказвае вопыт мінулых гадоў, ільвіная іх доля прыпадае якраз на апошні дзень (дата вызначаецца па паштовым штэмпелі). На раніцу чацвярга, як расказала "Звяздзе" кіраўнік нацыянальнага адбору Вольга Шлягер, у аргкамітэт іх паступіла ўжо некалькі дзясяткаў.
Паводле конкурснага палажэння, ужо 4-5 снежня прафесійнае журы правядзе праслухоўванне кандыдатаў і вызначыць да 15 выканаўцаў і калектываў, якія выступяць у фінале адбору. Сам жа фінальны канцэрт прызначаны на 26 снежня - ён пройдзе ў прамым эфіры ў фармаце тэлевізійнага канцэрта.
Нагадаем, пераможца нацыянальнага адбору сёлета будзе вызначаны па новых правілах. Агульны вынік галасавання за кожнага ўдзельніка будзе складацца з 8 ацэнак: 7 ацэнак - вынікі галасавання кожнага з членаў прафесійнага журы (іх імёны стануць вядомыя толькі падчас прамой трансляцыі фінальнага канцэрта), 1 ацэнка - вынік галасавання гледачоў. Той з фіналістаў, хто набярэ найбольшую колькасць балаў ад суддзяў і тэлегледачоў, і стане музычным дэлегатам Беларусі на 60?м Міжнародным конкурсе песні "Еўрабачанне?2015" у Вене (Аўстрыя).