Цi возьме Алег Шыбека сваю другую "Тэлевяршыню"?

03.11.2006
"Звязда", 3 ноября 2006 г.


Справа для сапраўдных мужчын не толькi гуляць у хакей, але i стварыць тэлевiзiйную праграму, якая б раскрыла ўсё, што хаваецца па-за матчамi, своеасаблiвую лядовую "кухню". Менавiта гэту глабальную мэту паставiў перад сабой аўтар новай спартыўнай перадачы "Хакей. Формула гульнi" на тэлеканале "ЛАД" Алег Шыбека.

Жадаў канкурэнцыі, а не выйшла

Гутарыць з вядучым да прагляду першага выпуску я не стала, каб не размаўляць упустую. Тым больш што iнакш немагчыма было параўнаць новае "дзiця" Алега Шыбекi з яго "першынцам", праграмай "Гарачы лёд" тэлеканала "СТБ", дзе ён раней працаваў. Нiякiх перадач-блiзнят не атрымалася, i, што цiкава, нават канкурэнтамi сваiх былых калег Алег не лiчыць, бо задачы перад сабой кожны ставiць розныя:
- Калi я працаваў у "Гарачым лёдзе", нават шкадаваў, што больш няма праграмы аб хакеi, - дзелiцца сваiмi думкамi вядучы, - бо канкурэнцыя дапамагае паляпшаць сваю працу, развiвацца. Таму зараз я вельмi рады, што ёсць "Хакей. Формула гульнi" на "ЛАДзе" i "Гарачы лёд" на "СТБ". Праўда нас наўрад цi можна назваць канкурэнтамi ў поўным сэнсе, бо перадачы рознапланавыя: у iх - iнфармацыйнага характару, а ў нас - аналiтычнага. З тымi журналiстамi, з якiмi я працаваў у "Гарачым лёдзе", мы, хутчэй, не канкурэнты, а людзi, якiя робяць адну справу, - расказваюць аб хакеi. Мы нават сазвоньваемся i дзелiмся ўражаннямi: што атрымалася, а што не выйшла.
На маю думку, першы блiн, якiм нас "пачаставалi" 30 кастрычнiка (гасцямi ў студыi сталi маладыя трэнеры), не выйшаў камяком, але i цалкам "рассмакаваць" яго не ўдалося, бо па адной "дэгустацыi" цяжка наогул зразумець, наколькi гэты новы тэлепрадукт "ядомы". Ды i сам аўтар застаўся незадаволены першай праграмай:
- Усе задумкi ўдалiся толькi на 40 працэнтаў, бо трэба яшчэ прыдаць праграме завершаны выгляд. Тую тэму, што мы разглядалi, не атрымалася раскрыць цалкам, бо за адведзены на перадачу час, паводле тэлевiзiйных законаў, гэта зрабiць цяжка, ды i нельга ж будаваць праграму толькi на адных размовах, бо так не будзе дынамiкi. Мяркую, што да тэмы "Маладыя трэнеры", як i да некаторых наступных, будзем вяртацца, каб разабраць iх больш поўна. Дарэчы, тэмы блiжэйшых праграм - "Новыя правiлы судзейства" i "Дзiцяча-юнацкiя школы".
На маё пытанне, цi не засмучае вядучага той факт, што праграма выходзiць на "ЛАДзе", а не на "Першым", рэйтынг якога больш высокi, той нават здзiвiўся: "А як можа быць iнакш? З гэтага сезона "ЛАД" ператварыўся з сямейнага канала ў спартыўна-забаўляльны, таму тут амаль усе спартыўныя перадачы, толькi топавыя турнiры засталiся на "Першым" (Лiга чэмпiёнаў, Формула-1).
Калi камусьцi з чытачоў цiкава, наколькi сам аўтар перадачы звязаны са спортам i хакеем у прыватнасцi, паведамляю: Алег Шыбека з задавальненнем гуляе з калегамi ў футбол i займаецца айкiдо. Чаму ж не прыдумаў праграму аб айкiдо? Вядучы прызнаўся, што нават не ўяўляе сабе, як гэта можна зрабiць.

У планах - ліцэнзія на трансляцыю НХЛ

Ацанiць "першы блiн" я папрасiла Аляксандра Казюкевiча, намеснiка галоўнага дырэктара галоўнай дырэкцыi спартыўнага вяшчання Белтэлерадыёкампанii. Паводле яго слоў, гледачы павiнны толькi радавацца з’яўленню ўнiкальнай у сваiм родзе праграмы "Хакей. Формула гульнi", бо яна ў адрозненне ад iншых перадач будзе не iнфармацыйнай, а публiцыстычнай. Канешне, ёсць свае цяжкасцi. "Пакуль не ўсё атрымлiваецца, бо занадта мала часу прайшло ад з’яўлення задумы i яе ажыццяўлення, - кажа Аляксандр Уладзiмiравiч. - Iснуюць некаторыя абмежаваннi. Напрыклад, асвятляць цiкавыя для аматараў гульнi матчы Нацыянальнай хакейнай лiгi мы пакуль не можам, бо не дазваляем сабе ўзяць нелiцэнзаванае вiдэа, а будуем праграму толькi на сваiм матэрыяле. Аднак, магчыма, у будучым набудзем права на трансляцыю НХЛ. Сярод праблем - недастатковы ахоп тэрыторыi краiны (нават "ТБЦ" у некаторых раёнах сталiцы iдзе лепей "ЛАДа"). Аднак той, хто хоча паглядзець праграму, знойдзе такую магчымасць".
Што ж, будзем сачыць за праграмай. Цiкава будзе даведацца, цi дапаможа "Хакей. Формула гульнi" Алегу Шыбеку ўзняцца на яго другую "Тэлевяршыню": на першым нацыянальным тэлевiзiйным конкурсе ён перамог з "Гарачым лёдам".

Iрына ПРЫМАК.