Ці стане "першы" першым?

15.09.2003
"Культура", 13 - 19 верасня 2003 г.


Будзем шчырымі, яшчэ зусім нядаўна многія нашы суграмадзяне абіралі айчыннае тэлебачанне, кіруючыся выключна сваім патрыятызмам. Але калі спраўдзяцца ўсе планы адносна новага сезона на Першым нацыянальным, яго будуць глядзець зусім па іншай прычыне: проста таму, што цікава.

Гэтыя планы былі агучаны кіраўніцтвам канала перад журналістамі на прэс-ланчы, што адбыўся 9 верасня. Месцам правядзення сустрэчы быў абраны шыкоўны гатэль "Мінск".
Да новага сезона "Першы" падрыхтаваўся не абы-як. Дзеля таго, каб скарэктаваць фармат вяшчання, былі праведзены грунтоўныя сацыялагічныя даследаванні беларускай тэлеаўдыторыі. Дзякуючы набыццю пакуль адзінай у нашай рэспубліцы перасоўнай спадарожнікавай станцыі, канал будзе мець магчымасць ладзіць прамы эфір з любога пункта краіны - а калі спатрэбіцца, дык нават з-за мяжы. А паколькі выпускі навін пачнуць выходзіць з інтэрвалам усяго ў гадзіну, цалкам магчыма, што большасць беларусаў будуць даведвацца пра самыя важныя падзеі дня менавіта з дапамогай АТН.
Не паменее і праграм, якія называюцца музычна-забаўляльнымі. Па словах генеральнага прадзюсера Уладзіміра Максімкава, канал будзе актыўна выкарыстоўваць свае магчымасці для развіцця беларускага шоу-бізнесу. "Кліп-абойма" мае атрымаць статус нацыянальнага хіт-парада, а ў "Скрыжаванняў Еўропы" сёлета не менш адказная функцыя - паспрыяць выбару беларускага ўдзельніка "Еўрабачання".
Належную канкурэнцыю сваім шматлікім расійскім адпаведнікам павінны скласці два абсалютна арыгінальныя для айчыннай медыяпрасторы забаўляльныя праекты. Адзін з іх - народны тэлесерыял "Мая краіна" - стварацца будзе не рукамі (ці, дакладней, галовамі) прафесіяналаў, а... выключна сіламі саміх гледачоў.
А належна апрабаванае на скандынаўскай аўдыторыі шоу "Аднакласнікі" дазволіць нашым "зоркам" прылюдна акунуцца ў атмасферу свайго дзяцінства і сталення ды разам са сваімі школьнымі сябрамі ізноў адчуць сябе вучнямі на ўроку. Дарэчы, тое, што гэта перадача будзе "вырабляцца" ў Беларусі па ліцэнзіі, з захаваннем усіх міжнародных юрыдычных норм - яшчэ адна важная інавацыя. Бо не сакрэт, што раней постсавецкія аналагі папулярных замежных шоу нярэдка бессаромна "здзіраліся".
Цывілізаваны падыход будзе прыменены і адносна мастацкіх фільмаў. Прычым дырэкцыя кінапаказу абяцае не толькі выпусціць на экраны самыя касавыя блокбастары, але і не абмінуць увагай патрэбы тых, хто аддае перавагу элітарнаму кіно - і ў апошняе хацелася б верыць найбольш ахвотна.
На жаль, спіс перадач на гісторыка-культурную тэматыку папоўніўся пакуль усяго адной пазіцыяй. У сваёй праграме "Адкрыты архіў" Алесь Матафонаў будзе распавядаць пра тыя падзеі ў беларускай гісторыі, якія па-ранейшаму стракацяць "белымі плямамі".
...Але наогул намаганняў дзеля таго, каб прызвычаіць гледачоў да першай кнопкі, прыкладзена будзе нямала. Што і нядзіўна - бо цяпер гэтаму каналу давядзецца вытрымліваць канкурэнцыю не толькі з расійскімі "тэлемонстрамі", але і з альтэрнатыўнымі яму айчыннымі праектамі - якія, дарэчы, таксама не спяць у шапку.
Апафеозам прэс-ланча стала з'яўленне вялікага торта з эмблемай канала, які напаўжартам быў ахрышчаны Максімкавым ягоным новым вобразам. Ці стане праграма "Першага" такой смачнай і каларыйнай, як той выдатны кандытарскі выраб? Пажывём - пабачым. На ўласных тэлеэкранах.