Тры аркестры на адной плошчы

05.05.2005
"Культура", 5 мая 2005 г.


Разам з прадстаўнікамі іншых творчых прафесій свой унёсак у вялікае свята Перамогі зрабілі і беларускія тэлевізійшчыкі. Прычым іх роля зусім не будзе абмяжоўвацца адно аператыўным асвятленнем святочных падзей - сёлета "майстры блакітнага экрана" як ніколі актыўна спрычыняцца і да стварэння новых яркіх эпізодаў урачыстасцей. Пра што сведчаць хаця б гэтыя два праекгы Белтэлерадыёкампаніі.

"Паклонімся вялікім тым гадам"
7 мая стане абсалютна незвычайным днём вяшчання для каналаў Белтэлерадыёкампаніі. Замест суботніх перадач і фільмаў гледачам будзе прапанаваны шматгадзінны марафон "Паклонімся вялікім тым гадам". На Першым нацыянальным канале ён пачнецца а сёмай раніцы і скончыцца разам з гукамі дзяржаўнага гімна, які завяршае тэледзень. "Лад", "Беларусь-ТБ" і ўсе "радыёпадраздзяленні" НДТРК таксама ўключацца ў гэтую акцыю.
Галоўным месцам дзеяння стане студыя С-600 - найвялішы павільён Белтэлерадыёкампаніі. Менавіта адтуль будзе весціся прамы эфір, менавіта туды запрошаны шматлікія госці - сярод якіх, безумоўна, шмат ветэранаў Вялікай Айчыннай. Але з дапамогай сучаснай тэхнікі марафон здолее ахапіць не раўнуючы ўсю Беларусь. Падчас яго правядзення запланаваны шматлікія ўключэнні з самых розных пунктаў, раскіданых па ўсёй краіне. Асаблівай увагай, вядома, будзе надзелена Брзсцкая крэпасць.
Марафон ставіць перад сабой канкрэтную задачу - збор сродкаў на рэканструкцыю Брэсцкай крэпасці.

"Плошча Перамогі"
Гэтая канцэптуальная імпрэза ўжо добра запомнілася гледачам - летась яна стала адным з кульмінацыйных момантаў святкавання 60-годдзя вызвалення Беларусі, а на "Тэлевяршыні" згадвалася ў галоўнай намінацыі конкурсу - "Тэлепраект года". Сёлета плануецца яшчэ больш грандыёзны (і па задуме, і па ўзроўні ўвасаблення) працяг арыгінальнай ідэі рэжысёраў-пастаноўшчыкаў Надзеі Гаркуновай і Уладзіміра Ісата. Адно з самых знакавых месцаў на Беларусі - Плошча Перамогі - увечары 9 мая ізноў стане пляцоўкай для сінтэтычнай дзеі, акрэсленай яе аўтарамі як "гала-канцэрт". Акрэсленай вельмі ўмоўна - бо звыклыя азначэнні будуць тут, мяркуючы па ўсім, не зусім дакладнымі.
Пра маштаб праекта і смеласць яго ідэі перш-наперш сведчыць... нават не светлавое абсталяванне, якое будзе яшчэ лепей, чым летась, і колькасць задзейнічаных у імпрэзе людзей (больш за сто!). Абсалютна арыгінальным сцэнарным ходам стане тое, што на імправізаванай сцэне адначасова будуць размешчаны ажно тры аркестры - з трох усходнеславянскіх рэспублік! Сімфанічныя калектывы Белтэлерадыёкампаніі і маскоўскага тэатра "Новая опера" ды Акадэмічны дзяржаўны сімфанічны аркестр Украіны павінны чаргавацца паміж сабой нават падчас выканання адной кампазіцыі, падхопліваючы ноту літаральна "з лёту". А дырыжорам давядзецца ладна пашпацыраваць па плошчы, скіроўваючыся ад аднаго аркестра да другога. Нядзіўна, што гэтая функцыя даверана сапраўдным прафесіяналам - Феліксу Корабаву (Расія), Уладзіміру Сірэнка (Украіна) ды нашаму суайчынніку Міхаілу Казінцу.
Здзіўляе і праграма гала-канцэрта, якая ізноў уключае не толькі музычныя, але і літаратурныя творы. Калі мінулым разам у яе аснове была стылізаваная пад рэтра эстрада і песні ваенных часоў, цяпер аўтары і музычны кансультант праекта народны артыст Беларусі Аляксандр Анісімаў знайшлі абсалютна іншыя сродкі раскрыцця тэм вайны і Перамогі - сродкі, куды больш метафарычныя.
Музычная частка праграмы бадай поўнасцю складзеная з класікі. Прычым толькі некаторыя з яе пунктау наўпрост дапасаваныя да праблематыкі апошняй вайны (у іх лік, натуральна, патрапіў фрагмент 7-ай сімфоніі Шастаковіча). Іншыя нумары гала-канцэрта - перліны са скарбонкі гісторыі музыкі: Чайкоўскі, Пракоф'еў, Мусаргскі, Глінка, Пятроў, Глебаў. Плюс трохі падзабытыя - хаця і незабыўныя - "хіты" мінулых пакаленняў. "Мой Нёман" і "Квітней, Беларусь" прагучаць у выкананні салістаў Беларускай оперы.
Паводле задумы аўтараў, знітоўваючыся паміж сабой, гэтыя размаітыя музычныя фрагменты павінны ўтвараць у свядомасці публікі цэласны эмацыйны калаж. Менавіта на эмацыйным, невербальным узроўні двухгадзінная імпрэза паспрабуе перадаць адчуванні людзей, на чыю долю выпала перажыць выпрабаванне вайны і радасць перамогі.
Гала-канцэрт нібы абрамляе царкоўны звон у выкананні ансамбля школы званароў Мінскага Епархіяльнага ўпраўлення. Адметна, што званы прагучаць "жыўцом", а не ў запісе - іх усталююць наўпрост на плошчы. Гэтыя гукі, што лунаюць над нашай зямлёй вось ужо цягам тысячагоддзя, дзівосным чынам будуць спалучацца ў адной праграме са звышсучаснымі лазернымі эфектамі.

Ілля СВІРЫН.