Трымайся, "Еўрабачанне" - беларусы iдуць!

04.11.2003
"Звязда", 4 лістапада 2003 г.


Напрыканцы кастрычнiка афiцыйна стартаваў нацыянальны адборачны конкурс выканаўцаў, якiя прэтэндуюць на тое, каб прадстаўляць Беларусь на фестывалi эстрадных выканаўцаў "Еўрабачанне". Арганiзатар конкурсу - Белтэлерадыёкампанiя, якая з’яўляецца адзiным з усiх беларускiх СМI членам Еўрапейскага вяшчальнага саюза - а ён у сваю чаргу выступае арганiзатарам "Еўрабачання". Нагадаю, у маi наступнага года ў Турцыi наша краiна будзе ўдзельнiчаць у азначаным творчым спаборнiцтве ўпершыню - дзякуючы змененым правiлам.
Дасылаць свае заяўкi, неабходныя дакументы i запiсы песень максiмальнай працягласцю 3 хвiлiны - на СD або мiнi-дысках (на беларускай/рускай i англiйскай мове) могуць абсалюна ўсе жадаючыя, якiя з’яўляюцца грамадзянамi РБ i на момант правядзення нацыянальнага конкурсу маюць поўных 16 гадоў. Верхняй узроставай планкi, гэтак жа як i iншых абмежаванняў па полу, сацыяльнаму статусу, прафесii, - не iснуе. Стос заявак, якiя можна падаваць да 14 снежня ўключна, праглядае i праслухоўвае кампетэнтнае журы (назваць яго склад пайменна на Белтэлерадыёкампанii пакуль што адмовiлiся, але вядома, што ў журы ўваходзiць 10 чалавек, сярод якiх - кандыдатуры ад Мiнiстэрства культуры, Мiнiстэрства iнфармацыi i самой Белтэлерадыёкампанii), на плечы якога ўскладаецца каласальны аб’ём работы. У вынiку працэдурай тайнага галасавання будзе адабрана 15 выканаўцаў, якiя ўдзельнiчаюць у фiнальным зборным канцэрце; ён будзе запiсаны, зманцiраваны ў парадку жараб’ёўкi i 31 студзеня наступнага года паказаны па БТ. Тут ужо справа за гледачамi - прамым iнтэрактыўным галасаваннем па тэлефоне i праз Iнтэрнэт вызначыць лепшага з 15. Дакладней, нават двух лепшых: асноўнага выканаўцу i дублёра. Гэта "ноу-хау" тэлевiзiйнiкi прапанавалi на ўсякi выпадак, каб выключыць усе непрадбачаныя нечаканасцi да самага выхаду на сцэну - а раптам нашаму канкурсанту злосныя зайздроснiкi насыплюць дробнага шкла ў каву? Жарт, канешне, але перасцярога не пашкодзiць.
Падкрэслiваю: на другiм этапе - адбору двух з пятнаццацi - журы ўжо права голасу не мае, хiба што дае прафесiянальныя каментарыi. Зроблена гэта наўмысна, каб пазбегнуць лабiравання чыiх бы там нi было iнтарэсаў, i каб рашаючым не аказаўся густ канкрэтнага члена журы. Як быць, калi нехта не зможа паглядзець тэлеверсiю канцэрта? Спяшаюся заспакоiць: кiраўнiк "Радыус-FM" Юрый ЦАРОЎ урачыста паабяцаў, што i канцэрт, i ўсе конкурсныя песнi паасобку, а таксама iнтэрв’ю з выканаўцамi будуць транслiравацца на хвалях гэтай радыёстанцыi. "Мы спрабуем прыцягнуць увагу слухачоў да самога факта iснавання "Еўрабачання" ўжо зараз, каб яны зразумелi, што ўдзел Беларусi ў конкурсе - гэта вялiзны прарыў", - зазначыў Юрый Мiкалаевiч. Акрамя таго, Палажэнне аб нацыянальным адборачным конкурсе, склад журы i ўсе iншыя паведамленнi на гэты конт будуць рэгулярна змяшчацца ў "Советской Белоруссии" (яна - афiцыйны iнфармацыйны партнёр), i ў нашай газеце, канешне, таксама.
З афiцыёзам, здаецца, усё зразумела. Пераходзiм да разваг i пытанняў, якiя заканамерна з’яўляюцца ва ўсiх неабыякавых да айчыннай музыкi, i кампетэнтных адказаў на iх.

Цi знойдуцца годныя?

Менавiта гэта трывожная i не пазбаўленая падстаў думка адной з першых прагучала на сустрэчы з прадстаўнiкамi Белтэлерадыёкампанii, адказнымi за правядзенне нацыянальнага адборачнага конкурсу. "Значыць, пытанне стаiць так: цi знойдзецца 15 годных удзельнiкаў-выканаўцаў з 10-мiльённай еўрапейскай краiны?! - абурыўся генеральны прадзюсар Першага нацыянальнага тэлеканала Уладзiмiр МАКСIМКАЎ. - Мне здаецца, пытанне рытарычнае. Я - абсалютна ўпэўнены. Нават сярод ужо знаёмых iмёнаў, на мой суб’ектыўны погляд, можна назваць мiнiмум дзесятак годных кандыдатаў".
Дарэчы, тут ёсць ма-аленькая, але заўважная праблемка. Паводле Палажэння аб конкурсе, песня-кандыдатка не павiнна быць камерцыйна рэалiзаваная - гэта значыць перададзеная ў тэле- i радыёэфiр, а таксама распаўсюджаная праз сетку Iнтэрнэт i прададзеная на любых iнфармацыйных носьбiтах - да 1 кастрычнiка. Чытай: песня павiнна быць абсалютна новая, адпавядаць патрабаванням фармату (еўрапейская поп-музыка з элементамi нацыянальнага каларыту) i пры ўсiм тым настолькi якасная, каб "зачапiць" 10 мiльёнаў чалавек...
"Мы разлiчваем, што пад канец года ў многiх выканаўцаў назбiралася шмат нявыдадзеных рэлiзаў, - заўважыў Юрый Цароў, - так што, думаем, удзельнiкаў назбiраецца дастаткова".

Што лiчыць нацыянальным каларытам?

Гэта пытанне лагiчна вынiкае, калi ўпершыню чуеш пра фармат песнi. Калi фольк- i этнагурты адпавядаюць азначэнню "нацыянальны каларыт" на сто працэнтаў, то назваць iх творы "еўрапейскай поп-музыкай" язык не паварочваецца. I наадварот, у большасцi песень сучасных беларускiх поп-выканаўцаў нацыянальным каларытам i не пахне... У песнi Сертаб Эрэнер - пераможцы мiнулага "Еўрабачання" - выразна чуецца цi то нешта кшталту "а-ля Таркан", цi то водгукi турэцкага маршу; а што можна назваць выключна беларускiм, адметным нацыянальным каларытам - шчыра кажучы, адназначна вырашыць цяжка.
"Што лiчыць нацыянальным каларытам у нашай краiне? - перапытвае Уладзiмiр Максiмкаў. - Вось гэта называецца "паставiць у тупiк назаўжды"... Ну, думаю, спрачацца нiхто не будзе, што грузiнскiя мелодыi не з’яўляюцца элементамi НАШАГА нацыянальнага каларыту. Ды i ўвогуле, гэта, мне здаецца, даволi суб’ектыўны i неабавязковы крытэрый: можа быць, у песнi будзе ўсяго тры "нацыянальныя" ноткi, а можа - цэлы прыпеў...". Словам, элемент пажаданы, але не лёсавызначальны; галоўнае, каб чалавек - прабачце, песня - добрая была.

А грошыкi знойдзем?

Не сакрэт, што ўдзел у "Еўрабачаннi" - задавальненне надзвычай дарагое. Аднак з удзелам Беларусi, дакладней, з фiнансавым яго бокам, праблем не будзе: "Мы багатая магутная кампанiя", - без лiшняй сцiпласцi заўважыў Уладзiмiр Максiмкаў. Ну каму ж, як не генеральнаму прадзюсару, лепш тое ведаць...
Дарэчы, звярнiце ўвагу: грошы будуць укладзены не толькi ў сам удзел, але i ў падрыхтоўку беларускiх канкурсантаў да выхаду на еўрасцэну. Хто б нi перамог - пачатковец цi папулярны выканаўца - з моманту "iкс" пачнецца сур’ёзная работа: серыя майстар-класаў, у якiх выкладаць будуць не толькi айчынныя, але i спецыяльна запрошаныя замежныя прафесiяналы сцэнiчнага маўлення, пластыкi, акцёрскага майстэрства i г.д. Па вялiкаму рахунку, за даволi кароткi час чалавека або гурт навучаць "падаваць сябе" гледачу найлепшым чынам. Акрамя таго, спецыялiсты Белтэлерадыёкампанii зманцiруюць i вышлюць у аргкамiтэт "Еўрабачання" клiп i вiдэаверсiю сцэнiчнага выступлення нашага пераможцы (з гэтага потым робiцца "вiзiтоўка" ўдзельнiка, каб не прапаноўваць публiцы "ката ў мяшку").
Праўда, робячы сваёй зорцы фiнансавыя "ўлiваннi", Белтэлерадыёкампанiя не забываецца i на ўласныя iнтарэсы: многа даючы, многага i патрабуе. У прыватнасцi, не толькi пераможца нацыянальнага адборачнага этапу, але i кожны з 15 фiналiстаў заключае дагавор аб перадачы Белтэлерадыёкампанii да трансляцыi адборачнага канцэрта ўсiх маёмасных аўтарскiх правоў на конкурсную песню. Акрамя таго, у вынiку перамогi канкурсант падпiсвае дамоўленасць, паводле якой перадае выключныя правы на ствараемыя iм аўтарскiя творы i эксклюзiўнае супрацоўнiцтва з Белтэлерадыёкампанiяй на працягу трох гадоў. Для некага гэта - гарантаваная ратацыя ўсiх наступных песень i мiльганне ў тэлеэфiры, для некага - жорсткая ўмова не працаваць "на два фронты". А вы што думалi: за магчымасць стаць нацыянальным героем i зоркай еўрапейскага ўзроўню давядзецца хоць i ўскосна, але плацiць!

Цi магчыма ўгадаць, што спадабаецца еўрапейцам?

Упершыню - заўсёды крыху боязна, датычыцца гэта ранiшнiка ў дзiцячым садку цi ўдзелу ў прэстыжным мiжнародным конкурсе. I (хоць гэта малаверагодна) так хочацца спадабацца ўсiм без выключэння! А гэта наогул магчыма? Узгадайце спробы Расii, якая ўсё значыцца то ў дзесятцы, то ў пяцёрцы, а то i ў тройцы лепшых, але - не на першым месцы! А, напрыклад, Швецыя, якая збольшага не прапануе нiчога новага, эксплуатуючы неўмiручы iмiдж гурта "Абба", трывала застаецца ў лiку лiдараў... Парадокс.
Супрацоўнiкi Белтэлерадыёкампанii пацвердзiлi, што пэўныя высновы з выступлення канкурсантаў ад Расii i Украiны спецыялiстамi зроблены, i пры падрыхтоўцы беларускай "зоркi" пралiкi i дасягненнi абавязкова будуць улiчвацца. Аднак агучыць гэтыя самыя высновы больш падрабязна нiхто чамусьцi не пажадаў: маўляў, на "Еўрабачаннi" павiнна быць меркаванне цэлай краiны, а не перавагi асобных прадзюсараў. "Наша задача - тэлебачання, радыё, друкаваных СМI - у тым, каб зрабiць сумеснымi намаганнямi з абранага выканаўцы нацыянальнага героя. Прычым незалежна ад вынiку выступлення. Бо ў любым выпадку само з’яўленне беларускага выканаўцы на еўрапейскай сцэне - гэта прарыў!".
Напэўна, пралiчыць перамогу ў "Еўрабачаннi" - гэта ўсё ж утопiя, прычым не толькi для нашай усходняй суседкi Расii, але i практычна для любой еўрапейскай краiны. Гэта ўсё ж не выключна камерцыя, але i творчасць, i часам абсалютна нелагiчны крок можа прынесцi большы поспех, чым цалкам прадуманае i выверанае рашэнне.
Што ж датычыцца, напрыклад, мiнулагодняга трэцяга месца дуэта "ТаТу", то, напэўна, нiкога не трэба пераконваць, што для гурта важная была не перамога, а "раскрутка" абсалютна канкрэтнага праекта. Схема ў плане менеджменту спрацавала проста бездакорна: прыехалi, наскандалiлi, атрымалi вельмi нядрэнную адзнаку, з’ехалi зноў жа са скандалам - прадалi дадаткова 500 тысяч дыскаў i ўзнялiся ў хiт-парадах яшчэ трошкi вышэй! ..Сёлета, кажуць, - а кулуарныя чуткi часта аказваюцца праўдзiвымi - Расiю прадставiць трыо "Вiа Гра" (украiнскага, мiж iншым, паходжання, але ў маштабах Еўропы гэта такая дробязь)... Цi зможам пацягацца?

А калi "лажанемся"?

- Ну што ў вас за ўпаднiцкi настрой! - перадражнiвае прагнозы скептыкаў Уладзiмiр Максiмкаў. - Лепш не будзем удзельнiчаць, а калi будзем - то не даедзем, а калi даедзем - то на сцэну не выйдзем, а калi выйдзем, абавязкова "аблажаемся", а калi "аблажаемся" - то ў дадатак да ўсяго не вернемся, папросiм палiтычнага прытулку! Гэта няправiльная схiльнасць! Трэба ж ставiць сабе задачы максiмум: першае месца (няхай не ў арыфметычным сэнсе, а так, каб вы самi заўважылi: вось, класна выступiлi, гэта каласальны поспех для нашай краiны!). Давайце прымусiм Еўропу любiць беларускую музыку, тым больш, нам ёсць што паказаць.
- А вы не баiцеся, што галасаванне на "Еўрабачаннi" iдзе па геапалiтычнай прымеце: хто з кiм сябруе, хто ў якiм блоку, - i за Беларусь прагаласуюць толькi славянскiя i постсавецкiя краiны? - не магу стрымацца я.
- Я не хацеў узнiмаць гэту тэму, але вы самi канстатавалi факт. У прынцыпе, кожны такога кшталту конкурс, асаблiва еўрапейскi, не пазбаўлены палiтычнай афарбоўкi. Да гэтага неабходна ставiцца спакойна. Наша задача - проста выйсцi i сапраўды годна "вякнуць". А калi Еўропа вырашыць, што па палiтычных прычынах за нас не трэба галасаваць - гэта праблемы Еўропы...
- Тым больш, - дадае Юрый Цароў, - калi нас падтрымаюць усе былыя рэспублiкi Савецкага Саюза i ўсе краiны - удзельнiцы СЭУ, то, думаю, большасцю галасоў мы выйграем.
...Ну, я таксама шчырая аптымiстка i патрыётка, але загадзя абяцаць выйсцi i закiдаць публiку саламянымi капелюшамi - балазе, на ўсю Еўропу хопiць - напэўна, не стану. Давайце спачатку скажам "А-а"... Цi з якога там гуку пачынаецца наша песня?

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.