Твой тыдзень са "Сталіцай"!

05.04.2013
"Звязда", 5 красавіка 2013 г.

 
Па панядзелках у рубрыцы "Беларусам пра Беларусь" вядучая Вольга Нікольская расказвае пра традыцыйнае адзенне нашых продкаў (магерка, пасталы, намітка, сумачка - шабета, рознакаляровыя паясы). Прычым у кожным куточку Беларусі былі свае асаблівасці. Хто ведае, можа, пэўныя водгукі народнага беларускага строю мы часам можам сустрэць і ў сённяшняй модзе?
У аўторак рубрыка прысвечана традыцыйным беларускім абрадам, песням і гульням.
Па серадах даведаецеся пра рэчы, якія, на думку нашых продкаў, валодаюць магічнымі якасцямі, - гэта беларускія абярэгі і талісманы.
Поліўка, локшына, юшка з пеўня, кулага, медавуха - па чацвяргах вы пачуеце расказ пра традыцыйныя беларускія стравы.
Знакаміты фантаст Айзек Азімаў, прэзідэнт Ізраіля Шымон Перэс, вядомы дызайнер Ральф Ларэн, галівудская актрыса Скарлет Ёхансан - усе яны маюць беларускія карані. Пра сусветна вядомых людзей беларускага паходжання слухайце ў рубрыцы "Беларусам пра Беларусь" па пятніцах.
Па выхадных гучыць рубрыка вядучай Юліі Баранавай "Эліксір здароўя". У ёй вы знойдзеце адказы на пытанні: як абараніць сваю скуру ад халадоў, зрабіць менш балючым паход да стаматолага, чаму шкодна есці на рабочым месцы, як справіцца з ператамленнем, як у любым узросце быць бадзёрым.
...Дыназаўраў кланіраваць не атрымаецца: іх ДНК за некалькі мільёнаў гадоў цалкам знішчана... Меданосныя пчолы - строгія крытыкі, здольныя адрозніваць і ацэньваць мастацкія стылі... Апошнімі жывымі істотамі на Зямлі праз 2,8 мільярда гадоў будуць аднаклетачныя арганізмы, дрэйфуючыя ў гарачай і салёнай вадзе... Цікавыя звесткі з жыцця братоў нашых меншых прапануе вам рубрыка Алы Рыжэвіч "Вушы, лапы, хвост" па суботах і нядзелях.