Трымаем курс на "Еўрабачанне"!

16.08.2014
"Звязда", 16 жніўня 2014 г.

 
У сценах Белтэлерадыёкампаніі адбылося лёсаванне выступленняў фіналістаў рэспубліканскага дзіцячага конкурсу "Песня для Еўрабачання".
Юныя выканаўцы выцягнулі нумары, пад якімі выступяць 29 жніўня ў вялізным шоу, а таксама зняліся ў відэавізітоўках, якія прадставяць артыстаў гледачам. Дарэчы, лёсаванне праходзіла сімвалічна: нумары хаваліся ў рознакаляровых карабліках, адзін з якіх стане для свайго ўладальніка шчаслівым і "павязе" яго на востраў Мальта, дзе і адбудзецца дзіцячае "Еўрабачанне?2014".
Адказны 1?ы нумар дастаўся 11?гадовай брастаўчанцы Юлі Левінай, а закрываць конкурсны канцэрт выпала Ані Зайцавай - дарэчы, летась мінчанка выцягнула такі ж самы парадкавы нумар. Самая юная фіналістка, Уладзіслава Дарашэвіч з Мінска, выйдзе на сцэну пад нумарам 4. Адзінаму сёлета дуэту, брату і сястры Ксеніі і Паўлу Лашчэўскім са Слоніма, дастаўся нумар 8.
...Для многіх з іх гэта ўжо не першая спроба штурмаваць міжнародны песенны конкурс; Надзя Місякова і Аня Зайцава з Мінска, Ангеліна Піпер з вёскі Астрамечава Брэсцкай вобласці летась ужо выступалі ў фінале нацыянальнага адбору; мінчанін Антоній Канаплянік і прадстаўніца Маладзечна Дар'я Атрошанка дайшлі да фіналу ў 2012 годзе. Але хто сказаў, што з вопытам хвалявання менш? У памкненні выступіць лепш за ўсіх артысты, здаецца, гатовы гадзінамі адточваць кожны рух і ноту, а некаторых даводзілася ледзь не прымусова адпраўляць адпачываць.
Побач з дзецьмі перажывалі дарослыя - педагогі па вакале, харэографы і бацькі ўдзельнікаў, якія прадстаўлялі ў тэлестудыі свае конкурсныя нумары кіраўнікам праекта. Па выніках гэтага папярэдняга прагляду некаторыя канкурсанты атрымалі рэкамендацыі адносна стылю выступлення, працы над дэталямі і канчатковай шліфоўкі нумароў.
"Практычна ўсе нумары ўдзельнікаў ужо гатовы,?- адзначае кіраўнік рабочай групы нацыянальнага адборачнага туру дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне?2014", выканаўчы прадзюсар галоўнай дырэкцыі тэлеканала "Беларусь 1" Людміла Барадзіна.?- Але пэўныя заўвагі ёсць заўжды, бо часам некаторыя папярэднія рэкамендацыі педагогі і бацькі ўспрымаюць занадта літаральна. Напрыклад, галоўны харэограф-пастаноўшчык шоу Вольга Шамрова на праглядзе выказала некаторыя парады наконт таго, што ў нумарах варта адкарэктаваць, каб у вакалістаў не збівалася дыханне. Але ў асноўным усе папярэднія заўвагі членаў журы ўлічаны, што вельмі радуе.
Прыемная дэталь: у фінальным шоу 3 з 10 прадстаўленых песень прагучаць на беларускай мове. А вось англійскую (яе, паводле правілаў дзіцячага "Еўрабачання", у тэксце дапускаецца да 25%) рашылі выкарыстаць толькі двое юных артыстаў. Хто з іх найлепшым чынам пройдзе не толькі вакальны і танцавальны, але яшчэ і псіхалагічны іспыт і заваюе сэрцы як публікі, так і прафесійнага журы, даведаемся ўжо 29 жніўня. Прамую трансляцыю шоу будуць весці тэлеканалы "Беларусь 1" і "Беларусь 24".

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.

Дарэчы

Як стала вядома "Звяздзе", на фінальны канцэрт беларускага нацыянальнага адбору на дзіцячае "Еўрабачанне" прыедуць прадстаўнікі Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза - заснавальніка і арганізатара міжнароднага конкурсу. Таксама паглядзець, як працуе беларуская каманда, і пераняць вопыт жадаюць прадстаўнікі Венгрыі - гэтая краіна яшчэ ніколі не ўдзельнічала ў дзіцячым "Еўрабачанні".
Нагадаем, у міжнародным конкурсе, які ў апошнія некалькі гадоў звузіў узроставыя рамкі, могуць прымаць удзел юныя артысты, якім споўнілася не менш за 10 і не больш за 15 гадоў. Дзіцячае "Еўрабачанне?2014", якое пройдзе 15 лістапада ў горадзе Валета (Мальта), збярэ канкурсантаў як мінімум з 14 краін, якія пацвердзілі свой удзел, у тым ліку ўпершыню - з Італіі і Чарнагорыі.