Трапілі ў дзясятачку

21.06.2013
"Рэспублiка", 21 июня 2013 г.

 
Вызначаны ўдзельнікі фіналу рэспубліканскага дзіцячага конкурсу "Песня для "Еўрабачання".
Прафесійнае журы на чале з народным артыстам Беларусі кампазітарам Эдуардам Зарыцкім вызначыла ўдзельнікаў фіналу конкурсу "Песня для "Еўрабачання", які з'яўляецца нацыянальным адборачным турам Міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2013". Усяго ў адрас Белтэлерадыёкампаніі паступіла 53 заяўкі. Да разгляду прафесійным журы былі дапушчаны 48. Пяць заявак (адна з Беларусі і чатыры з Расіі) былі адхілены.
- Мы атрымалі заяўкі не толькі з Беларусі, але і з Расіі: адну з Масквы, адну з горада Міжрэчанска Кемераўскай вобласці і дзве з Новасібірска, - распавяла кіраўнік рабочай групы нацыянальнага адборачнага тура дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2013", выканаўчы прадзюсар тэлеканала "Беларусь 2" Людміла Барадзіна. - Гэтыя 4 заяўкі журы не разглядала, паколькі, на жаль, яны не адпавядаюць умовам, прапісаным у Палажэнні аб правядзенні рэспубліканскага дзіцячага конкурсу "Песня для "Еўрабачання", дзе сказана, што да ўдзелу ў ім дапускаюцца грамадзяне Рэспублікі Беларусь, а таксама замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь (не менш за два з паловай гады).
У выніку фіналістамі адборачнага тура сталі дзесяць юных выканаўцаў: Ангеліна Піпер (Брэсцкая вобл., в. Астрамечава), Ксенія Церашонак (г. Мінск), Ігар Мураўкін (Мінскі р-н, п. Калодзішчы), Руслан Асланаў (Мінскі р-н, в. Тарасава), Уладлен Іваноў (Магілёўская вобл., г. Бабруйск), Даная Шаршавіцкая (Мінская вобл., г. Барысаў), Юлія Мажылоўская (г. Мінск), Ганна Зайцава (г. Мінск), Ілья Волкаў (г. Мінск), Надзея Місякова (г. Мінск).
Як удакладнілі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі, фінал рэспубліканскага конкурсу пройдзе ў верасні і будзе трансліравацца ў прамым эфіры тэлеканала "Беларусь 1". Паслядоўнасць выступленняў удзельнікаў вызначыць жараб'ёўка. Пераможца фіналу прадставіць нашу краіну на Міжнародным дзіцячым конкурсе "Еўрабачанне-2013" у лістападзе ў Кіеве.

Ірына СВІРКО, "Р".