Тэлезорка Алесь МАТАФОНАЎ: "Мне хочацца, каб беларусы хутчэй пачалі сябе больш паважаць і разумець"

26.06.2010
"Звязда", 26 июня 2010 г.



ДАВЕДКА "ЗВЯЗДЫ"
 
Алесь МАТАФОНАЎ нарадзіўся ў 1977 годзе ў Барысаве. Скончыў Універсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці "драматургія", Беларускі калегіум па спецыяльнасці "Журналістыка", Рэжысёрскія тэлевізійныя курсы ў Санкт-Пецярбургу. Ад 1998 года працуе на тэлебачанні, стварыў 6 аўтарскіх праектаў. Цяперашні цыкл фільмаў "Лабірынты" ідзе ўжо тры гады.
Алесь Матафонаў хоча дапамагчы беларусам ведаць і ганарыцца сваёй гісторыяй.
У Старым Архэі над Днястром у Малдове бывала шмат беларусаў, у тым ліку іераманах Бельчыцкага манастыра ў Полацку Варсанафій.
Замак у Белгарадзе, збудаваны нашымі продкамі, называлі "Ключ ад Літвы": тут сканчалася тэрыторыя Вялікага Княства "ад мора да мора".
У Крыме можна пабачыць такую вось беларускую хату: беларусы жывуць тут ужо 200 гадоў.
У 1621 годзе ва ўкраінскім Хоціне загінулі тысячы беларусаў у бітве з татарамі. Тут памёр таксама вялікі ваявода Ян Караль Хадкевіч.
Найбольшага росквіту замак у Камянцы дасягнуў пад кіраўніцтвам нашага Вялікага князя Вітаўта.
Алесь Матафонаў вядомы нам па цыкле гістарычных перадач "Лабірынты" на тэлеканале "Лад", які ідзе ўжо тры гады. Дагэтуль былі іншыя цыклы - "Адкрыты архіў", "Біяграфія слова", "Алхімія слова", "Маем рэчы"... Мая бабуля пра такіх, як Алесь Матафонаў, часам кажа: "І адкуль ён усё ведае - такі малады!?" Сапраўды - і адкуль?..

"Я драматург - павінен хадзіць па тэатрах і спрачацца з рэжысёрамі"

- Спадар Алесь, калі глядзіш перадачу "Лабірынты" па тэлевізары, то няма адчування, што вы проста чытаеце напісаны тэкст. Адчуванне, што вы распавядаеце ўсё прадумана, засяроджана і з глыбокім разуменнем справы. Адкуль гэтае разуменне?
- Я стараюся самастойна вывучаць кожную тэму. Канешне, мне дапамагаюць сябры, калегі - часта гэта прафесіяналы з навуковымі ступенямі. Яны мне дапамагаюць зарыентавацца ў гэтай навуковай прасторы. А я пасля сам задаю пытанні і спрабую на іх адказаць. Таму, відаць, у перадачах і прасочваецца мой асабісты погляд на некаторыя гістарычныя падзеі. Я не стаўлю кропку ў канцы кожнай перадачы, не спрабую падвесці рысу, не спрабую адказаць на тыя пытанні, на якія ніхто не адказваў. Я, хутчэй, такі праваднік па гэтым лабірынце - лабірынце нашай памяці.

- Аднак, наколькі я разумею, вы з адукацыі не гісторык?..
- Ну так, я з адукацыі - драматург, павінен сядзець за сталом і пісаць п'есы, хадзіць у тэатр і спрачацца з рэжысёрамі... Але так не склалася, хаця літаратура для мяне заўжды была цікавая - ад моманту, як навучыўся чытаць. З дзяцінства марыў напісаць штосьці цікавае, і ў часе свае вучобы тое-сёе напісаў. Але на сённяшні дзень я звязаўся з тэлебачаннем, зрабіў ужо пару сотняў навукова-папулярных, гістарычных, асветніцкіх перадач.

- Калі вы з адукацыі драматург, то павінны фантазіраваць, рабіць не перадачы, а шоу! А ў вашых перадачах назіраецца наадварот часам дакументальная дакладнасць, уедлівасць. Гэта вашая супярэчлівая натура ці вы проста перапрафіляваліся?
- Сапраўды, можна закінуць мне такі папрок, што перадачы пазбаўленыя дынамічнасці, мастацкага вырашэння. Мне здаецца, якраз гэта прысутнічае ва ўсіх іншых перадачах - і яны ў гэтым падобныя. Я нават ужо пазнаю актораў і тых маладых рыцараў, якія вось так з аднае перадачы ў другую гуляюць: адныя і тыя ж рыцарскія касцюмы, адныя і тыя ж руіны. Мне ж хочацца рабіць нешта сваё. І я задаволены, што ёсць людзі, якім гэтая перадача падабаецца, якія тэлефануюць, лістуюць і просяць запісаць выпускі перадачы. Але, на жаль, нашая кампанія яшчэ не занялася выпускам перадачы на дысках, гэта юрыдычнае пытанне. Аднак ведаю, што ў інтэрнэце перадача "гуляе".

"Спачатку рабіў перадачы "Зварка", "Парашковая металургія"...

- Спадар Алесь, "Лабірынты" - не першы ваш цыкл перадачаў. Усё пачыналася на іншым канале і пад іншымі назвамі. Давайце згадаем пачатак.
- Я працую на тэлебачанні ад 1998 года, калі прыйшоў сюды на практыку, а ў 1999 мяне ўзялі ў штат. Пачыналася ўсё ў навукова-папулярнай рэдакцыі БТ. Я тады спрабаваў пісаць сцэнары для такіх навукова-папулярных перадач як "Зварка", "Парашковая металургія". Адкрываю вам сакрэт - раней не казаў пра гэта. Зрабіў таксама колькі перадачаў, прысвечаных школе... Потым я ўцягнуўся ў сённяшнюю тэматыку, прыдумаў свой першы цыкл - "Цені і постаці". Гэта быў такі гістарычны цыкл, які прадвызначыў маю далейшую працу на тэлебачанні. Былі яшчэ праекты "Біяграфія слова", "Алхімія слова", "Маем рэчы", "Адкрыты архіў", цяпер вось - "Лабірынты". Хачу адзначыць з гонарам, што з "Лабірынтамі" мы завяршаем трэці тэлесезон, за гэты час зрабілі 56 фільмаў.

- Усе гэтыя цыклы - ярка заўважнай культурніцка-гістарычнай, нацыянальнай тэматыкі. Гэта - вашая ініцыятыва ці "дзяржзаказ"?
- Вядома, мая ініцыятыва. Я яшчэ са студэнцкіх гадоў зацікавіўся нашай гісторыяй, хаця сам беларус напалову - мой бацька нарадзіўся ва Украіне, а ягоны бацька - на Далёкім Усходзе. Матафонавы жывуць пераважна ў Забайкаллі, былі там нават казакі з такім прозвішчам. Маці мая нарадзілася ў Беларусі, я таксама - і сябе лічу беларусам. Беларусы - вельмі цікавая нацыя, вельмі маладая, якая сябе яшчэ стварае, шукае, усведамляе. І гэты працэс мне хочацца паскорыць, каб беларусы пачалі сябе больш паважаць і разумець.

- Але так здараецца, што часам гісторыя не такая прыгожая і выгадная, як нам хочацца. Часам даводзіцца даказваць, што Наваградак - першая сталіца ВКЛ, што нейкаму там будынку 500 гадоў, а не 100. Ці не лічыце вы, што ў некаторых выпадках дапушчальна "ўпрыгожваць" гісторыю, ствараць свой нацыянальны міф - як гэта робяць некаторыя нашыя суседзі?..
- Я згодны, што такі нацыянальны міф ствараць трэба - каб беларусы ганарыліся тым, дзе яны жывуць і якую гісторыю маюць. І выязджаючы за межы Беларусі, каб яны з гонарам казалі, адкуль яны. Але часам беларусы, якія хочуць паказаць багацце нашай гісторыі, пачынаюць даводзіць гэта агрэсіўна. І часам змагаюцца за праўду, кідаючыся на амбразуру. Трэба ганарыцца тым, што ў нас ёсць цяпер. Так, у нас была Вільня, якая была калыскай дзяржаўнасці, цэнтрам культуры, мастацтва. Але так склалася, што цяпер Вільня не нашая. І не трэба забываць, што там стваралася і польская, і літоўская, і яўрэйская культура таксама. Мінск і Вільня - гэта сёння дзве вялікія розніцы. А быў час, калі яны былі вельмі падобныя... Давайце засяродзімся на тым, што мы маем цяпер: у нас ёсць Полацак, Наваградак, нашыя мастакі, кампазітары, літаратары... І калі ў цябе пытаюцца, калі быў пабудаваны Крэўскі замак - трэба казаць праўду, што ў XІV стагоддзі, а не выдумляць, што яму 1000 гадоў. Ад гэтага ён не стане менш значным! Шкада толькі, што будынкаў, у якіх адбыліся гістарычныя падзеі, усё менее і менее ў нашай краіне, яны знікаюць...

"Тыя, хто пачынаюць размаўляць па-беларуску - яны адкрываюць іншы свет"

- У перадачы пра Наваградак вы пасеялі сумніў сярод тых, хто перакананы: гэты беларускі горад быў першай сталіцай ВКЛ. Нашто? Што за тыповая беларуская рыса - шукаць кампраміс, балансаваць, калі ў падобных пытаннях нашыя суседзі літаральна "цягнуць на сябе коўдру"?!
- І што мы гэтым дасягнем, да чаго мы прыйдзем? Нацягнем коўдру і будзем драўляным мячом адмахвацца ад усіх? Я заўважыў, што такія спрэчкі і бойкі ідуць ад "калягістарычных" людзей, а сапраўдныя навукоўцы ладзяць дыскусіі, спрачаюцца, абмяркоўваюць - і прыходзяць да нейкіх пагадненняў, высноваў. Я таксама ў перадачы хачу дыскусаваць, а не казаць, што нехта там памыляецца, а толькі мы маем рацыю. Гэта была б размова з самімі сабою.

- За тры сезоны перадачы былі зробленыя нейкія гістарычныя адкрыцці?
- Такіх каб ажно адкрыцці - то не. Я раблю перадачу не для гісторыкаў-прафесіяналаў - яны большасць з гэтага і так ведаюць. А я хачу, каб нашую гісторыю ведаў кожны глядач, кожны беларус. Таму стараюся выбіраць такія цікавосткі, якія прыцягнуць увагу шырокага кола гледачоў. Але арыентуюся найперш на сябе - бо сам хачу шмат пра што даведацца. І калі мяне гэта прывабіла, зацікавіла - то зацікавіць і яшчэ некага. Удалося знайсці шмат цікавага. Мы распавялі, напрыклад, пра Оскара Мілаша - гэта французскі паэт-сімваліст, які стаў класікам. А нарадзіўся ён у Чарэі пад Чашнікамі. Мы зрабілі перадачы пра шматлікія архітэктурныя помнікі Беларусі, якія сёння знаходзяцца не ў найлепшым стане. Мы зрабілі перадачу пра парэшткі апошняга караля Рэчы Паспалітай у мястэчку Воўчын, якія былі пахаваныя там таемна. Мы расказалі пра святыя абразы і крыніцы, культавыя камяні на Беларусі - дзе яны знаходзяцца, чаму яны шануюцца людзьмі і лічацца святымі. Мне здаецца таксама, што беларуская мова - гэта сістэма знакаў, праз якую мы спазнаем гэты свет. І тыя, хто пачынаюць размаўляць па-беларуску - яны адкрываюць іншы свет. Таксама і з іншымі мовамі: вывучыш англійскую - і таксама адкрыеш іншы свет. А тут не трэба вучыць - пачынайце размаўляць па-беларуску, і генетычная памяць сама прынясе вам словы з глыбіні стагоддзяў! Беларуская мова ніколі не знікала! Яна, як і ўся наша гісторыя, ходзіць па лабірынце - лабірынце нацыянальнай памяці. Пра гэта і ёсць мая перадача. Прачытаўшы шлях таго лабірынта, што быў перад намі, мы адкрываем дарогу тым, хто будзе пасля нас.

Глеб ЛАБАДЗЕНКА.