Цень у спякоту

15.07.2016 "Звязда"

Многія тэлевізійныя праграмы разам са сваімі стваральнікамі летам адпачываюць. Тэлевізійны варыянт гульні "Размаўляем па-беларуску" - таксама. Таму да верасня ў эфіры тэлеканала «Беларусь 3» будуць ісці паўторы папулярнай праграмы. Але ж стваральнікі паклапаціліся пра тых, хто не збіраецца прыпыняцца ў вывучэнні беларускай мовы, і падрыхтавалі арыгінальныя версіі друкаваных выпускаў.
Ці ведалі вы, што:
Цень на цень. Беларусы здаўна займаліся абменам, пра што сведчыць легендарная рэчка Менка, на якой нібыта першапачаткова пабудаваны Мінск. Нашы продкі, як пісаў Вацлаў Ластоўскі, мянялі дарагі бурштын, бабровыя, куніцавыя скуры на бронзавую зброю і літыя прыкрасы. Аднак людзі мянялі і мяняюць не толькі тавары. Змяняць можна сяброўства на каханне, сумленне на камфорт. Апошняе — абмен далёка не раўназначны, пра такі беларус скажа: змяняў быка на індыка. Калі ж адбываецца роўны абмен, без прыдачы, даплаты ці іншай якой кампенсацыі, па-беларуску скажам, што мяняем цень на цень. Паэтычнасці ў гэтым нямала: выраз «цень на цень» падкрэслівае любоў беларуса да абстрактных рэчаў, да так званай «лагоднай меланхоліі». Так што, мяняючы без даплаты, напрыклад, хату на хату, па-беларуску рамантычна адзначым: мяняем цень на цень.
Для тых, хто разважае пра свой удзел у тэлепраграме, нагадаем: каб стаць удзельнікамі, неабходна зайсці на сайт http://tvrgomel.by або http://3belarus.by і праз банер «Размаўляем па-беларуску» запоўніць заяўку на каманду з трох чалавек. Паўторы выпускаў тэлевіктарыны - у ранішнім эфіры «Беларусь 3» кожную суботу.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.