"Цудоўная сямёрка" прыручыла лёд

20.11.2013
"Звязда", 20 лістапада 2013 г.


На тэлеканале "Беларусь 2" з 16 лістапада ўдзельнікі шоу "Цудоўная сямёрка" пачалі дэманстраваць свае таленты ў фігурным катанні.
Здымачная каманда супрацоўнічала з прафесійнымі фігурыстамі, а ўдзельнікі мелі толькі чатыры дні, каб асвоіць гэты від спорту. Спачатку яны праходзілі кастынг: падавалі заяўкі, а потым на практыцы даказвалі сваё жаданне. І нават тыя, хто на пачатку толькі на каньках больш-менш упэўнена стаяў, у выніку, выйшаўшы на лёд, паказвалі "характары", бралі харызмай.
- Мы працавалі з Лядовым палацам дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы па фігурным катанні, і прафесіяналы здзіўляліся, бо звычайна на рэалізацыю такіх праектаў, як у нас, патрабуецца не менш чым паўгода, - прызнаецца аўтар і рэдактар праекта Аксана Вечар.
Гледачоў чакае захапляльнае змаганне, дзе будзе месца і яркім вобразам, і эмоцыям. Не абышлося без яркіх момантаў і падчас здымак. Прычым па танальнасці яны былі розныя. Напрыклад, у фінале суддзя Наталля Іванова падышла неяк да стваральнікаў праекта і сказала, што яна ўсё лічыць удзельнікаў, а зразумець, чаму "Цудоўная сямёрка", не можа. Як аказалася, гэта з-за выбыцця некалькіх удзельнікаў шоу. Нехта, супаставіўшы свае сілы з рэальнасцю, адмовіўся, у іншых былі іншыя падставы. Так, напрыклад, планаваў выйсці на лёд Алег Пауля з групы "PALLADІUM", але ў першы дзень трэніровак ён упаў, давялося развітацца з шоу, бо ўрачы на два дні прапісалі яму пасцельны рэжым. Таму лічба сем напрыканцы праекта стала толькі ўмоўнай.
Як і ў першым сезоне, дзе былі паказаны спаборніцтвы па кёрлінгу, у камандах змагаюцца артысты, тэлевядучыя і гледачы. Думаецца, што прыхільнікам спявачкі Жанет, вядучага праграмы "Справа густу" Андрэя Бібікава, артысткі Моладзевага тэатра Настассі Бігбаевай будзе таксама цікава пабачыць іх у новых амплуа.
Пра перспектыву стваральнікі праекта гавораць асцярожна, каб не сурочыць. Аднак спадзяюцца, што ўдасца па аналогіі з першым сезонам зрабіць сем эпізодаў з рознымі відамі спорту, а потым сустрэцца з лепшымі з лепшых у суперфінале. Бо праца вартая, каб яе працягвалі, нават калі яна змяняе жыццё на некалькі дзён. У канцы ж усе непрыемнасці і цяжкасці забываюцца, а застаецца толькі лепшае...

Алена ДРАПКО.