"Цымба-бачанне" і Вена

03.03.2012
"Культура", 3 марта 2012 г.


"Еўрабачанне", як вядома, бывае не толькі песенным, але і класічным. Той конкурс, дзе спаборнічаюць маладыя акадэмічныя музыканты, праводзіцца ў Вене, папярэднічаючы адкрыццю Венскага фестывалю мастацтваў. Беларусь будзе ўдзельнічаць у ім другі раз. Сёлета нашу краіну прадставіць Аляксандра Дзенісеня - з беларускімі цымбаламі і Канцэрціна для цымбалаў, струннага аркестра і ўдарных Уладзіміра Кур'яна.
Пра гэтую дзяўчыну загаварылі, ледзь яна пачала вучыцца ў Рэспубліканскай гімназіі-каледжы пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Яе выкладчык Таццяна Сергіенка выхавала нямала выбітных майстроў інструмента. Дастаткова ўзгадаць хаця б Міхаіла Лявончыка, які, граючы на цымбалах джаз, набыў сусветную вядомасць. Але класічнае "Еўрабачанне" збірае музыкантаў толькі ва ўзросце да 19-і гадоў. І Саша Дзенісеня прэтэндавала на ўдзел у ім ужо два гады таму, калі ёй было 16. Тады абралі віяланчэліста Ваню Карызну, які пазней стаў лаўрэатам Міжнароднага конкурсу П.Чайкоўскага. І Саша засталася самай, бадай, яркай прэтэндэнткай "на будучыню".
На цяперашнім адборы, дзе акрамя яе ўдзельнічалі яшчэ дзве цымбалісткі і дзве флейтысткі, яна грала Канцэрціна ў суправаджэнні раяля. А ў Вене сыграе - з аркестрам. "Рэпетыцыя" ўжо была: яшчэ ў снежні яна выконвала гэты твор з Дзяржаўным камерным аркестрам Беларусі на чале з Яўгенам Бушковым. Ну, а конкурсная атмасфера ёй знаёмая даўно: яна - пераможца шматлікіх міжнародных конкурсаў, двойчы стыпендыятка і тройчы лаўрэат Гранд-прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Надзея БУНЦЭВІЧ.