Ці то людзі, ці то лялькі

15.08.2014
"Рэспублiка", 15 августа 2014 г.

 
Віктар Аслюк - імя ў кінематаграфічным свеце вядомае. Ён аўтар каля двух дзясяткаў дакументальных фільмаў, адзін з самых тытулаваных беларускіх майстроў неігравога кіно, адзіны ў нашай краiне рэжысёр, які з'яўляецца правадзейным членам Еўрапейскай акадэміі кіно, і адзіны ў гісторыі айчыннага кінематографа лаўрэат еўрапейскага аналага "Оскара" - Прыза Еўропы.
"Драўляны народ" - так называецца дакументальны фільм Віктара Аслюка, які 20 жніўня ў 17.05 прапануе тэлегледачам канал "Беларусь 3".
Галоўны герой карціны - Мікалай Васільевіч Тарасюк. Яму пад 80. Ён жыве на ўскрайку Белавежскай пушчы, па сутнасці, адзіны карэнны жыхар у сваёй вёсцы, якая ператварылася ў дачны пасёлак. Імкнучыся вярнуць жыццё ў роднае сяло, Мікалай Васільевіч некалькі дзясяткаў гадоў выразае з дрэва фігуркі людзей і стварае з іх кампазіцыі, якія адлюстроўваюць будні і святы традыцыйнай вёскі: як сеялі, жалі, аралі, гулялі вяселле...
Сёлета фільм атрымаў Гран-пры IX Міжнароднага кінафестывалю мастацкіх рамёстваў у французскім горадзе Манпелье. Гэта пятая ўжо галоўная ўзнагарода карціны, якая ўдзельнічала ў больш чым дзесяці кінафорумах Беларусі, Расіі, Францыі, Італіі, Германіі, Канады. 

Ірына СВІРКО.