Ты чуеш, як дыхаюць струны?

03.10.2014
"Звязда", 3 кастычніка 2014 г.

 
Паслухаць гітарныя пералівы і атрымаць асалоду, быць можа, не столькі ад складанай табулатуры і віртуозных прыёмаў ігры музыкантаў, колькі ад задушэўных песень, можна на канале "Беларусь 3" - у праграме "Подых струн", што прысвечана бардаўскай песні.
Не сакрэт, што для многіх сёння бардаўская песня - нешта архаічнае, што канула ў лету разам з папулярнымі ў савецкі час студатрадамі, няголенымі геолагамі-разведчыкамі і адной бляшанкай тушонкі на 20 "дзікіх" турыстаў. Насамрэч, мякка кажучы, усё не зусім так. Барды працягваюць пісаць і выконваць песні - проста кола ўдзельнікаў і прыхільнікаў гэтага руху звузілася, а сам ён існуе сёння нібы ў паралельнай рэальнасці, хіба зрэдку зазіраючы беднай папялушкай на баль шоу-бізнесу... Аднак людзі засумавалі па такіх душэўных, шчырых песнях, упэўнена выканаўчы прадзюсар тэлеканала "Беларусь 3" Алена Манькоўская: "У тым і сутнасць праграмы, каб пазнаёміць аўдыторыю з вялізным пластом культуры, які ляжыць на паверхні, але яго нельга памацаць, толькі адчуць душой".
Пабываўшы сёлета на фестывалі "Бард-рыбалка", тэлевізіёншчыкі натхніліся ідэяй пазнаёміць шырокае кола гледачоў з беларускімі бардамі. Практычна адразу для "Подыху струн" знайшоўся вядучы - артыст Анатоль Длускі, сам добра вядомы як выканаўца аўтарскай песні. А сярод яго гасцей - як барды, чые імёны на слыху (Алесь Камоцкі, Галіна і Барыс Вайханскія), так і менш вядомыя: Сяргей Гамаюнаў, дуэт Вадзім Мязецкі і Сяргей Антонаў і г.?д. Безумоўна, праграма не прэтэндуе на тое, каб "парваць" усе рэйтынгі. Хутчэй, гэта магчымасць пашырыць свой музычны кругагляд, адкрыць штосьці новае ці прыгадаць добра забытае старое. Словам, паводле трапнага выразу кансультанта праграмы, барда Вольгі Залескай, спроба "хоць так, хоць гэтак, хоць тушкай, хоць чучалам, але выйсці да гледача". Наўрад ці па "Подыху струн" вы адразу вывучыце тэпінг ці легата, або іншыя рэдкія прыёмы ігры на гітары - але затое зробіце "музычную паўзу" ў будзённай мітусні, пачуўшы пранікнёныя, шчырыя песні, якія можна выконваць каля вогнішча - і не толькі.
Выказаць свае меркаванні аб тым, хто такія сучасныя барды, падзяліцца сімпатыямі і антыпатыямі, задаць пытанні і зрабіць прапановы можна падчас эфіру, даслаўшы СМС-паведамленне на нумар 3800, або праз сайт тэлеканала www.3belarus.by. А ў выніковым выпуску праграмы, як плануецца, прагучыць своеасаблівы хіт-парад - тыя песні, якія набяруць найбольшую колькасць глядацкіх галасоў.

Калі: раніцай па нядзелях (паўтор - у панядзелак).
Дзе: "Беларусь 3".

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.