Творчы марафон

19.12.2014
По сообщению "ЛіМ", 19.12.2014 г.

 
Восень - 2014 была багатай на культурныя падзеі. Яркія ўспаміны засталіся ад музычнага марафону і канцэрта ў Вялікай студыі Дома радыё, што ладзіліся да Міжнароднага дня музыкі. Арганізатар свята - канал "Культура" Беларускага радыё, ініцыятара абодвух праектаў - малады беларускі кампазітар, арганіст, аўтар і вядучы радыёпраграмы "Канцэртная зала" Віктар Кісцень. Зачароўвалі шэдэўры класічнай музыкі ў выкананні Сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі (дырыжор Юрый Караваеў). Пераможцы музычнага марафону атрымалі памятныя падарункі. 
А праз пэўны час святочны канцэрт можна было праслухаць і ў межах радыёпраекта "Канцэртная зала". Уразіў прымеркаваны да 150-годдзя Касцёла Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) Фестываль духоўнай музыкі "Залатагорская ліра". У праграме - шэсць канцэртаў. А распачаў фэст вечар арганнай музыкі ў выкананні салісткі канцэртнай залы Полацкага Сафійскага сабора Ксеніі Пагарэлай. 
Далей былі выступленні маладзёжнага гурта касцёла Laudans, канцэрт арганнай і вакальнай музыкі ў выкананні Аляксандра Хумалы і Вольгі Падгайскай. На вечарыне харавой музыкі адбылася прэзентацыя альбома кампазіцый Алены Абрамовіч (на словы святой Фаўсціны Кавальскай з удзелам хору "Голас душы" Мінскага касцёла святых Сымона і Алены пад кіраўніцтвам Таццяны Гажэўскай). 
Асаблівае ж захапленне выклікаў канцэрт камернай музыкі з удзелам Кацярыны Архіпавай (скрыпка), Наталлі Малышавай (віяланчэль) і Віктара Кісцяня (арган). Закрываў фестываль польскі арганіст Роберт Грудзень. Што да літаратурных падзей, то варта прыгадаць "Вечар паэзіі", які ладзіўся ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў межах "Музычнай гасцёўні" Таццяны Старчанка. Галоўным героем вечара стаў майстар мастацкага слова, радыёвядучы артыст Алег Вінярскі.

Валянціна ФІЛІПЕНКА.