Ці не боязна парушаць табу?

07.02.2009
"Культура", 7 лютага 2009 г.


Запіс праграмы ўжо скончыўся, сафіты ў тэлестудыі пагаслі, але дыскусія ўсё ніяк не магла суняцца. Пацікавіўся ў вядучага ток-шоу "Ход у адказ", намесніка старшыні Белдзяржтэлерадыёкампаніі Аляксандра Мартыненкі, ці часта яму даводзіцца бываць сведкам гэткіх інтэлігентных жарсцяў. 
- Амаль кожны раз, - адказаў ён. - Бо супастаўленне розных, часам дыяметральна супрацьлеглых пазіцый - гэта сутнасць нашай праграмы. Таму і запрашаем у студыю людзей, якія маюць нагоду паспрачацца.
Але што рабіць у тым выпадку, калі эмоцыі ўжо, здавалася б, пераліваюцца цераз край? Калі ўдзельнікі праграмы настолькі захопленыя дыскусіяй, што нават не чакаюць мікрафону, каб выказацца? 
- У такіх выпадках мы абвяшчаем перапынак на рэкламу, - тлумачыць Аляксандр Мартыненка. 

Шчырасць або "умоўная ветлівасць"?

Дзякуючы такім праграмам, як "Ход у адказ", Першы канал ды і беларускае тэлебачанне наогул мае ўсе перспектывы істотна адкарэкціраваць свой кансерватыўна-"памяркоўны" імідж. Ток-шоу, якое, паводле статыстычных даследаванняў, выбірае каля чвэрці ўсіх тэлегледачоў, імкнецца знаходзіць самыя "балючыя кропкі" жыцця грамадства і адлюстроўваць іх без рэтушы. Удзельнікам праграмы перад пачаткам яе запісу псіхолаг дае ўстаноўку казаць тое, што яны сапраўды думаюць, дбаючы перадусім пра шчырасць, а не пра "дыпламатычную ветлівасць".
Праграма, на запісу якой давялося папрысутнічаць на мінулым тыдні, была прысвечана "табуяванай" лексіцы. Тэма сама па сабе падаецца табуяванай. Асабліва без асуджальна-дыдактычных інтанацый на пачатку. Ці не боязна было стваральнікам перадачы парушаць гэтае табу?
- Чаму табу? - лаканічна адрэагаваў на маё пытанне Аляксандр Мартыненка, даючы тым самым зразумець, што абмежаванняў у тэмах для яго праграмы папросту не існуе.
Але ж тут язык сам сабою прамаўляе наступнае пытанне: добра гэта або не? Ці кожная пазіцыя можа быць выказана ў студыйны мікрафон - тым болей, перад шматмільённай аўдыторыяй? I ці трэба гэты мікрафон прапаноўваць, напрыклад, тым, хто лічыць нармальнай справай вылаяцца матам на кіроўцу, які цябе "падрэзаў"?
Паназіраўшы за ходам спрэчак у студыі, я стаў схіляцца да станоўчага адказу. Бо менавіта праўдзівы погляд на праблему дазваляе гледачу ўбачыць яе рэалістычна, без фальшу і самападману. Ды, адпаведна, задумацца - у тым ліку, і над уласным маўленнем. Пакуль стаўленне да тэмы праграмы ў многіх трошачкі крывадушнае (маўляў, публічна асуджаюць, а ў прыватнай абстаноўцы...), праблема "забруджвання вушэй" наўрад ці вырашыцца.
Менавіта прага неяк пасадзейнічаць яе вырашэнню змусіла многіх вядомых людзей прыйсці ў студыю. Знакаміты акцёр Уладзімір Гасцюхін шчыра прызнаўся, што на здымках кінастужак раз-пораз моцныя слоўцы гучаць  вядома, толькі ў самыя эмацыйныя моманты творчага працэсу. Але калі гэтыя лексічныя адзінкі несупынна льюцца з вуснаў падлетка ў трамваі, мэтру экрана карціць адрэагаваць па-мужчынску рэзка.
Наконт лаянкі ў трамваі кансенсус паміж супраціўнікамі нецэнзурнай лексікі і яе апалагетамі быў даягнуты.
 
Ці не зашмат даверу па гпедача?
 
Ток-шоу - своеасаблівы аналаг старадаўніх рытарычных спаборніцтваў. I, адпаведна, удзел у ім патрабуе пэўных навыкаў публічнай дыскусіі. Запытаў у Аляксандра Мартыненкі, які сродак больш эфектыўны - пераканаўчыя аргументы або нястрыманая экзальтацыя эмоцый.
- Можна крычаць і лаяцца, але гэта не абазначае, што ты кагосьці пераканаеш, - адказаў ён. - А можна спакойна выказаць сваю пазіцыю і быць не толькі пачутым, але і зразуметым. I, паразважаўшы, гледачы з табой пагодзяцца. Увогуле, канцэпцыя нашай праграмы - шахматная гульня. Адпаведна, яна прадугледжвае інтэлігентную размову, аргументаваныя выказванні, а не голыя эмоцыі. Звычайна гэтага прынцыпу ўдаецца прытрымлівацца. Ну, а глядач хай сам вырашае для сябе, з кім яму пагаджацца, а з кім - не.
Асноўны пасыл ток-шоу "Ход у адказ" я б наважыўся сфармуляваць такім чынам: прыватныя меркаванні, да якіх чалавек дайшоў сваім роздумам, праз уласныя развагі, куды больш істотныя за агульнавядомыя "прапісныя ісціны", не здатныя нават зачапіць свядомасць сучаснага чалавека, нашпігаваную розным інфармацыйным друзам.
Але ці не зашмат даверу да гледача? Ці не боязна, што ў выніку ён прыйдзе да нейкіх "не тых" высноваў? 
- А чаму мы павінны баяцца? - адказваючы, Аляксандр Мартыненка зноў быў лаканічны.
I сапраўды, той, хто працуе на тэлебачанні, мусіць не толькі любіць свайго гледача, але і яму давяраць. I не лічыць яго выключна спажыўцом такога тыпу, якому можна падаваць толькі гатовыя да ўжывання і дбайна разжаваныя высновы.
 
Выказаць думкі ўголас 

Безумоўна, у такім вострасацыяльным ток-шоу, як "Ход у адказ", дамінуе тэма, а не героі. Аднак і "чалавечы фактар" тут нельга абмінуць увагай. 
У лік гасцей праграмы пра "табуяваную лексіку" патрапілі не толькі эстрадныя зоркі (магчымасцю бачыць іх на тэлеэкране мы і без таго не абдзелены), але і акцёры, літаратары, філолагі, культуролагі... Узроставая амплітуда прысутных таксама была самай шырокай.
На правах тэлегледача (а менавіта яны вызначаюць тэматычную палітру праграмы, дасылаючы свае пажаданні) прапаную неяк абмеркаваць у тэлестудыі такую праблему: калі на Беларусі паболее сваіх "культурных герояў"? Або тут можа быць і іншая фармулёўка: калі героі беларускай культуры стануць шырокавядомымі не толькі ў вузкім коле? Самы распаўсюджаны адказ на гэтае пытанне не цяжка адгадаць: тады, калі айчынных творцаў будуць рэгулярна паказваць па тэлевізары.
Прыемна, што яны ўсё часцей і часцей завітваюць у вядомы гмах на Макаёнка. I ўдвая прыемней, што іх запрашаюць не толькі для ўдзелу ў "спецыялізаваных" перадачах. Тым болей, гэты выпуск праймтаймавага ток-шоу пераканаў, што погляд людзей культуры на агульнаграмадскія праблемы варты таго, каб да яго прыслухаліся.
Зрэшты, тут ёсць і яшчэ адна акалічнасць. Беларускія знакамітасці прызвычаіліся з'яўляцца перад вачыма публікі "белымі і пухнатымі". Казаць услых пра свае слабасці - тую ж рэакцыю на няздараў-кіроўцаў - у нас не заведзена. Ці лёгка ўдаецца "разнявольваць" удзельнікаў ток-шоу? 
- Складана, - прызнаецца Аляксандр Мартыненка. - Але мы ставім перад сабой задачу пераканаць людзей быць перад камерай шчырымі. Бо сутнасць тэлебачання менавіта ў тым, каб чалавек мог выказаць сваю думку. Так, менавіта сваю! 

Аляксандр Мартыненка - удалы прыклад "трэнера-гульца", які спалучае пасаду намесніка старшыні Белтэлерадыёкампаніі з роляй тэлевядучага. Пагадзіцеся, іпастасі гэтыя прыкметна розняцца паміж сабою.
- Я скончыў факультэт журналістыкі і не хацеў бы пакідаць сваю ўлюбёную справу, якія б пасады ні займаў, - тлумачыць ён такі сімбіёз. - Да таго ж, беручы ўдзел у вытворчасці тэлепрадукту, я магу ўбачыць гэты працэс знутры, і зразумець, як яго можна ўдасканаліць.
Адзін з бліжэйшых выпускаў ток-шоу "Ход у адказ" будзе прысвечаны такой складанай тэме, як ментальнасць беларусаў. Задума адлюстраваць яе ў такім фармаце - яшчэ адно сведчанне добрых амбіцый айчынных тэлевізійшчыкаў. 
- Паспрабуем разам знайсці адказ на пытанне, якія мы, і чаму мы такія, якія мы ёсць, - кажа Аляксандр Мартыненка. - Пагаворым і пра культуру, і пра мову абавязкова...
Таму з характарыстыкай айчыннага тэлебачання як "памяркоўнага" і "беспраблемнага" Аляксандр Мартыненка катэгарычна не згодны: 
- Часцей глядзіце Першы канал, і вы самі пераканаецеся ў адваротным. Мы робім нармальнае сучаснае тэлебачанне!
 
Ілля СВІРЫН.